Падушкі да бою: мяккая бітва пад Оршай

Выконваючы заданне рэдакцыі, карэспандэнт «Новага часу» быў кантужаны плюшавым мядзведзікам. 8 верасня жыхары Мінска нетрадыцыйна і весела адзначылі 495-я ўгодкі Аршанскай бітвы.

У гушчы падзеяў

Выконваючы заданне рэдакцыі, карэспандэнт «Новага часу» быў кантужаны плюшавым мядзведзікам. 8 верасня жыхары Мінска нетрадыцыйна і весела адзначылі 495-я ўгодкі Аршанскай бітвы.

У гушчы падзеяў


Калі я прыйшоў на імправізаванае Крапівенскае поле — газон пасярод сквера Янкі Купалы — там ужо сабралася чалавек каля паўтысячы. Стаяў немагчымы гвалт, у паветры падляталі падушкі, насіліся пух, пер’е, сінтыпон і вата з вытрыбушанай зброі. Вокамгненна ацаніўшы абстаноўку, я зразумеў, што «белыя» б’юцца з «чырвонымі». Прыналежнасць да таго ці іншага войска пазначалася завязанай на лоб стужкай адпаведнага колеру. Паколькі я спазніўся на вайну, ніякай стужкі мне не засталося. Зрабіць гістарычны выбар дапамог выпадак. Я выцягнуў белы матузок з зашморга сваёй «падушачкі», павязаў на галаву і кінуўся ў эпіцэнтр вайсковых дзеяў.

І адразу разгубіўся. Магчыма, так яны і выглядалі, бітвы ў сярэднявеччы. Сапраўдны рубон — шчыльная куча людзей, якія бязладна пляжаць адно аднаго. Першае, што я стаў рабіць, — інстынктыўна закрываць галаву падушкай і прысядаць. Гэта было нявернай тактыкай — зверху вельмі лёгка атрымаць па галаве. Праз пару хвілін я, аднак, акліматызаваўся і выправіўся праз натоўп у пошуку «чырвоных». Кожнага з сустрэтых мной супернікаў стараўся як след абхвастаць сваёй зброяй — засунутым у навалачку спальнікам. За што адграбаў дзікай здачы. Так прайшло хвілін дзесяць.

Людзі на поле бітвы, як і належыць любой сучаснай вайсковай падзеі, падзяляліся насамрэч не на два, а на тры лагеры: «белыя», «чырвоныя» і прэса. Першыя і другія стараліся як след адлупцаваць адно аднаго, а трэція насіліся па ўсёй паляне ў пошуках эфектных кадраў. Як і мусіць быць у цывілізаванай вайне, пры гэтым яны карысталіся поўнай журналісцкай недатыкальнасцю. У прамым сэнсе гэтага слова. Пару разоў, калі супернікі асабліва вераломна абрушваліся падушкамі ды цацкамі на маю бедную галаву, у мяне мільгала маладушная думка: можа бэдж выцягнуць? Але які бэдж, калі Радзіма ў небяспецы? Паводле задумы арганізатараў, «белыя» ўмоўна выступалі за войска Вялікага княства Літоўскага, «чырвоныя» — за Маскву. Я ішоў у новыя і новыя атакі, месячы мяккай зброяй субтыльных школьніц, хлопцаў-бамбізаў і інтэлігенцыю абодвух палоў, якая дарма ўзяла з сабой свае акуляры. Мудрыя воі загадзя аддалі збраяносцам мабільнікі, упрыгожванні і ўсё, што магло з іх зляцець у кучы малой…

Вайна мяняе чалавека. Злёгку працягнуўшы (не без залётных намераў) па спіне нейкую «чырвоную» дзеўку, я пабачыў, што на мяне, з дзікім енкам, як лось па кукурузе, нясецца мой былы аднакласнік. Ціхі стараны выдатнік з раскудлачанымі, поўнымі пуху валасамі крушыў супернікаў налева і направа. І тут натыкнуўся на мяне. Стужка на ім была варожая. «А, і ты тут? — радасна ашчэрыўся ён. — На! На! На!» На той час я ўжо авалодаў тэхнікай падушачнага бою і бараніўся вельмі годна. Калі атака сябра-непрыяцеля была адбітая, я пераможна ўзняў угару сваю падушку. І тут здарылася нечаканае. Мяне так дзеўбанулі па галаве, што іскаркі замільгалі ўваччу. Я павярнуўся і пабачыў дзяўчыну з плюшавым мядзведзем. Што яны, цэглай іх набіваюць у сваім Жлобіне?

