Падуя. Шляхам Скарыны

Раніцай едзем у Падую, яшчэ вышэй, на поўнач. Рэгіяналізм у Італіі — не пустыя словы. Гэта і мова, і звычаі, і нават знешнасць. А самым вядомым беларусам, які засвяціўся ў краіне аліваў і чырвонага віна, застаецца Францішак Скарына.



Паўночных італійцаў зрэдку адрозніш ад французаў альбо швейцарцаў. Вінная культура значна больш выразная на поўдні, у адрозненні ад «піўной» поўначы. Зрэшты, піўная культура ў Італіі — з’ява хутчэй новая, наднацыянальная, накінутая міжнароднай моладзевай культурай.

На чыгуначным вакзале сустракаемся з сябрамі з грэка-каталіцкага хору «Прасфара», якія прыехалі на парафіяльнае свята праспяваць у касцёле. Хлопцы і дзяўчаты тут ужо добры тыдзень: трапілі нават на вяселле да беларуса, які ажаніўся тут… з румынкай. Звычайная для Італіі гісторыя.

Наогул, хто такія беларусы на Апенінах? Гістарычнай дыяспары, як у Нямеччыне, Вялікабрытаніі ці Штатах, тут не склалася. Калі не лічыць, канешне, з дзясятак жаўнераў арміі Андэрса, якія пабралі сабе італьянак пасля вайны. Выезд у Італію стаў масавым толькі ў 90-я гады, калі беларускія жанчынкі падаліся шукаць тут «сапраўдных італьянцаў» альбо даглядаць іх састарэлых сваякоў.

Пры гэтым самым вядомым беларусам, які засвяціўся ў краіне аліваў і чырвонага віна, застаецца Францішак Скарына, які акурат навучаўся ў Падуі. Будынак Падуанскага ўніверсітэта лёгка абмінуць падчас агульнай гарадской экскурсіі і цяжка забыць, калі ўсё ж такі патрапіш у сярэдзіну. Скарынава дошка, дарэчы, тут жа, за вуглом. На ёй першадрукар выяўлены маладым хлоцам з валасамі да плячэй — такі сабе хіпі. Ва ўсялякім разе, не суворы дзядзька з вусамі, як у Шаўчэнкі, якім яго найчасцей бачыш у Беларусі.

Сцены галерэяў унутранага дворыку ўніверсітэта аздобленыя сотнямі гербаў і партрэтаў навучэнцаў элітнага ВНУ. Гэта — залаты капітал, напрацаваны стагоддзямі, які не заменіць аніякі ўніверсітэцкі рэйтынг.

«Універсітэт моцна падтрымлівалі ўлады за часамі Мусаліні, — тлумачыць наш экскурсавод у Падуі, Ларэнца, які няблага ведае рускую мову, — таму частка роспісаў і скульптураў, якія нагадваюць сац-арт, належаць да міжваеннага перыяду».

Дарэчы, вядомы партрэт Скарыны ў «Залі сарака» — таксама часоў Дучэ. Тут асветнік выяўлены надзвычай нетыпова: у доўгай мантыі, у профіль, без вусоў, ды яшчэ з залысінамі, як у агента Сміта з «Матрыцы». Поруч са Скарынам — партрэт Пятра Поснікава — першага расейца, які стаўся доктарам філасофіі і медыцыны. Абодва падпісаныя «Russo», але Скарына скончыў універсітэт у 1512-м, а Поснікаў — у 1694-м, толькі праз 200 гадоў: адчуйце, як кажуць, розніцу.

Тут жа, толькі ніжэй шэрагам, партрэт Стэфан Баторый з каронай у руцэ. Цікава, што вугорца Баторыя гісторыкі часцяком памылкова малююць дзікуном, які любіў толькі вайну і паляванні... Тут жа, у Падуі, будучы кароль Стэфан назіраў за ўскрыццём чалавека ў анатамічным тэатры, не здагадваючыся, што ў Горадні ў 1586-м над яго целам будзе праведзенае першае ўскрыццё ва Усходняй Еўропе.

Драўляны анатамічны тэатр, дарэчы, цалкам захаваўся. Кажуць, што высокія порцікі на ўзроўнях былі зробленыя адмыслова, каб самлеўшыя студэнты не падалі ўніз. А ўскрыццё, што цікава, праводзіў не прафесар, які сядзеў побач на высокім крэсле, але асістэнты. Справа тут не ў іерархіі, а ў пагрозе падхапіць ад трупа хваробу. У суседняй медыцынскай залі выстаўлены шэраг чарапоў прафесараў медыцыны, якія пагадзіліся аддаць свае целы для вопытаў: такія вось пакутнікі за навуку.

Акрамя ўніверсітэту, кожны, хто бывае ў Падуі, абавязаны наведаць базіліку св. Антонія. Велічны раманскі храм з цалкам усходнімі купаламі ды барочнымі алтарамі ўсярэдзіне — сапраўдная перліна італійскай Поўначы. Комплекс базілікі — гэта горад у горадзе, з капліцамі, спавядальнямі, сістэмай унутраных садоў ды царкоўных крамаў. Сярод алтароў, дарэчы, ёсць і «польскі»: на ім уважлівы глядач знойдзе выявы тарчаў з пагоняй ды калумнамі, якія 500 гадоў таму, імаверна, грэлі сэрца і маладому Скарыну з Полацка.

Каментаваць