Падтрымана ідэя стварэння музея Алеся Адамовіча

Шмат гадоў прыхільнікі таленту вядомага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча мараць пра стварэнне ў будынку былой аптэкі гарадскога пасёлку Глуша Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласці музею «Вайна пад дахамі». Аднак драўляны аднапавярховы будынак былой аптэкі плошчай звыш за 105 кв. м, узведзены больш за 80 гадоў таму назад, мае патрэбу ў тэрміновым капітальным рамонце. 



Здымак былой аптэкі ў Глушы прадастаўлены Антонам Астаповічам


З аптэкай звязаны многія падзеі 1941--1944 гадоў, апісаныя Алесям Адамовічам у яго дылогіі «Партызаны». Паводле яе зняты мастацкія фільмы, для якіх Уладзімір Высоцкі напісаў вядомыя песні, у тым ліку «Сыны ідуць у бой»«Ён учора не вярнуўся з бою» і «Хто сказаў, усё згарэла дашчэнту»
 
 
У Глушы Алесь Адамовіч жыў з 1928 года. Па завяшчанні пісьменнік пахаваны на мясцовых могілках. Яго імя прысвоена вуліцы, якая вядзе ад пасляваеннага дома Адамовічаў да школы, дзе вучыўся будучы празаік. Аднак у пасёлку дагэтуль няма ні помніка пісьменніку, ні яго музея. Дый ва ўсёй Беларусі няма аніводнага помніка і музея Адамовіча — чалавека, чыя творчасць і грамадская дзейнасць добра вядомыя не толькі ў Беларусі. 
 
 
Ідэю стварэння музея падтрымалі Глушанскі пасялковы савет, Бабруйскі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і грамадскасць, у тым ліку Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК).
 
 
Восенню 2007 года будынак былой аптэкі з зямельным участкам, размешчаны насупраць даваеннага дома Адамовічаў у цэнтры Глушы каля аўтамагістралі Крычаў — Кобрын, быў прыняты на баланс аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама.
 
 
Як паведаміў карэспандэнту НЧ старшыня БДТАПГК Антон Астаповіч, у траўні бягучага году пад час нарады з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і чынавенства пад кіраўніцтвам старшыні Бабруйскага райвыканкама Міхаіла Шалкоўскага былі вызначаныя накірункі працы па стварэнню музея.
 
 
«Згодна з рашэннямі нарады спецыялісты архітэктурнай секцыі грамадскага аб’яднання выканалі агульнае абследаванне тэхнічнага стану былой аптэкі і зрабілі яе архітэктурна-археалагічныя абмеры. Днямі гэтыя матэрыялы былі перададзены Шалкоўскаму  і начальніку аддзела ідэялагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіне Чарновай», -- сказаў Астаповіч.
 
 
Ён паведаміў, што таварыству даручана распрацоўка эскізнага праекта рэканструкцыі і музеефікацыі будынку былой аптэкі ў Глушы, да чаго спецыялісты БДТАПГК прыступяць у верасні.
 
 
Антон Астаповіч лічыць, што стварэнне музея Алеся Адамовіча «Вайна пад дахам» валанцёрскімі намаганнямі грамадскасці пры падтрымцы органаў мясцовай улады стане «выдатным прыкладам рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы культуры».

Каментаваць