“Падзея” Лазніцы: чатыры дні “майдану” ў Ленінградзе 1991-га

6 лістапада распачаўся  XXII мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”.  У межах асноўнага конкурсу дакументальнага кіно адбыўся паказ новай стужкі Сяргея Лазніцы — “Падзея”. 



Кадр з фільма "Падзея"


Сяргей Лазніца цягам апошніх гадоў ператварыўся ў аднаго з найвялікшых рэжысёраў нашай посткаланіяльнай прасторы, і ў пэўным сэнсе ён — бліжэйшы калега Святланы Алексіевіч.

Сяргей Лазніца нарадзіўся ў Беларусі, быў таксама моцна звязаны з Украінай і Расіяй, цяпер жыве ў Германіі. Прызнаны майстар дакументальнага кіно зняў і два ігравыя фільмы, апошні з якіх быў пастаўлены паводле аповесці Васіля Быкава “У тумане”.

Лазніца — творца посткаланіяльнага светаадчування, яго дакументальныя ды ігравыя фільмы ў першую чаргу пра тых і для тых, хто ўсё яшчэ не пераадолеў траўму савецкага катлавану. Для нас і пра нас.

“Падзея” была цалкам змантаравана са старых чорна-белых стужак Санкт-Пецярбургскай студыі дакументальнага кіно. Новы фільм вяртае нас у 1991 год — жнівеньскі чатырохдзённы “майдан” у Ленінградзе.

У “Падзеі” няма закадравага аўтарскага голасу, толькі майстэрскі мантаж архіўных здымкаў, толькі музыка з “Лебядзінага возера” — саўндтрэк да няўдалага дзяржперавароту, што гучаў з кожнага савецкага тэлевізара. Але для Лазніцы гэта яшчэ і іронія наконт нясмелых шукальнікаў свабоды…

Кадр з фільма "Падзея"

Вось тут людзі збіраюцца будаваць барыкады. Вось яны зусім няўпэўнена спрабуюць раскруціць дрот, каб перацягнуць яго па дарозе. Вось яны перакулілі на дарогу вагон, нацягалі ламачча… Перамога? Ні міліцыі, ні танкаў няма. Але ёсць дух супярэчлівасці. Трывожныя весткі, на тварах людзей разгубленасць… Вось нехта раздае ўлёткі з інфармацыяй, вакол пачынаецца цісканіна — усе спрабуюць выхапіць агітлісткі, каб прачытаць тое, што і так ведаюць: “ФАШЫЗМ — НЕ ПРОЙДЗЕ!!!”. Тут і там гучаць выпадковыя размовы людзей. Нехта разважае пра тое, што міліцыя і КДБ — частка народу, таму трэба з імі дамаўляцца, даводзіць усім людзям правільную інфармацыю… Разрознены натоўп бадзяецца там і сям, нехта старанна выводзіць плакат аб абароне ленсавету… Наіўныя людзі ў пошуках свабоды.

Камера блукае па ленінградскім цэнтры гэтак жа хаатычна, як і людзі, якія ў прынцыпе хочуць бараніць уласную свабоду, ды толькі дакладна не ведаюць, што і як рабіць. У пэўны момант камера выхоплівае Сабчака — мэра Ленінграда, нехта гукае: “Володя, Володя!”. І праз імгненне мы бачым такі добразнаёмы твар Пуціна… Гэтыя людзі — у адрозненні ад нас — ведаюць, што і як рабіць.

Кадр з фільма "Падзея"

Выступоўцы — выступаюць, мітынгоўцы — мітынгуюць, паэты чытаюць прароцкія вершы пра Расію ды Ельцына, барды спяваюць такія ж прароцкія песні… І вось раптоўная перамога: Сабчак аддае загад аб змене сцяга СССР на расійскі трыкалор, будынак на Смольным апячатваюць як архіў. І завяршальная пустэча пад саркастычную музыку з “танца маленькіх лебедзяў”: рэвалюцыя скончылася, так і не здолеўшы пачацца. Фінальныя тытры, дзе фармулюецца аўтарскае выказванне Лазніцы: пасля развалу СССР амаль ва ўсіх рэспубліках засталіся сядзець ва ўладзе тыя ж самыя людзі, аніякіх судоў над дзяржаўнымі злачынцамі не адбылося. А дзе Падзея?

Раптоўная перамога маладой расійскай вальнадумнай нацыі над путчыстамі з ГКЧП усяго за чатыры дні народнага руху, як гэта безапеляцыйна паказвае наша сучасная гісторыя, — міф.

Можна паразважаць пра тое, што тэхнолагі з КДБ вельмі лёгка народ падманулі, змяніўшы адзін сцяг на іншы, але сэнс у тым, што народ і сам не здолеў успрыняць сутнасць Падзеі. Вельмі сур’ёзныя заклікі аб тым, каб не быць старэйшым братам, каб быць роўнай між роўных народаў сястрой, так і засталіся першымі ды няспраўджанымі словамі ненароджанай расійскай грамадзянскай супольнасці.

Кадр з фільма "Падзея"

Лазніцу перадусім цікавіць шум на вуліцах і твары людзей. Ахвяры савецкай рэчаіснасці, як падаецца, так не падобныя на сучасныя твары. Дзіцячая наіўнасць, адкрытасць ды непасрэднасць, надзея, што лепшае здарыцца зараз жа, сустракаюцца разам з незразумелай цяпер верай ў справядлівы ленсавет і іншыя цікавосткі савецкага светапогляду.

Папярэдні фільм Лазніцы “Майдан” быў акурат пра тое, што свабоду не так лёгка здабыць — дакладна не за чатыры дні. Але ўсё ж такі гэта магчыма.

Фота loznitsa.com

Каментаваць