Па сцяжынках Уладзіміра Караткевіча

Разам з беларускім фатографам і мастаком Уладзімірам Цвірко мы здзейснілі займальную вандроўку — наведалі ўлюбёныя мясціны беларускіх пісьменнікаў.



Дом дзеда Уладзіміра Караткевіча — Васіля Грыневіча, дзе пісьменнік адпачываў і ў якім напісаў свае лепшыя творы


Падарожжа распачалося з райцэнтра Карма — пасёлка, які вядомы з XVII стагоддзя. Тут нядрэнна захаваліся гаспадарчыя будынкі XIX стагоддзя, якія належалі Быкоўскім. Але ад некалі прыгожай цаглянай Свята-Мікалаеўскай царквы, пабудаванай у 1831 годзе, засталіся руіны.

Далей наш маршрут пралягаў на Рагачоўшчыну, з якой звязаны жыццёвыя і творчыя шляхі такіх пісьменнікаў Беларусі, як Ядвігін Ш. (нарадзіўся ў былым Рагачоўскім павеце), Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Міхась Лынькоў і яго брат Рыгор Суніца, Мікола Сурначоў, Мікола Купрэеў, Анатоль Вярцінскі, Алена Васілевіч, Васіль Ткачоў.

У вёсцы Доўск Рагачоўскага раёна ўражвае сваёй прыгажосцю царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы, якая была пабудавана ў 1863–1864 гадах у рэтраспектыўна-рускім стылі. Вёска Доўск — буйны вузел аўтамабільных дарог, праз яе праходзяць трасы Магілёў — Гомель і Бабруйск — Слаўгарад. Вядома, што ў ХІХ стагоддзі праз Доўск неаднаразова праязджалі паэты Аляксандр Пушкін і Тарас Шаўчэнка. А па Кацярынінскім шляху, які некалі злучаў Маскву і Варшаву, праз Доўск праязджала і расійская імператрыца Кацярына.


На возеры Святое


Па дарозе на Рагачоў мы не маглі прамінуць возера з дзівоснай назвай Святое, якое знаходзіцца ля вёскі Турск. На беразе мясцовыя жыхары паведалі нам легенду, што калісьці тут узвышалася царква, якая правалілася пад зямлю, і на яе месцы з’явілася возера. Цікава, як гэта ў свой час замшэлыя атэісты не назвалі возера Святое імем якога-небудзь камуністычнага дзеяча? Хапіла ж у іх розуму перайменаваць вышэйшую кропку Беларусі — гару Святую — у гару Дзяржынскую.

У наваколлі вёскі Хадасовічы мы не змаглі адшукаць старажытныя курганы, над якімі раней папрацавалі даследчыкі. Уладзімір Цвірко ведаў, што недзе тут, побач з вёскай, знаходзяцца нямецкія могілкі. Блуканні па сасновым лесе прывялі нас да вялізнай паляны, на якой мы налічылі больш за 300 драўляных крыжоў. На крыжах — надпісы з імёнамі і прозвішчамі нябожчыкаў на нямецкай мове і даты нараджэння і смерці. Амаль усім ім было па 20 гадоў.


Нямецкія могілкі ля вёскі Хадасовічы


Вядома, што на Рагачоўшчыне ў часы вайны ішлі жорсткія баі. Паблізу Хадасовічаў засталося шмат безыменных магіл. Мясцовыя ўлады і грамадзяне Германіі знайшлі парэшткі салдат і перапахавалі іх. У гэтых мясцінах былі магілы не толькі нямецкіх, але савецкіх салдат, так што гэтыя могілкі атрымаліся інтэрнацыянальнымі. На іх адкрыццё прыязджаў пасол Германіі ў Беларусі спадар Хорст Вінкельман. Мінулая вайна і сёння трымае нас у сваіх абдымках...

Пасля мы трапілі ў маляўнічую вёску Кісцяні, што месціцца на беразе Дняпра і ўпершыню згадваецца ў XVI стагоддзі. Уражвае прыгажосцю старажытны ландшафтны парк, закладзены ў XVIІІ стагоддзі. Некалі тут быў прыгожы замак, дзейнічаў бровар, школа для сялянскіх дзетак, дзёгцевы завод, вадзяны млын, руіны якога мы даследавалі, існавала прыстань — прыгожая мясціна, якую не хацелася пакідаць. Але нас чакаў старажытны Рагачоў.

