Пад Мінскам маштабна адзначаць Купалле: фэст агню, кірмаш і музычны open-air

На фестывальнай сцэне выступяць знакамітыя беларускія і замежныя калектывы: Volski, «Тролль Гнёт Ель», Re1ikt, Irdorath, Pawa, Fram Yann Zhanchak, «Яварына», «Кацярына Ваданосава и Fantasy Orchestra», «Кетри», Vodar, «Без Паники» ды іншыя.

Трэці міжнародны fire-folk фестываль “Свята Сонца” пройдзе ў музейным комплексе “Дудуткі” 16–17 чэрвеня. Сёлета на мерапрыемстве традыцыйна будзе шмат агню, музыкі, займальных анімацыйных пляцовак і цікавых абрадаў святкавання Купалля.

Фармат фестывалю “Свята Сонца” ў рамках адной канцэпцыі аб’ядноўвае некалькі разнапланавых мерапрыемстваў. Гэта і маштабны фестываль-конкурс фаер-шоў, і open-air канцэрт на 2 сцэнах, і вялікі кірмаш рамеснікаў, і інтэрактыўныя пляцоўкі.

Традыцыйна парадуе разнастайнасцю выканаўцаў і музычных жанраў упадабаны гасцямі фестывалю “Свята Сонца” — маштабны open-air канцэрт. Жывая музыка ў гэтым годзе будзе гучаць на дзвюх сцэнах. На вялікай фестывальнай сцэне выступяць знакамітыя беларускія і замежныя калектывы: Volski, “Тролль Гнёт Ель”, Re1ikt, Irdorath, Pawa, Fram Yann Zhanchak, “Яварына”, “Кацярына Ваданосава и Fantasy Orchestra”, “Кетри”, Vodar, “Без Паники” ды іншыя.

Скончыцца канцэртная частка на містычнай ноце: пад архаічныя балта-славянскія песні ўсе гледачы фестывалю пагрузяцца ў атмасферу стылізаванага рытуалу ўшанавання багоў Сонца і Агню, які падрыхтаваў у рамках новай праграмы ambient-праект Pragnavit.

На малой сцэне ля кафэ “Дудуткі” абодва фестывальныя дні будуць праходзіць выступы музычных і танцавальных калектываў, вулічных тэатраў, факіраў. Перфомансы на купальскую тэму, майстар-класы па традыцыйных танцах.

Адно з самых відовішчных мерапрыемстваў купальскага фестывалю “Свята Сонца” — Фестываль Агню. У яго межах сваё майстэрства пакажуць дзясяткі каманд, што выступаюць у жанры “вогненнае шоў”. У праграме Фестывалю Агню пройдуць шоў найлепшых вогненных тэатраў, выступы сольных артыстаў у жанры вогненнага і піратэхнічнага шоў, каскадзёраў, акрабатаў ды пластычных тэатраў, а таксама шоў вогненных ды светлавых эфектаў, піратэхніка і неонавае шоў.

На працягу двух дзён на тэрыторыі музейнага комплексу “Дудуткі” для гасцей фестывалю будуць працаваць больш за 20 лакацый і атракцыёнаў: лучны і арбалетны цір, сярэднявечныя і народныя гульні, кантактны заапарк «Сірын», экстрым-пляцоўка “гульні горцаў”, дзіцячая пляцоўка, рамесныя майстэрні, пляцоўка «Героі: Батлгеймінг», настольныя гульні, скаладром, «archery battle», вяровачны гарадок, а таксама палёты на паветраным шары і лёгкаматорных самалётах.

Макcімум увагі, як і раней, будзе надавацца аднаўленню традыцый і абрадаў нацыянальнай беларускай культуры і свята Купалля ў прыватнасці. Асаблівая ўвага на фестывалі ў 2018 годзе будзе нададзена традыцыям святкавання дня летняга сонцастаяння ў народаў замежных краінаў: Літвы, Фінляндыі, Вялікабрытаніі.

Пасля завяршэння асноўнай праграмы ноччу цэнтральная дзея фестывалю перамесціцца з музейнага комплексу "Дудуткі" на бераг ракі Пціч, дзе традыцыйна запалаюць вялікія купальскія вогнішчы, плынь ракі панясе купальскія вянкі, зноў будзе гучаць старадаўняя музыка, а ўсе ахвотныя змогуць скокнуць праз ачышчальны купальскі агонь.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць