Пайшоў з жыцця пісьменнік Алесь Савіцкі

Мінулай ноччу на 91-м годзе жыцця памёр пісьменнік Алесь Савіцкі, ганаровы грамадзянін горада Полацку, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, паведаміў у сваім Фэйсбуку Віктар Шніп.



"Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарту. А па сапраўднасці — 8 студзеня 1925. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны.

З 1942 года— партызан атрада “Смерць фашызму”, з 1943— камандзір падрыўной групы атрада “Бальшавік” брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944–1945 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены.

Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе. Першае апавяданне “Рыбацкае шчасце” надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”. Разоў дзесяць мне давялося выступаць разам з Алесем Ануфрыевічам. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму мы з ім ўдзельнічалі ў вялікім пасяджэнні ў АНБ Беларусі, дзе ішла размова пра сучасную літаратуру. Выступаючы, Алесь Савіцкі не толькі называў імёны тагачасных маладых творцаў, а натхнёна па памяці цытаваў вершы. Тады ён прысутных добра ўразіў, калі прачытаў верш Анатоля Сыса, бо раней усе думалі, што Савіцкі ведае творы толькі тых пісьменнікаў, якія займаюць пасады і працуюць у рэдакцыях.

З Алесем Ануфрыевічам было добра пагаварыць пра цяперашняе жыццё, паўспамінаць пісьменнікаў, якія адышлі ў лепшы свет. З ім не адчувалася розніца ў гадах. Ён быў маладым сэрцам і душой…"

Віктар Шніп

Каментаваць