Пакаленне next: вучні ці канкурэнты?

Маладыя беларускія гурты з зайздроснай рэгулярнасцю пастаўляюць на музычны рынак Беларусі новыя рэлізы. Прапаную чытачам НЧ агляд дыскаў беларускамоўных гуртоў новай генерацыі.



«M.G.» класная класіка

Калі мне ўпершыню давялося паслухаць дэбютны дыск гурта «M.G.» «К чорту гарэлку», то быў прыемна ўзрадаваны дабротным гукам і выканаўчым майстэрствам наваградскіх музыкантаў. Гітарныя сола (Герман Кулік), партыі ўдарных (Артур Кулік) і баса (Уладзіслаў Мазалеўскі) ствараюць на запісе тое, што ў музыкантаў завецца грувам. Бадай, такія ўражанні можна адчуць пасля першай кампазіцыі гурта «Бульбатрэш». Што ж тычыцца стылістычнай накіраванасці маладых музыкантаў, то іх прыхільнасці палягаюць у захапленні хард-рокам з сучаснымі дамешкамі, кшталту, progressive-metal, alternative-metal, hard-core. Ад гэтага першая кампазіцыя альбома вылучаюцца насычанай энергетыкай і падаецца неардынарнымі з меладычнага пункту гледжання.

Ужо наступныя кампазіцыі «M.G.» з альбома «К чорту гарэлку» могуць распавесці слухачам зусім пра іншы бок творчасці каманды. Асабліва загалоўная песня на аднайменны верш Ларысы Геніюш. Доўгае, глыбокае intro, здаецца, задумана, каб стварыць атмасферу непрыняцця таго ладу жыцця, які абвяргаўся паэткай. Цяжкія рыфы надаюць кампазіцыі трагічнае адценне, а сэнс кампазіцыі нібы папярэджвае слухача: «У сэрца народу скірованы выстрал / Досыць нам голаў хлуснёю кружыць!/ Жыць яму заўтра, альбо не жыць…» Безумоўна, кампазіцыя на вострасацыяльную тэму «К чорту гарэлку» — адна з самых эмацыянальных на альбоме і вартая, каб яе змясцілі на новых выпусках складанкі «Жыць для Беларусі» з песнямі паводле лірыкі Геніюш.

Арыгінальным словам у сучаснай музычнай багдановічаніяне  можна назваць версію «Пагоні» Максіма Багдановіча. Кампазіцыя распачынаецца лірычнымі гітарнымі пераборамі, якія нагадваюць яшчэ адзін сучасны шэдэўр Багдановіча — кампазіцыю «De la musique avant toute chose» ад мінскага гурта «Dead Marsh». Але ў гурта «M.G.» лірызм плаўна трансфармуецца ў рок-гімн роднаму краю, яго вялікай гісторыі і культуры.

Адзін з варыянтаў «класічнай» песеннай серыі ў выкананні гурта «M.G.» — кампазіцыя «Дзецюкі» (на верш Ларысы Геніюш «Не сумуй»). Гэты твор — працяг таго, што ёсць стрыжнем новай канцэпцыі маладога гурта — і баладнасць, і глыбокае асэнсаванне тэксту твора, яго гарманічнае спалучэнне за мелодыяй, якая пастаянна развіваецца. Праз гэта песня спрыяе ўзнікненню эмоцыі, якая ахінае ўвесь твор, выклікае глыбокую веру ў тое, што наша зямля і краіна будуць вольнымі і незалежнымі. Справядліва будзе адзначыць і вакал У. Мазалеўскага, які дасягае неблагіх вынікаў у агульнай музычнай канве альбому.

Нельга абысці і англамоўныя кампазіцыі гурта «M.G.» («Nail King», «Price of Life»). Ну хаця б таму, што гэта даволі прафесійна спрацаваныя рок-опусы, мэта якіх — наследаваць самым сучасным музычным плыням. Што ж тычыцца іх дапасаванасці да альбому «К чорту гарэлку», то гэтыя кампазіцыі проста выпадаюць з кантэксту дыска (у тым ліку і гукавы эксперымент гурта — кампазіцыя «S.O.U.L.»). Музыкантам патрэбна цвёрдая рука прадзюсера, якія б параіў, як зрабіць чарговы альбом больш канцэптуальным.

