Паходны абразок паўстанца 1863 года захоўваецца ў школьным музеі

У музеі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна захоўваецца цікавы стары абразок, які падчас паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага выдавалі кожнаму паўстанцу.



У музеі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна захоўваецца цікавы стары абразок, які падчас паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага выдавалі кожнаму паўстанцу.

Настаўнік гісторыі гэтай школы Васіль Ракуць расказаў журналісту, што такія маленькія абразкі ксяндзамі выдаваліся паўстанцам пасля малебна ў касцёлах і перад тым, як яны ішлі ў бой. “Абразкі гэтыя былі невялікіх памераў, каб іх зручна было пакласці ў кішэню і перад боем памаліцца і папрасіць у Бога, каб застацца ў жывых, — пачаў распавядаць Васіль Уладзіміравіч.

— А як трапіў абразок у ваш школьны музей? — пытаюся ў вясковага гісторыка.

— Абразок у наш школьны музей прынесла жанчына з суседняй вёскі Прыхілы. Яна сказала, што гэты абразок яе прадзеда, які прымаў удзел у  паўстанні. Шмат гадоў іконка захоўвалася ў іх дома, а нядаўна жанчына вырашыла падараваць старую рэліквію школьнаму музею.

Дарэчы, сам настаўнік Васіль Ракуць з Новадзявяткавіцкай школы не толькі вучыць дзяцей гісторыі, але напісаў і выдаў больш за 20 падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі. Таму ён вырашыў правесці ўласнае гістарычнае расследаванне на прыкладзе сваёй мясцовасці: ці сапраўды выдаваліся паўстанцам такія абразкі. “І што вы думаеце, — працягваў распавядаць вясковы гісторык, — ксёндз Васілеўскі з нашага Новадзявяткавіцкага касцёла быў упаўнаважаным Альфрэда Слізня, які ў той час працаваў і Міністэрстве замежных спраў Расіі ў Пецярбургу і быў нашым земляком. У маёй вёсцы знаходзіўся вялікі палац Слізняў, які не захаваўся. А захаваўся толькі на малюнку Напалеона Орды. Імператар расійскі давяраў Слізню. Але Альфрэд Слізень паціху вёў антырасійскую палітыку. Ён дапамагаў паўстанцам на Беларусі. А свой маёнтак у Новадзявяткавічах выкарыстоўваў для патрэб паўстанцаў: карміў іх там, апранаў, аказваў медыцынскую дапамогу, фінансаваў. У старых расейскіх дакументах я знайшоў такі выраз: ксёндз Васілеўскі ў Дзявяткавічах сустракаў і выпраўляў банды паўстанцаў.

Васіль Ракуць паказвае абразок паўстанцаў 1863 года



— Які лёс Альфрэда Слізня і ксяндза Васілеўскага быў пасля паўстання?

— Альфрэда Слізня пасля паўстання адправілі ў адстаўку. І ён вярнуўся на Слонімшчыну. Касцёл у Дзявяткавічах хутка закрылі, а ксяндза Васілеўскага саслалі ў Сібір, і ён на радзіму больш ніколі не вярнуўся. Але святар таксама выдаваў паўстанцам такія маленькія абразкі перад паходам на маскалёў. Гэта мне некалі нават распавядалі старыя вяскоўцы. Сам палац Слізняў у Дзявяткавічах падчас Другой сусветнай вайны спалілі партызаны.
 

Каментаваць