Пакліканыя да Дня Волі

Выстава жывапісу Алеся Цыркунова да Дня Волі “Пакліканыя” дэманструецца ў сталічнай сядзібе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.



Алесь Цыркуноў. Віленскія светачы Беларусі


На выставе мастак прадставіў свае палотны, напісаныя ў апошнія 25 гадоў і з’яднаныя адной тэматыкай — гісторыяй беларускага нацыянальнага адраджэння. Сярод 14 твораў — партрэты, тэматычныя карціны і краявіды.

Адкрываюць экспазіцыю прысвячэнне выбітнаму беларускаму мастаку Альфрэду Ромэру, напісанае паводле матываў ягонай знакамітай карціны “Ісус і сірата“, што дагэтуль упрыгожвае велічны касцёл Яна Хрысціцеля пачатку XVI стагоддзя ў Камаях, што ў Пастаўскім раёне на Віцебшчыне; краявід з руінамі рэзідэнцыі Сапегаў — легендарнага Гальшанскага замку XVII стагоддзя, што знаходзіцца  ў Ашмянскім раёне на Гродзеншчыне і ўслаўлены Уладзімірам Караткевічам у рамане “Чорны замак Альшанскі”; патрэт выбітнага беларускага паэта, вязня ГУЛАГу Уладзіміра Дубоўкі, а таксама групавы партрэт “Віленскія светачы Беларусі” з вобразамі паэткі Зоські Верас, яе дачкі Галіны Луцкевіч і яе мужа Лявона Луцкевіча — сына прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча.

Наша спадчына. Прысвячэнне Альфрэду Ромэру

Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з партрэтамі дзеячоў антысавецкага супраціву, у тым ліку прадстаўніка Рады БНР, палешука Цімоха Вострыкава, які пасля дэсантавання ў Беларусь у 1952 годзе 23 гады адседзеў у ГУЛАГу; актывістаў Саюзу беларускіх патрыётаў мужа і жонкі Антона і Алесі Фурсаў, якія прайшлі праз ГУЛАГ і зараз жывуць у Паставах, што на Віцебшчыне; сяброўкі Саюзу беларускай моладзі, вязня ГУЛАГу і удзельніцы Кенгірскага паўстання 1954 году Надзеі Дземідовіч, якая зараз жыве пад Мінскам.  

Прасцяг навалы. Руіны Гальшанскага замку

 

Акрамя таго, у экспазіцыі дэманструюцца партрэты выбітных дзеячоў нацыянальнага адраджэння Якуба Якубоўскага, Міхася Ткачова, Юрася Хадыкі і ксяндза-пробашча касцёлу ў Вішневе (Валожынскі раён Мінскай вобласці) Уладыслава Чарняўскага — першага беларускага каталіцкага святара, які вёў службу па-беларуску, а таксама вядомых беларускіх гісторыкаў Леаніда Лыча і Вітаўта Чаропкі. 

Партрэт Уладзіміра Дубоўкі

Каментаваць