 

«TlustaLusta»: пераадольваючы сіндром

У музыкантаў існуе сіндром «другога альбома». Другі альбом, звычайна, самы складаны, і таму яго выпуск суправаджаецца вялікай колькасцю творчых і фінансавых праблем. Напрыклад, дэбютны дыск пераможцы «Басовішча–2008», гарадзенскага панк-гурта «TlustaLusta» «Блін першы» заслужыў даволі шмат пазітыўных адзнак, хоць і меў некалькі хібаў, палягаючых у адсутнасці вопыту. І вось, пераадолеўшы псіхалагічныя перашкоды, гурт прапанаваў слухачам свой новы рэліз — альбом «Пераначуеш — больш пачуеш», выдадзены лэйблам БМА group.

Адразу скажу, што гэтая праца гарадзенскіх музыкантаў можа прывабіць слухачоў больш разнастайнай кампазіцыйнай і стылявой палітрай твораў, а таксама больш сур’ёзным падыходам да лірыкі. Ну чаго варты толькі пералік аўтараў, на тэксты якіх былі створаны кампазіцыі альбома: Н. Арсеннева, С. Грахоўскі, А. Глобус, А. Кулінковіч, Ю. Пацюпа, Л. Дранько-Майсюк, нават Ф.-К. Агінскі (у перакладзе В. Сёмухі). Такая разнастайнасць робіць альбом у нейкім сэнсе панарамным.

Альбомны падыход адчуваецца і ў музычным аздабленні песень гурта «TlustaLusta». Адразу слухач звяртае ўвагу на тое, што панк-рок у ёй ужо не дамінуе стоадсоткава, хоць і застаецца адным з асноўных стылістычных складнікаў. Напрыклад, кампазіцыя «DE SAD» (на верш Ю. Пацюпы, з алюзіямі на радкі У. Дубоўкі і Н. Арсенневай) вылучаецца рэтраспектыўным рок-гучаннем, у якім аддаецца шмат увагі аранжыроўкам для духавых інструментаў (Ігар Жэброўскі — трамбон, труба). Да таго ж, рэтра-рытмы мелодый гурта месцамі нагадваць пародыі на хіты савецкай эстрады.

«TlustaLusta» цалкам не адмовіўся ад свайго экстрэмальнага крэда: у іншых кампазіцыях гродзенскія музыканты шмат увагі надаюць стылю, з якога пачыналі свой шлях на беларускай рок-сцэне. Так, у кампазіцыях «Душа» (на верш С. Грахоўскага), «Эратаграфія» (аўтарства Л. Галубовіча) падкрэсліваецца адданасць панк-року і яго больш сучасным адгалінаванням — хард-кору, альтэрнатыўнаму року. Гэтаму дапамагаюць і два басісты гурта — Павал Фалейчык і Раман Варошка, а таксама два выканаўцы на ўдарных — Ян Каламыцкі (па сумяшальніцтве — гітарыст) і Аляксандр Сыраежка.

Адна з самых яскравых кампазіцый альбома «Ён і яна» (на верш Л. Дранько-Майсюка), расквечаная вакалам Т. Беланогай, якая ў саюзе з вакалістам і гітарыстам «TlustaLusta» К. Богушам падкрэсліваюць актуальнасць вечнай тэмы кахання, адносін паміж жанчынай і мужчынам. Трэба адзначыць, што дуэт Беланогая—Богуш — адна з прыемных нечаканасцяў гэтай кружэлкі.

Што ж тычыцца «сіндрому другога альбома», то гродзенскім музыкантам яго ўдалося пераадолець без асаблівых страт: выканаўцы захавалі свой адметны творчы почырк, расквецілі стылістычную палітру сваіх кампазіцый новымі адценнямі, прапанавалі слухачам даволі спелы прадукт — альбом «Пераначуеш — больш пачуеш».

«Like a Gossamer»: сюіта ў стылі «adult»

Некаторыя з тутэйшых выканаўцаў і гуртоў спярша называюць свае музычныя праекты англамоўнымі назвамі. Адпаведна, і творчасць іх першапачаткова — англамоўная. Але далейшая хада падзей прыводзіць многіх з іх да роднага слова і беларускага культурніцкага кантэксту. Такі шлях пераадолеў і студыйны праект «Like a Gossamer», ініцыятарам якога сталі гітарыст і вакаліст А. Акульчык і басіст Дз. Голін.

