Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі (відэа)

Кампазітару было 72 гады.
kp.by

kp.by

Народны артыст цяжка хварэў, але сваю хваробу не афішаваў. Цела Эдуарда Зарыцкага было знойдзена 6 чэрвеня ў яго кватэры.

Зарыцкі больш вядомы як кампазітар-песеннік. Ён напісаў музыку для парадку 600 песень, якія выконвалі і выконваюць папулярныя спевакі савецкай, беларускай і расійскай сцэны ад Уладзіміра Вуячыча да Піліпа Кіркорава.

Эдуард Зарыцкі нарадзіўся 9 лютага 1946 года ў горадзе Чырвоны Кут Саратаўскай вобласці. З 1948 года жыў у Мінску — у адным з паўкруглых дамоў на плошчы Перамогі.

Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова. Стаў адным з самых маладых членаў Саюза кампазітараў Беларусі, куды ўступіў у 20-гадовым узросце ў час праходжання тэрміновай службы. Працаваў дырыжорам у Тэатры юнага гледача.

Ён аўтар такіх вядомых песень як «Белыя крылы», «Замова», «Начныя кастры», «Будзьма», «Палыновая ростань», «Листок календаря». Яго песня «Так пришла к нам Победа» штогод гучыць 9 траўня.

Пісаў музыку для беларускай зборнай у Клубе вясёлых і знаходлівых, сам гуляў у КВЗ і нават стаў чэмпіёнам СССР.

Яго творчую спадчыну таксама складаюць сімфоніі, сюіты, канцэрты для габоя і валторны. Зарыцкі пісаў музыку да спектакляў, кінафільмаў і мюзіклаў, стварыў цыклы на вершы Адама Міцкевіча, Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча.

У 2006 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Дачка Эдуарда Зарыцкага Ліна жыве ў Нямеччыне, таксама займаецца музыкай.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць