Па слядах Леапольда Блума або Дзень Дубліна ў Мінску

Пяць міфалагем беларускай сталіцы, створаныя пісьменнікамі  (з нагоды Дня  Блума, які сёлета святкуецца і ў кнігарні «Логвінаў»).


Дзеянне рамана Джэймса Джойса «Уліс» адбываецца ў Дубліне ў канкрэтны дзень — 16 чэрвеня 1904 года. У гэты дзень Джойс меў першае спатканне з будучай жонкай і таму пазней вырашыў увекавечыць дату ў сваім opus magna.


Ужо з 1920-х гадоў прыхільнікі «Уліса» адзначалі 16 чэрвеня, ахрысціўшы яго Днём Блума — Bloomsday, паводле галоўнага героя твору. З 1982 года, калі споўнілася сто год з дня нараджэння Джойса, 16 чэрвеня зрабілася своеасаблівым днём горада Дублін і святкуецца з вялікім размахам. Не адстаюць ад ірландцаў і ў свеце, дзе гэтае свята асабліва палюбілі прыхільнікі мадэрністычнай літаратуры.

У 2016 годзе Блумсдэй упершыню шырока адзначаецца ў Мінску. Святочная імпрэза адбудзецца 16 чэрвеня ў 19:00 ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

У Дзень Блума дублінцы апранаюць строі пачатку ХХ стагоддзя, вандруюць маршрутамі герояў «Уліса», каштуюць стравы, апісаныя ў рамане, здзяйсняюць іншыя рытуалы. Дублін поўніцца мемарыяльнымі знакамі ў месцах, дзе свет раману перасякаецца з светам людзей. Сёння відавочна: Джойс стварыў альтэрнатыўную рэчаіснасць для цэлага гораду.


Мінск — не Дублін, або?.. Хоць беларускую сталіцу яшчэ ў 1990-х айчынныя пісьменнікі лічылі безаблічным горадам, міфы пра Мінск прарастаюць і ў нашай літаратуры. І паціху ўкарэньваюцца ў тканку горада. З нагоды Дня Леапольда Блума варта згадаць пра некалькі мастацкіх канцэптаў Мінску, якія ўжо адчуваюцца ў прасторы або вось-вось матэрыялізуюцца, каб назаўсёды змяніць яе.


Млын Менеска


Першая міфалагема паўстае, як ёй і належыць, з міфаў. Найхутчэй, паданне пра млынара-асілка, разбойніка-чараўніка Менеска, які малоў на Пярэспе муку з камянёў, прыдумалі ў сераднявеччы. Праз гэтую постаць тагачасныя жыхары Менску маглі тлумачыць ужо незразумелае ім паходжанне назвы роднага гораду,які даўно пераехаў з берагоў Менкі да Свіслачы і Нямігі. Упершыню гарадскую легенду пра Менеска запісаў этнограф Павел Шпілеўскі ў ХІХ стагоддзі.


Афіцыйны план рэканструкцыі Мінскага Замчышча каторы год знаходзіцца на ўзгадненні і дапрацоўцы ды прадугледжвае (прынамсі , так было ў ранняй рэдакцыі) сімвалічную рэканструкцыю Менескавага млына. Але не на Пярэспе, дзе яму належыць быць, а бліжэй да Нямігі.


Гісторык Антон Астаповіч і яго каманда, зразумела, супраць. Яны лічаць, што варта рэканструяваць у горадзе гісторыю, а не міфы. Але асабіста я толькі нядаўна задумалася пра тое, што рака Пярэспа — ніякі не міф. Як і Няміга, яна ўзятая ў калектар, але яе вусце выступае на паверхню. І там даўно ўзведзеныя нейкія масткі. Хто ведае: можа, гэта падмурак для сямі камянёў, на якіх стаяў містычны млын?

Беларускі Архіў Сноў



«…Ад гэтага перыяду да нас дайшоў адзiн ягоны верш па-польску, у якiм Ян Адам Марыя параўноўвае радзiму з прыгожым сном, якi снiцца герою. Напрыканцы, у звароце да чытача, выказваецца пажаданне, каб гэты сон доўжыўся вечна, бо мы не ведаем, дзе i ў якiх краявiдах нам давядзецца прачнуцца».

У рамане «Хвілінка», за які Ігар Бабкоў атрымаў у 2014 годзе Прэмію Гедройца, філосаф і пісьменнік старанна рэканструюе дух мінскіх інтэлігенцкіх кавярань 1980-х гадоў, спрабуючы менавіта там пасяліць той genius loci, якога так бракуе сталіцы беларусаў. Аднак не менш істотную працу па міфалагізацыі Мінску Бабкоў здзейсніў у 2001 годзе, у фрагментарным рамане «Адам Клакоцкі і ягоныя цені». Паводле раману, Яна Адам Марыя Клакоцкі — беларускі шляхціч ХІХ стагоддзя, гуманіст і ўдзельнік паўстання. Адным словам, звычайны сын свайго народу на той час, але ёсць адно «але». Адам Клакоцкі — калекцыянер сноў. Беларускі Архіў Сноў, зразумела, змяшчаецца ў Мінску.