Музыканты «Like a Gossamer» прапанавалі слухачам свой першы і ў нечым манументальны рэліз — гадзінную рок-сіюту «Клятва вернасьці». Сапраўды, гэты альбом мае сваю складаную структуру, сваё развіццё і эмацыянальныя ўзлёты і затуханні…

Маю на ўвазе тое, што сюіта ўвабрала ў сваю канву шмат музычных і гукавых сродкаў: тут і фальклорнае выканне (народныя песні «Ой, стаіць бяроза», «Зашумела дубровачка» выконвае салістка гурта «Rokash» П. Дулінец), і гукавыя замалёўкі, якія перадаюць атмасферу беларускага наваколля ў розныя поры года: веснавыя спевы птушак, шум летняга жытняга поля, пошчак восеньскага дажджу, зімняе рыпенне сельскага вазка і капыт гаспадарскага коніка…

Быццам, як у Баршчэўскага і Караткевіча, малады этнограф-фалькларыст вандруе па Беларусі ў з мэтай даследаваць легенды і паданні роднай зямлі, прасачыць лёс яе герояў і выдатных людзей — Чарадзея, М.К. Агінскага, Каліноўскага, зафіксаваць іх для будучых пакаленняў беларусаў (кампазіцыі «Зімовым шляхам», «Полем», «Вільня»…). Сярод гэтых акустычных экзерсісаў вылучаецца «Непачуты палянэз», прысвечаны М.К. Агінскаму і яго жыццёваму шляху патрыёта роднай Літвы.

Эмацыянальны цэнтр альбома «Клятва вернасьці» — творы на вершы А. Жукавай, у якіх сплятаюцца не толькі сімвалы мінулага, але і знакі веры продкаў — паганскай культуры і светапогляду нашых продкаў. З гэтага сімвалізму і вынікае і стылістычнае ўвасабленне цэнтральнай часткі рок-сюіты — кампазіцый «Краіна расамах», «Свіцязь», «Клятва вернасьці», «Заклятая гара», «Шведы» і іншых. Яно палягае на мяжы арт-рока і pagan-metal, ствараючы вельмі яскравы вобраз мінулага роднага краю.

Адзначу тое, што «разынкай» гэтых кампазіцый з’яўляецца ўнутрыкампазіцыйныя кантрастныя эпізоды: напрыклад, сярод экстрэмальных гітарных рыфаў альтэрнатыўга року ці pagan-metal, харызматычнага гроўла А. Акульчыка, можна пачуць лірычныя спевы П. Дулінец, спакойныя гітарныя пераборы і фартэпіянныя акорды клавішніцы гурта К. Ганчаровай, электронныя імправізацыі ўдзельнікаў гурта, якія быццам бы рыхтуюць слухачоў да наступных трэкаў альбома.

Новую працу музыкантаў можна назваць сучасным увасабленнем забытай «музыкі для дарослых» — adult-rock’а, якая атрымала падмацаванне ў нашай краіне з творчасцю гурта «Like a Gossamer» і працягнула традыцыю «Песні пра зубра» «Сузор’я» і «Сымона-музыкі» ад «Dialectic Soul».

Абмеркаванне:

  • Сашог
  • 2014-08-31 15:32:21
Оў, я ўжо маю пару дыскаў з гэтай тройкі, яны часта прадаюцца на канцэртах, такія фірменныя, а вось «TlustaLusta» нешта нідзе няма. Кажуць, нейкі экселюзіўны тыраж. Кепска гэта, бо каманда цікавая, а
класіка ў рок-тэкстах увогуле вабіць. Дзе вы, выдаўцы беларускія, ня сьпіце.
  • KaBe
  • 2014-08-31 23:35:27
Знаходзіш кантакты ў сац. сетках і атрымліваеш дыскі поштай. Звычайная ўжо практыка... З першага разу альбомы не заходзяць, гэтым і цікавыя. Увогуле, агляд альбомаў на ўзроўні.
  • Вімім
  • 2014-09-01 04:57:04
Я дык у сацсеткі ўвогуле ня лаже, а на канцэртах бываю. Вунь нават сёньня на расейскім "АукцЫоне" бачыў і "TlustaLusta", і "M.G." Нямала людзей там
таўклося, нешта бралі, а бамжы, ясна, будуць пампаваць у інтэрнэце - ну таксама ж карысна для першага знаёмства.
  • Змагар
  • 2014-09-02 05:07:05
Ня ведаю як астатнія два , але альбом M.G. можна у музыкаў спытаць вось тут

https://vk.com/m.g.band?w=wall-10900037_539%2Fall

Каментаваць