Няслаба кантужаны, я быў вымушаны пакінуць поле бою, далучыўшыся да гледачоў.

Філасофія пер’я

Арганізатарам падушкавага «беспрадзелу» выступіла грамадская арганізацыя «Ініцыятыва» і асабіста яе актывіст Андрэй Кім, які з дапамогай мегафона кіраваў бітваю. Гэта не адзіная, але, відаць, самая блізкая мінскай моладзі па духу ініцыятыва «Ініцыятывы». Якая адлюстроўвае і тугу па дзяцінстве, і патрэбу гарадскога чалавека ў псіхалагічнай ды фізічнай разрадцы, калі заняткі спортам не асабліва магчымыя. «Чаму іх так многа?» — пыталася ў свайго спадарожніка дзяўчына, калі мы яшчэ падыходзілі да месца пабоішча. «Гэта нешта накшталт флэшмобу», — важна тлумачыў ён. «Флэшмобу?» — «Ну так, калі людзі сабраліся ў адзін час і ў адным месцы як бы выпадкова, але з адной прыкольнай мэтай. Нядаўна, напрыклад, каля Опернага быў дзень пацалункаў. Сабралася чалавек 300 і адно з адным чмокаліся. Або дзень абдымкаў. Людзі ішлі па горадзе і абдымалі мінакоў. А вясной яны кветкі людзям дораць на вуліцы».

На гэтым фоне баі падушкамі выглядаюць проста рэвалюцыяй тэмпераментаў. Pillow fight — міжнародная пацыфісцкая ініцыятыва, дэвіз якой «Make feathers, not war!». Падушкамі за мір б’юцца па ўсім свеце. Але ў Беларусі ініцыятыва напоўнілася нацыянальнай спецыфікай. Першы бой прайшоў 15 ліпеня: такім чынам моладзь адзначала ўгодкі бітвы пад Грунвальдам. Ужо тады падзея выклікала неадназначны розгалас. У прыватнасці, арганізатараў называлі клоунамі, якія дыскрэдытуюць святую перамогу нашых продкаў над тэўтонскім захопнікам.

Ані гледачы, ані самі ўдзельнікі бітвы спачатку асабліва не пераймаліся ідэалогіяй, хоць колеры для «Літвы» і «Масквы» былі абраныя з улікам гістарычных рэалій Аршанскай бітвы. Тыя, каму выпала быць «чырвонымі», выкрыквалі ў паветра свой баявы кліч: «Крас-ны-е! Крас-ны-е!» Затое з «белымі» актыўна працавалі «палітрукі». «Бе-лы-Е! Белы-Е!» — крычалі «белыя» спачатку. Потым крыху задумаліся і паправіліся: «Бе-лы-Я! Бе-лы-Я!» І — крыху пазней — ужо наўпрост: «Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!» А потым зноў збіліся на «белых», бо наша вайна была ўмоўнасцю, а нашымі супернікамі — такія ж беларусы, як мы. «Усяго войскі сыходзіліся за вечар чатыры разы, — пракаментаваў на наступны дзень Андрэй Кім. — Кожны раз нязначную перавагу, як мне здалося, атрымлівалі «белыя», але гэта нічога не значыць. У «чырвоных» яўна сваё бачанне сітуацыі, тым больш, што войскі біліся на роўных. Магу вас запэўніць: у любым выпадку, перамаглі беларусы».

Каментаваць