Паэзія архітэктуры ад Тамары Габрусь

У Мінску ў выдавецтве “Беларуская навука" пабачыла свет чарговая кніга доктара мастацтвазнаўства Тамары Габрусь “Паэзія архітэктуры".



Прэзентацыі выдання, якія сабралі нямала прыхільнікаў гісторыі беларускай мінуўшчыны, прайшлі ў Мінску і 23 лістапада ў Магілёве.

Гэта далёка не першы выхад на кніжны рынак твораў вядомай даследчыцы — варта прыгадаць такія грунтоўныя публікацыі, як “Страчаная спадчына" (1998, 2003), “Мураваныя харалы". Сакральная архітэктура беларускага барока ды іншыя. Напісаныя лёгкай, зразумелай мовай, заўсёды добра ілюстраваныя і дакументаваныя, яны звыкла прыцягвалі заслужаную ўвагу. І невыпадкова: даследчыца не толькі асабіста працуе з архівамі, вяртаючы да навуковага жыцця малавядомыя факты і творчую фактуру гісторыі нацыянальнага дойлідства, абапіраючыся на дакументы, але і займальна выкладае прадмет. І па заслугах сярод іншых творчых суполак з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У творчым здабытку Тамары Габрусь — больш 400 навуковых і папулярных публікацый. Гэтым разам у кнігу ўвайшлі нарысы і эсэ, якія цягам 20 гадоў друкаваліся ў зборніках і перыядычных выданнях — “Нашай веры", “Спадчыне", "Нашым слове", “Архитектуре и строительстве". Аб’яднаныя тэматычна і храналагічна, яны ствараюць панарамны агляд архітэктурных помнікаў і ансамбляў у Беларусі, Расіі і Еўропе, уводзячы чытача ў чароўны свет “застылай музыкі архітэктуры.

Кніга, удумліва дапоўненая слоўнікам прафесійных тэрмінаў, можа выкарыстоўвацца як унікальны беларускі падручнік па вывучэнні гэтага ўзнёслага складанага мастацтва, падобна, як у ХХ стагоддзі настольнымі для пачаткоўцаў-мастацтвазнаўцаў з’яўляліся працы Барыса Віпера. Але на старонках выдання знаходзяць месца і дадатковыя тэмы. З цікаўнасцю разам з аўтаркай можна прачытаць дзённік Язэпа Драздовіча. Прайсці шляхамі Напалеона Орды. Прыгадаць, як патрыятычныя акцэнты з’явіліся пры афармленні плошчы перад Нацыянальнай бібліятэкай.

Ядро зборніка — нарысы пра ансамблі прыгажэйшых беларускіх гарадоў — Полацка, Навагрудка і ваколіц (“Яны натхнялі Міцкевіча"), Оршы (“Нездарма тут нарадзіўся Караткевіч"), Мінска. Знайшлося месца і стваральніку мінскага “горада сонца, “галоўнаму магістральнаму архітэктару беларускай сталіцы" Міхаілу Паруснікаву.

Аўтарка, карэнная мінчанка, даводзіць свой погляд на прыгажосць і спецыфічную гармонію, якая ўкладзена ў праекты часоў сталінскага ампіру. У кожнай эпохі свае помнікі, і варта мець магчымасць чароўным ключыкам ведаў адчыніць іх змест.

Выданне накладам 600 экзэмпляраў ужо ў кнігарнях па кошце 48700 рублёў.

Каментаваць