“URBI ET ORBI” у Віцебску: Ігар Духан “Эль Лісіцкі і мастацтва часу”

16 мая, напярэдадні Ночы музеяў Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” ладзяць у Віцебску публічную лекцыю тэарэтыка мастацтва, архітэктара Ігара Духана.Тэматыка віцебскага авангарду, абраная лектарам, мае пэўныя падставы не толькі ў кантэксце свята музеяў, але і ў больш шырокім кантэксце культурнага развіцця гораду.



Сёлета адзначаецца 95-годдзе афіцыйнага адкрыцця Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, з якім звязана дзейнасць Марка Шагала, Казіміра Малевіча. Сярод іншых выкладчыкаў і выдатных прадстаўнікоў авангарднага мастацтва — Лазар Маркавіч Лісіцкі,больш вядомы як Эль Лісіцкі. Менавіта яго дзейнасці прысвячае сваю віцебскую публічную лекцыю Ігар Духан.

Прысутным пашчасціць пачуць цікавы расповед пра асноўныя вехі творчасці Эль Лісіцкага, у тым ліку — пра берлінскі этап яго жыцця. На матэрыяле артыкула “Мастацтва і пангеаметрыя” і экспадызайна 1920–30-х гадоў будзе паказана роля майстра ў фарміраванні новага прастора-часавага вобраза мыслення авангарду.


Спадар Духан абяцае раскрыць сутнасць канцэптуальнага дыялогу Малевіч — Лісіцкі і паказаць адлюстраванне прынцыпаў супрыматызму ў творчасці Эль Лісіцкага. На лекцыі будзе таксама прааналізаваны сімвалізм і эстэтыка ілюстрацый майстра да габрэйскіх кніг.
Запрашаем усіх, хто цікавіцца і займаецца мастацтвам, гісторыяй Віцебскай мастацкай школы і яе выбітных майстраў!
 

Публічная лекцыя Ігара Духана "Эль Лісіцкі і мастацтва часу" адбудзецца 16 мая па адрасе: Віцебск, вул. Белабародава, 5, вялікая заля Музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.  
 

Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны!
 

Каментаваць