Падарожжа па касмічным абшары і часе: «Brit Floyd» далі вялікае трыб’ют-шоў у Мінску (фотарэпартаж)

Легендарных брытанцаў і майстроў эксперыментальнага року «Pink Floyd» на вялікай сцэне сёння ўжо не пачуеш.  Аўтары хітоў «Hey You» і «Time» не даюць канцэртаў ужо 10 гадоў. Але на радасць шматлікім аматарам калектыву, у 2011 годзе паўстаў афіцыйны кавер-гурт – «Brit Floyd». У межах сусветнага туру «Space & Time» 27 кастрычніка ў мінскім Палацы спорту каманда зладзіла вялікае трохгадзіннае шоў.



Звычайна, калі ідзеш на рок-канцэрт замежнага калектыву, то ў чэргах на ўваходзе бачыш шмат моладзі, зусім няшмат сталых людзей, не кажучы пра пенсіянераў. Але гэты канцэрт — выключэнне: ля Палацу спорту ў чэргах стаяць аматары «флойдаў», якія на выгляд пачалі слухаць яго з 80-х гадоў, а можна нават раней. Адносна няшмат моладзі. У падтрыбунных памяшканнях акрамя продажу ежы і сувенірнай прадукцыі, на дзіва, можна было ўзяць напракат тэатральны бінокль! Дарэчы, акрамя традыцыйнага для рок-канцэртаў танцпляцу, прадугледжваліся месцы на сектарах і ў імправізаваным партэры — зусім ля сцэны. Прыкладна 2–2,5 тысячы гледачоў прысутнічалі на канцэрце.

Распачаўся канцэрт з невялічкім спазненнем . На экране з’явілася выява касманаўта. Анімацыя паклала пачатак падарожжа гледачоў скрозь прастору і час. На велізарным цыферблаце час пабег назад, спыніўшыся на адзнацы 1973 — год выхаду легендарнага альбома "Pink Floyd" «The Dark Side of the Moon».  Далей кожная змена кружэлкі праходзіла праз такую якасную анімацыю.

У кавер-гурт увайшлі тры гітарыста, клавішнік, барабаншчык і тры бэк-вакалісткі. Інструментальнае выкананне калектыву нічым не саступае арыгінальнаму гучанню.  Не кожны прыхільнік самога гурта змог бы адрозніць кавершчыкаў ад «флойдаў», выдае толькі вакал саліста. Само светлавое суправаджэнне і эфекты былі на вышыні на працягу ўсяго шоў.

Асноўны сэт-ліст складаўся з альбомаў «Wish You Were Here», «Animals», «The Wall», «The Division Bell» і «The Dark Side of The Moon». Але кожная кружэлка «флойдаў» мае свой унікальны стыль і гучанне: эксперыментальныя 60-я, арт-рок 70-х, новыя пошукі гучання ў 80-я і 90-я.  

Канцэрт ў некаторых момантах можна параўнаць з сімфанічным. Сваім гучаннем: мультыінструментальнасць, адсутнасць вялікіх сольных выкананняў. І сваёй атмасферай: наяўнасць партэра, падзел канцэрту на дзьве часткі,  дамінаванне больш сталага пакалення ў залі. Удзельнікі атрымлівалі вялікую асалоду ад гучання і прыгожых спецэфектаў, без танцаў, слэму і амаль без выкрыкаў і авацый. Нават слабы гук у Палацы спорту спрыяў гэтай абстаноўцы.

Фота: Дар'яна Дабранская

Каментаваць