Па выставачных залах

Фотаграфіка

1 кастрычніка ў Інстытуце Гётэ ў Мінску ў рамках святкавання 50-годдзя народнага фотаклуба «Мінск» адчынілася выстава нямецкага майстра Ёрга Айднера «Фотаграфіка» (працуе да 15 кастрычніка).

Фотаграфіка

1 кастрычніка ў Інстытуце Гётэ ў Мінску ў рамках святкавання 50-годдзя народнага фотаклуба «Мінск» адчынілася выстава нямецкага майстра Ёрга Айднера «Фотаграфіка» (працуе да 15 кастрычніка).

Якое дачыненне мае немец да мінскага клуба? Усё вельмі проста: прыехаўшы вучыцца ў мінскай Політэхніцы ў 1970-я, ён захапіўся фотамастацтвам. У 1975 годзе прыйшоў у клуб, дзе асновы рамяства спасцігаў у Міхаіла Жылінскага... У часы росквіту здымкаў на фотастужку і дамінавання чорна-белай карцінкі выкарыстанне эфектаў графічнага мастацтва вызначыла з’яўленне чатырох экспазіцый пад аналагічнай назвай «Фотаграфіка».

Фатаграфія Ёрга Айднера


Вартасць тых старых работ, па словах старшыні клуба Яўгена Казюлі, з часам не губляецца, таму ў межах юбілейных мерапрыемстваў хутка адбудзецца рэтрапаказ «Фотаграфіка. Сорак год пасля». Зараз Ёрг Айднер эксперыментуе з традыцыйнай формай новымі і старымі тэхнічнымі сродкамі: выкарыстоўваючы фоташоп для лічбавых здымкаў, апрацоўваючы адсканаваныя са стужкі выявы, здымаючы без фільтру, дамагаючыся кантрастаў з рэзкімі абрысамі прадметаў. Чорна-белае фота суседнічае з каляровым, дзе колеравыя гармоніі — элемент стварэння настрою.

Галоўным героямі яго кампазіцый выступае краявід, куткі прыроды і кранутай дзейнасцю чалавека прасторы, ландшафты — Германіі, Італіі, Ісландыі, Індыі і іншых краін, адлюстраваныя з надзвычай паэтычным пачуццём.


Габелен

У Палацы мастацтваў можна яшчэ паспець наведаць экспазіцыю габеленаў майстроў дома культуры «Zacisze» з Польшчы, твораў, якія пераконваюць, што ткацкае рамяство можа супернічаць з абсалютна любой тэхнікай выяўленчага мастацтва.

У працах лідэра творчай групоўкі Марыі Красоўскай — і матывы знакамітага мастака чэшскага мадэрну Альфонса Мухі, і варыяцыі на тэмы слуцкіх паясоў, і акварэльная лірыка мяккіх колераў у адлюстраванні постаці закаханай дзяўчыны на беразе возера за чытаннем паэтычнага зборніка, і ўрбаністыка разнаколерных дамоў тыповага гістарычнага прадмесця.

Яшчэ адзін адметны аўтар, Марыя Кірыляк, пераносіць у габелен выразнасць эстэтыкі касцельных вітражоў. І яшчэ — нацюрморты, краявіды, дэкаратыўныя кампазіцыі. Здаецца, няма тэм і сюжэтаў, непадуладных выхаванцам школы пад кіраўніцтвам Тэрэсы Шчэпаньскай, якая і паўстала па яе ініцыятыве 22 гады таму. Застаецца падзячыць супрацоўнікам Польскага інстытуту ў Мінску за арганізацыю гэтай выдатнай выставы.




Тэхна-арт

«Тэхна-Арт» у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» — сёмы паказ серыйнага праекта, прысвечанага тэматыцы сучаснага дызайнерскага мастацтва, звязанага са светам прамысловасці і тэхнічнай творчасці, які, аднак, не пачынае быць надакучлівым.

Іна Салдатава «Прадукт 2008 года» (“Тэхна-Арт).

Уладзімір Прыгарніцкі «2 светы – 2 знакі» (“Тэхна-Арт)

Нетрадыцыйнае спалучэнне матэрыялаў у інсталяцыях, актуальнасць тэм у плакатных выявах і відавочная прысутнасць жывых ідэй у большасці твораў адпавядаюць слогану гэтага вернісажу пераважна маладых мастакоў — «Знак якасці». Варта звярнуць увагу хоць бы на працу Уладзіміра Прыгарніцкага «Два светы — два знакі», каб зразумець, што маладое пакаленне здольнае выказаць сур’ёзны сацыялагічны тэзіс — пра адсутнасць настальгіі па СССР — і зрабіць тое ў надзвычай выразнай форме. Можна пагадзіцца з заявай арганізатараў, што праект «Тэхна-Арт» ужо больш не даводзіць сваё права называцца мастацтвам, ён сам з’яўляецца знакам якасці.



SOS

У Музеі сучаснага мастацтва з 5 па 24 кастрычніка таксама чарговая — «пятая ці сёмая», па словах дырэкцыі музея — экспазіцыя суполкі «Артэль», якую ачольвае Рыгор Несцераў.

Работа Валянціна Губарава (Суполка “Артэль, выстава “SOS)


Гэтым разам калектыўная выстава пад назвай «SOS» прысвячаецца Сусветнаму дню аховы жывёл 4 кастрычніка, чаму, трэба адзначыць, цалкам адпавядаюць анімалістычныя сюжэты самога Несцерава, выкананыя ў прывідна-пуантылісцкай манеры. Большасць аб’яднаных у суполку жывапісцаў і графікаў — Уладзімір Ганчарук, Валянцін Губараў, Рыгор Іваноў, Сяргей Рымашэўскі, Алена Шлегель, Сяргей Малішэўскі, Сяргей Пісарэнка, Мацвей Басаў, Аляксандр Забаўчык, Васіль Касцючэнка — творцы добра вядомыя, як тым, што значная іх частка ў той ці іншы перыяд уваходзіла ў кіраўніцтва Саюза мастакоў, так і тым, што сваімі працамі заўсёды прыцягвала павышаную ўвагу аматараў.

Розныя па стылі і манеры аўтары, чые работы, сабраныя разам, пакідаюць некалькі хаатычнае ўражанне мастацкага салону, тым не менш здольныя задаволіць цікаўнасць наведвальніка. Тут і вострыя сацыяльна-сатырычныя нэалубкі Губарава, і шчымлівыя інтанацыі Рымашэўскага, і колерава-фактурныя эксперыменты Забаўчыка і Басава. І галоўнае — дэманструюцца выключна свежыя працы 2009–2010 гадоў.

 

Каментаваць