Падведзены вынікі III беларускай біенале «Тэстамэнт»

Падведзены вынікі III беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры «Тэстамент». Гэтая творчая акцыя праводзілася ў мінскім Палацы мастацтва з 5 па 23 снежня і была прысвечаная памяці выбітнага айчыннага мастака, былога намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў (БСМ) па выставачнай дзейнасці Сяржука Цімохава (08.09.1960, вёска Кротаў Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці — 09.10.2012).



Пераможцы біенале ў трох намінацыях — жывапіс, графіка і скульптура вызначаны не толькі сябрамі прафесійнага журы, але па выніках галасавання гледачоў, каторыя  запаўнялі анкету наведвальніка з указаннем імя і прозвішча аўтараў трох твораў у кожнай намінацыі, якія найбольш спадабаліся.

У намінацыі «Жывапіс» пераможцамі, па меркаванні журы, сталі Сяржук Цімохаў, Сяргей Рымашэўскі і Васіль Касцючэнка, а на думку гледачоў — Алесь Грышкевіч, Сяргей Рымашэўскі і Сяргей Грыневіч. У намінацыі «Графіка» журы прызнала лепшымі працы Арлена Кашкурэвіча, Рамана Сустава, Віктара Мікіты, Генадзя Шутава і Уладзіміра Шапо, а гледачы — творы Рамана Сустава, Арлена Кашкурэвіча і Віктара Мікіты. У намінацыі «Скульптура» пераможцамі біенале журы назвала  кампазіцыі Андрэя Вераб’ёва, Сяргея Аганава і Кастуся Селіханава, а гледачы — статуі Андрэя Вераб’ёва, Сяргея Аганава і  Алеся Шацілы.

Беларускі саюз мастакоў, які арганізаваў выставу, разглядае яе не як шараговы выставачны праект, а як творчую акцыю нацыянальнага маштабу, якая мае на ўвазе далейшы выхад беларускіх мастакоў на еўрапейскую і сусветную мастацкую арэну, каб прадставіць Беларусь на міжнародных выставах, конкурсах, пленэрах і ў іншых творчых праектах. Акрамя таго, арганізатары экспазіцыі спадзяюцца, што выстава дазволіць прарваць замкнёнае кола мастацкага асяродку і выйсці насустрач беларускаму гледачу.

Для прыцягнення інтарэсу гледачоў і дзеля агульнай адукацыі публікі ў азах мастацтвазнаўства пад час першага тыдню біенале (з 5 па 12 снежня) культурніцкі партал kyky.org запланаваў і правёў паралельную праграму, у якую ўвайшлі лекцый экспертаў, майстар-класы для дарослых і дзяцей па сучаснай харэаграфіі, маляванню і архітэктуры, выступы музыкаў розных стыляў і ды-джэяў, экскурсіі па выставе з удзелам мастацтвазнаўцаў, якія дапамагалі зразумець дэманструемыя творы.

Абмеркаванне:

  • xczk
  • 2013-01-08 00:46:18
"біенале" ў беларускай мове -- ніякага роду.

Каментаваць