Рагачоў упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1142 годзе. У горадзе шмат розных архітэктурных помнікаў: будынкі былой земскай управы, былой дваранскай вучэльні, касцёл святога Антонія Падуанскага, тры цагляныя капліцы на праваслаўных могілках. У горадзе нам давялося аб’язджаць шэраг будаўніча-рамонтных пляцовак — вялася інтэнсіўная работа па добраўпарадкаванні горада, каб годна сустрэць шматлікіх гасцей, якія наведаюць горад на Дзень беларускага пісьменства.

Горад адметны яшчэ і тым, што ў ім падоўгу жыў і напісаў свае самыя лепшыя творы выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Канешне, нарадзіўся ён у Оршы, жыў у Мінску, але на адпачынак заўсёды прыязджаў да свайго дзядулі Васіля, які жыў у драўляным доме на ціхай вуліцы імя Чкалава. Сёння гэта вуліца носіць імя Уладзіміра Караткевіча. Нам не давялося шукаць яе доўга, жыхары горада добра ведаюць яе. Дарэчы, сюды ў госці да Караткевіча прыязджаў яго сябра народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Побач з домам дзеда Васіля ляжыць вялізны помнік — валун з выявай пісьменніка. Магчыма, з цягам часу гэтаму дому будзе нададзены статус музея Караткевіча, а на адной з вуліц Рагачова з’явіцца яму помнік.


Рагачоў. Магіла Тамаша Грыневіча, удзельніка паўстання 1863–1864 гадоў, дальняга сваяка Уладзіміра Караткевіча


Пісьменнік вельмі любіў наведваць маляўнічыя куточкі Рагачоўшчыны, часта выбіраўся на рыбалку на Дняпро. Яго дзед Грыневіч, бацька маці пісьменніка, Надзеі Васільеўны, стаў прататыпам аднаго з герояў рамана «Каласы пад сярпом тваім». У «Ладдзі роспачы» пісьменнік апісваў сярэднявечны Рагачоў і яго жыхароў, а дзеянне аповесці «Сівая легенда» адбываецца ў замку маёнтка Кісцяні. У сям’і Караткевічаў таксама захавалася паданне пра Тамаша Грыневіча, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў, які быў расстраляны царскімі расійскімі ўладамі ў Рагачове. Тамаш Грыневіч прыходзіўся сваяком пісьменніку з боку маці. Мы наведалі яго магілу, якая знаходзіцца побач з праваслаўнымі могілкамі.


Палац у вёсцы Красны Бераг


Пасля знаёмства з Рагачовам мы выправіліся ў Жлобінскі раён. Цікавыя ўражанні засталіся ад наведвання адной са старажытнейшых вёсак Беларусі — вёскі Стрэшын, якая згадваецца ў летапісах з 1123 года, і якую ўпрыгожвае Пакроўская царква, пабудаваная ў 1807 годзе. У пасёлку Красны Бераг Жлобінскага раёна мы наведалі адзін з самых прыгожых палацава-паркавых комплексаў Беларусі з замкам, архітэктура якога спалучае ў сабе рысы неаготыкі і неарэнесансу. Непадалёк ад гэтай мясціны знаходзіцца мемарыяльны комплекс, які быў створаны на месцы дзіцячага канцлагера, што існаваў тут у часы вайны.


Палац у вёсцы Жылічы


У вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна ўражвае буйны палацавы ансамбль з прыгожым паркам, які прыцягвае сюды шмат турыстаў (зараз ён знаходзіцца на рэстаўрацыі). Фотаздымкі гэтых мясцін, як і раней даследаваных Цвірко, увойдуць у надрукаваныя з цягам часу даведнікі.



Абмеркаванне:

  • Алесь
  • 2016-09-05 11:06:59
Дзякуй за цікавы артыкул! Есць маленькае заўважанне. Месца пахавання Тамаша Грыневіча дакладна не вядома. Гэты памятны крыж яго памяці ўсталяваны каля старых гарадскіх могілкак, побач з якімі на пляцы расійскай вайсковай каманды ён быў расстраляны і, як мяркуецца, пахаваны.
Па гарадской легендзе , да канца 80 - х гадоў мінулага стагоддзя на гэтых жа могілках стаяў стары дубовы крыж , усталяваны ў другой палове 19 стагоддзя ў памяць аб Томаш . Яго і аднавілі ў мінулым годзе.
  • Рэдакцыя
  • 2016-09-05 19:00:08
Дзякуй, Алесь, за ўдакладненне. Абавязкова передадзім аўтару.

Каментаваць