Падарунак на Каляды

У пачатку снежня выдавецкая кампанія «Вігма» прапанавала прыхільнікам дуэта «Аляксандра і Канстанцін» новы музычны зборнік лепшага з рэпертуару A&K — дыск «Ключы златыя».



У пачатку снежня выдавецкая кампанія «Вігма» прапанавала прыхільнікам дуэта «Аляксандра і Канстанцін» новы музычны зборнік лепшага з рэпертуару A&K — дыск «Ключы златыя».
Альбом выдадзены для беларускіх слухачоў і налічвае 19 апрацовак, а таксама аўтарскія песні і інструментальныя п’есы дуэта. Напрыклад, на дыску прадстаўлена новая версія сінгла «My Galileo», з якім музыканты дэбютавалі на «Еўрабачанні». Завяршае праграму новага дыска інструментальная кампазіцыя «Па-за аблокамі», якая прыцягне ўвагу слухачоў рысамі містыцызму і лёгкасцю ўспрымання.
Як адзначае ўдзельнік дуэта, гітарыст Канстанцін Драпеза, выданне гэтага зборніка абумоўлена цікаўнасцю слухачоў да такіх альбомаў дуэта, як «За ліхімі за марозамі», «Сойка», «Аўтаномная навігацыя», а таксама неабходнасцю сабраць лепшыя, самыя паспяховыя творы дуэта A&K пад адной вокладкай. Назву дыска «Ключы залатыя» дала фраза з песні «Пчолка», якая таксама запісана на новым дыску.
Тым, хто больш звяртае ўвагу на меладызм народных крыніц і гарманічнасць аранжыровак, безумоўна, спадабаюцца такія кампазіцыі, як «А дзе была вуціца», «Ой арол, ты арол», «За ліхімі за марозамі». Святочны калядны настрой слухачоў падтрымаюць вядомыя беларускія выканаўцы Аляксандр Каліноўскі (бас), Віктар Малчанаў (стыл-гітара), Карэн Карапецян (скрыпка), якія ўдзельнічалі ў запісе песні-лідэра калядных ратацый — «Святы вечор».
Акрамя апрацовак беларускага фальклору, на дыску «Ключы златыя» слухач знойдзе і вядомыя поп-кампазіцыі дуэта: кантры-баладу «Адпусці», англамоўную кампазіцыю «The money & the mountains», якая аранжырана ў стылістыцы поп-рок.
Тыя, каму не абыякавы экспрэсія і драйв, змогуць успомніць такія вядомыя па ратацыі на радыё і тэлебачанні кампазіцыі, як «Юр’я», «Калядачкі, нашы нежачкі», апрацоўку знакамітага дударскага напеву «Саўка ды Грышка» пад назвай «Ду-ду, Да-да»...
Відавочна, што новы дыск дуэта «Аляксандра і Канстанцін» уяўляе сабой традыцыйную The Best зборку, якая можа стаць добрым спадарожнікам нашым слухачам на будучыя Каляды. Асабліва, калі ім дапамогуць «Ключы златыя»!

Каментаваць