Беларускі Архіў Сноў, або Архіў Клакоцкага — так мог бы называцца віртуальны банк страчанай спадчыны са звесткамі пра мінулы Мінск і яго жыхароў. Даўно заўважана: экскурсія па Мінску (як і па любым іншым беларускім горадзе або мястэчку) складаецца хутчэй не з тых аб’ектаў, якія навідавоку, а з тых, якія паўстаюць, як жывыя, з аповедаў экскурсавода.


Горад Сонца



У фотапраекце «Горад СОНца», да якога неўзабаве дадаўся раман-эсэ, мастак Артур Клінаў развівае думку пра сон, у межах якога толькі і магчыма рэканструяваць ісцінны Мінск. Клінаў сцвярджае, што аўтарытарны ўтапічны праект Тамаза Кампанелы па стварэнні Горада Сонца рэалізаваны — савецкімі архітэктарамі ў паваенным Мінску.


У эпоху Нацыянальнага Адраджэння 1990-х марылася пра шляхетны Мінск. Рэха гэтых мараў чуваць яшчэ ў вышэйзгаданым рамане Ігара Бабкова. Канцэпцыя Артура Клінава, пайшоўшы ў разрэз з гэтымі марамі, супала з сусветным стэрэатыпам Мінску як жамчужыны сталінскага ампіру і запаведніка таталітарызму і таму стала папулярная далёка за межамі Беларусі. «Падарожная кніжка па горадзе Сонца» (2007 г.) перакладзеная на некалькі заходнееўрапейскіх моваў, у нямецкіх кігарнях яе прадаюць у раздзеле турыстычнай літаратуры.

Шабаны




«Шабаны. Адно з сакральных месцаў сённяшняга Менска. Канцавая станцыя міфічных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама; Шабаны як пастка. Іхная тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іхная геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іхная гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд».

Яшчэ адзін раман на мяжы з эсэістыкай, значнасць якога ў сталічнай культурнай прасторы нарастае з кожным сезонам (быў выдадзены ў 2012 годзе). У Купалаўскім тэатры паставілі спектакль; сам пісьменнік на просьбу журналістаў водзіць па мікрараёне Шабаны экскурсіі — хіба што гарадскіх гульняў пакуль гэтаму раману яшчэ не прысвячалі,  але, падазраю, і гэта не за гарамі.


Працоўны мікрараён, які прымыкае да прамзоны, даўно займеў сярод мінчукоў славу люмпенізаванай тэрыторыі. Бахарэвічу аднак удалося намацаць метафізічнае вымярэнне Шабаноў, давесці, што свае Шабаны ёсць паўсюль — хоць бы ў Гамбургу…  Ну і гэтак далей. Мінск сёння — усё яшчэ горад хрушчовак і бітуму, і па яго ўскрайках праходзіць вельмі няпэўная мяжа з вёскай, адкуль усе мы выйшлі. І гэтай праўдзе варта глядзець у яе панэльны твар, не хаваючы яе за фасадамі паветраных замкаў.

Трамвайчык дзядзькі Ічы


Першы мінскі трамвай у 1929 г.

Трамвай нарэшце пусцілі (…) Зельманцы пачулі каля самага двара нейкі новы дзіўны звон. Першы, вядома, выбег дзядзька Іча, які быў надта прагны да навін. Але дамоў ён прыйшоў позна ўночы і, паколькі ён саромеўся цёткі Малкі, дык пачаў апраўдвацца, кажучы, быццам быў у сябра. (…) І ён не прызнаўся ёй, што цэлы дзень учора ездзіў па горадзе і патраціў пры гэтым шмат грошай.


Жыхары Мінску вельмі любяць мінскія трамваі. Больш за мінчукоў свае трамваі любяць хіба што жыхары Віцебску — але тут я не адмовілася б ад спаборніцтва, якое выявіць абсалютных чэмпіёнаў. У Мінску гісторыкі арандуюць трамваі для экскурсій па горадзе, выпускнікі — для паездкі на апошні званок, маладыя выкарыстоўваюць трамваі для вясельнага картэжу.


Як выявілася, любоў гэтая — мінская традыцыя і адна з першых згадак пра яе ў літаратуры адбылася на мове ідыш у рамане «Зельманцы» Майсея Кульбака (выходзіў па частках у 1931 і 1935 гадах). Адзін з самых кранальных эпізодаў  твору — пра тое, як зельманцы палюбілі катацца на новых трамваях.


«Зельманцы» — сямейная сага пра жыццё некалькіх пакаленняў менскіх габрэяў на фоне зменаў, якія прынесла рэвалюцыя 1917 года, раман пра страчаную габрэйскую Атлантыду — зноў робіцца папулярным у чытачоў. На беларускую мову яго калісьці пераклаў Віталь Вольскі, гэты пераклад у 2015 годзе перавыпусціла выдавецтва «Папуры». Літаратуразнаўцы дагэтуль спрачаюцца, дзе аўтар размясціў зельманскі двор, на месцы якога Новае Жыццё збудавала фабрыку. Мала што засталося ад габрэйскага Менску. Але хочацца верыць, што раней ці пазней, але ў Мінску пусцяць трамвайчык, прысвечаны героям Майсея Кульбака.


Каментаваць