Падарожнік Фёдар Конюхаў прыехаў у Мінск, каб дапамагчы пабудаваць храм

Вядомы рускі падарожнік і мастак Фёдар Конюхаў прыехаў у беларускую сталіцу, каб дапамагчы сваім сябрам-святарам пабудаваць храм Богаяўлення ў Лошыцы. Пра гэта ён паведаміў 13 лістапада на сустрэчы з журналістамі і сваімі прыхільнікамі ў Мінску.
 




Ён прывёз з сабой 40 карцін, якія можна будзе ўбачыць з 13 па 30 лістапада ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі ў Палацы мастацтва.

"Я ўвесь час шукаю шляхі, як бы заехаць у Беларусь. Я люблю вашу краіну. Яна для мяне родная, бо я вучыўся ў Бабруйску на мастака сарок гадоў таму", — сказаў Конюхаў.

Кажучы пра асноўную мэту свайго візіту ў Мінск, ён адзначыў: "Я заўсёды вельмі рады, калі на адзін праваслаўны купал становіцца больш. Мае сябры святары расказалі мне, што ўжо пачалі будаўніцтва храма Богаяўлення ў Мінску. Гэта не проста мары і планы, а ўжо канкрэтная, рэальная будоўля. Ужо і званіцу пабудавалі, прывезлі званы з Варонежа, хутка будуць устанаўліваць. Вядома, я не мог стаяць убаку, не мог не дапамагчы і духоўна, і фізічна, і фінансава будаўніцтву храма, бо я сам святар. Я прыняў сан святара 22 мая 2010 года. Думаў, што стану святаром у 50 гадоў і паеду на Поўнач, у глухую паморскую вёсачку, маліцца аб тых, хто плавае і вандруе, а стаў ім толькі ў 58 гадоў".

Расказваючы пра карціны, якія ён прывёз у Мінск, Конюхаў адзначыў: "Калі я ехаў сюды, да сваіх сяброў, я не мог не захапіць і свае карціны. Узяў 40 работ. Іх выбіраў не я, а айцец Валерый. Ён прыехаў у маю майстэрню і адабраў цікавыя карціны, якія і вы можаце ўбачыць. Я ўжо ў многіх гарадах выстаўляўся, а ў Мінску мая выстава праходзіць упершыню".

У сваіх работах Конюхаў перадае эмоцыі і ўражанні ад далёкіх і часта экстрэмальных вандраванняў. Сярод карцін шмат партрэтаў.

Святар Валерый Трухан паведаміў на сустрэчы, што храм Богаяўлення, будаўніцтва якога прыехаў падтрымаць сваім мастацтвам Конюхаў, не мае пастаяннага спонсара. Асноўная частка сродкаў збіраецца намаганнямі сястрыцтва і вернікаў.

Банкаўскі разліковы рахунак будаўніцтва храма: 3015524003617, код 795, ЦБУ № 524 ААТ "ААБ "Беларусбанк", УНП 101829634. Прызначэнне плацяжу: "Дабрачынны ўнёсак". Прыход афіцыйна завецца "Рэлігійная абшчына "Прыход храма Богаяўлення ў Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы".


БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць