Палац вялікіх князёў: выстава літоўска-беларускай даўніны

17 мая, напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, у Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адчынілася надзвычай цікавая выстава — «Палац вялікіх князёў літоўскіх і яго аднаўленне», прадстаўленая аднайменным музеем з колішняй сталіцы ВКЛ Вільні.



17 мая, напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, у Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адчынілася надзвычай цікавая выстава — «Палац вялікіх князёў літоўскіх і яго аднаўленне», прадстаўленая аднайменным музеем з колішняй сталіцы ВКЛ Вільні.

Літаральна за апошняе дзесяцігоддзе, разам з дбайна праведзенымі археалагічнымі раскопкамі, што падаравалі будучаму музею 300 тысяч аўтэнтычных экспанатаў, нашы суседзі правялі дэталёвае планаванне, рэканструкцыю гістарычнага аблічча вялікакняскай рэзідэнцыі на розных гістарычных этапах і яе адбудову. Адбывалася яна  ў адпаведнасці з выглядам часоў вышэйшага росквіту палаца — як рэнесанснай рэзідэнцыі XVI ст. з элементамі паўночна-еўрапейскага маньерызму, набытымі пасля пажару 1610 г. у выніку аднаўлення муроў архітэктарамі Пятром Нонхартам і Вільгельмам Полем. А час пераносу рэзідэнцыі вялікіх князёў у Ніжні замак пры гары Гедыміна, пра які і ідзе гутарка, даследчыкі адносяць на перыяд панавання Аляксандра Ягелончыка (1492-1506).

Рэзідэнцыя дапоўніла ансамбль познегатычнага Верхняга замка (канца XIV ст.), беручы на сябе ўжо не столькі абарончыя задачы, колькі прадстаўнічыя функцыі. Пабудова набыла асаблівую прыгажосць дзякуючы талентам італьянскіх архітэктараў і скульптараў (Барталамеа Бярэчы, Джавані Чыні) і мецэнацкай дзейнасці вялікіх князёў. Рэзідэнцыя ператварылася у сапраўдны музей у часы панавання апошняга Ягайлавіча, выдатнага мецэната Жыгімонта Аўгуста (1548-1572). За кошт шыкоўных збораў габеленаў, карцін, зброі і вялікай бібліятэкі, велічнага парка вакол яе, палац зрабіўся цэнтрам новай рэнесанснай культуры Рэнесанса ў Вялікім Княстве Літоўскім.

  Макет Палаца

Наведвальнікі выставы могуць на ўласныя вочы ўбачыць этапы існавання рэзідэнцыі, праілюстраваныя археалагічнымі знаходкамі і выяўленчым матэрыялам — старадаўнімі гравюрамі, картамі, замалёўкамі — ад познегатычных і рэнесансных часоў да моманту яе знікнення ў ХІХ ст. І стадыі яе адбудовы пасля прыняцця Соймам Літвы адпаведнага рашэння ў 2000 г. Археалагічныя экспанаты, знаходкі з тэрыторыі рэзідэнцыі, даюць яскравае уражанне пра багацце матэрыяльнай і мастацкай культуры нашай супольнай з літоўцамі сталіцы XV-XIX стагоддзяў. Прылады для гульні ў нарды і шахматы, стылёвы скураны абутак, торбы, пальчаткі і похвы для халоднай зброі, фасонная біжутэрыя, каляровая кафля печак і сценаў — з рэлігійнымі, міфалагічнымі і геральдычнымі (некалькі прыгожых выяваў “Пагоні) сюжэтамі…

Габелен Гісторыя Саула і Давіда Фландрыя 17 ст

Трэцяя частка экспазіцыі — мастацкія творы, закупленыя на еўрапейскіх аукцыёна, каб аднавіць запаўненне звыш 60 залаў рэзідэнцыі, што прымуць наведвальнікаў ужо ў 2013 годзе. У Мінск прыехала малая, але годная частка — два вялікія фламандскія габелены, нямецкая і італьянская мэбля — стол, крэслы, касонэ, якасныя копіі партрэтаў Жыгімонта Старога і Боны Сфорца, гравюры гарадоў ВКЛ, каштоўны посуд.

Кафля 16 ст.

Звяртаючыся да гасцей вернісажe па-беларуску, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас і дsрэктар палаца-музея Вітас Далінскас нагадалі, што росквіт віленскай рэзідэнцыі вялікіх князёў спыніла яе рабаванне маскоўска-казацкім войскам у часы захопу Вільні ў 1655-1661 г., а фактычнае руйнаванне муроў адбылося ў 1799-1801 гг. з санкцыі улад Расійскай імперыі. Так пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў знішчаліся сімвалы былой дзяржаўнасці літоўцаў і беларусаў. Таму сёння адбудова палаца — сімвалічнае адраджэнне гістарычнай справядлівасці і нацыянальнай памяці, такое ж, як аднаўленне мінскай ратушы і старых беларускіх замкаў. Годная будучыня выбудоўваецца шанаваннем багаццяў мінулага, вяртаннем прыгажосці нацыянальных помнікаў, сапраўдных імёнаў назвам мясцін і вуліц. У гэтым, маючы з беларусамі супольную гістарычныю калыску — ВКЛ, і агульных вялікіх князёў з іх віленскім палацам, літоўцы гатовыя супрацоўнічаць з намі.

Выступ Эдмінаса Багдонаса

Напрыканцы госці выказалі вялікую падзяку за супрацоўніцтва ў арганізацыі плённага літоўска-беларускага культурнага абмену былому дырэктару Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргею Вечару, які незадоўга перад адкрвццём выставы пакінуў сваю пасаду.

Да 26 жніўня 2012 г. экспанаты з Вільні гасцююць у Мінску. А ў 2013м арганізатары запрашаюць у Вільню ва ўжо адчынены новы музей — Палац вялікіх князёў літоўскіх, які адначасова зробіцца цэнтрам шматлікіх урачыстых мерапрыемстваў перыяду планаванага старшынства Літвы ў Еўрасаюзе.
 

Каментаваць