Паэзія колеру Алега Скавародкі

Выстава Алега Скавародкі “Жывапіс. Паэзія колеру” адкрылася 1 кастрычніка ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены каля 40 жывапісных краявідаў і сюжэтных карцін мастака розных гадоў.



Як адзначае дырэктар музея, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, віцебскі жывапісец Алег Скавародка — упэўнены і энергічны майстар з уласным творчым почыркам і поглядам на сусвет, работы якога адзначаны буяннем сакавітых колераў, напружанай і фармальна выбудаванай кампазіцыяй, жывой повяззю с прыродай. Ад ягоных палотнаў патыхае цеплынёю і шчырасцю, увагаю да спрадвечных турбот чалавечага існавання. Мастак даследуе жыццё вакол сябе: малюе вёскі з архаічнымі драўлянымі хатамі, што адрозніваюцца простымі  традыцыйнымі формамі; велічэзныя татэмныя дрэвы, над якімі расцілаюца белыя абрусы-аблокі; панарамныя пейзажы, натоеныя пяшчотай колеравых спалучэнняў; нацюрморты з класічнымі атрыбутамі рэчавага свету, сярод якіх кветкі, садавіна, гародніна, зеляніна, кераміка…

Працы Алега Скавародкі вылучае фактурнасць, матэрыяльнасць, фармальная стылізацыя і вобразны сімвалізм. Жывапісец не шкадуе гучных акордаў, адмаўляе шэрасці, спакою, млявасці. Але не перабольшвае кантрастнасці, змякчае напружанне паўтонамі і ценямі. Пры гэтым упэўнена і смела абагульняе форму. Мастак не прыстасоўваецца да густаў пакупнікоў і запатрабаванняў рынку. Галоўным для яго заўжды было і застаецца імкненне выказаць пяшчотнасць да блізкіх яму людзей і роднага краю.

Алег Скавародка нарадзіўся 5 кастрычніка 1948 года. З 1967 па 1972 гады вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. З 1986 году — сябра Беларускага саюза мастакоў. Персанальныя выставы жывапісца адбываліся ў мінскім Палацы мастацтваў (1988, 1993), Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (2008), у Віцебску, Полацку, Наваполацку, Магілёве, Бабруйску і Навагрудку (Беларусь), Пскове і Смаленску (Расія), а таксама ў Германіі. Творы Алега Скавародкі знаходзяцца ў калекцыях Міністэрства культуры Беларусі, Беларускага саюзу мастакоў, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, а таксама ў музеях і галерэях Магілёва, Віцебска, Полацка, Гродна, Смаленска, Пскова, Волагды, Разані, Шчэціна (Польшча) і Франкфурта-на-Одэры (Германія). Мастак жыве і працуе ў Віцебску.

Выставу можна наведаць па 12 кастрычніка.

Фота Марата Гаравога

Каментаваць