Палітычныя малюнкі забытага мастака Аляксандра Раманоўскага

Здымкаў беларускага мастака Аляксандра Раманоўскага мне знайсці не ўдалося. Але адшукаў шмат яго малюнкаў на палітычныя тэмы. На іх адлюстравана трагічная і праўдзівая гісторыя нашага народа.



Аляксандр Раманоўскі. Зачыняюць царкву.


Аляксандр Раманоўскі пражыў усяго 40 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1915 годзе. Пасля школы паступіў у мясцовы мастацкі тэхнікум. А калі закончыў тэхнікум, уладкаваўся на працу настаўнікам малявання. Потым пэўны час працаваў мастаком-дэкаратарам у Другім Беларускім дзяржаўным тэатры (II БДТ).

У 1940 годзе Аляксандра Раманоўскага мабілізавалі ў армію і накіравалі на фінскі фронт. Але там праз год ён трапіў у нямецкі палон. Яго, як палоннага, прывезлі ў Германію, дзе ён і знаходзіўся да канца вайны. Праўда, вяртацца на Бацькаўшчыну Раманоўскі не спяшаўся, бо ведаў, што адразу будзе сасланы ў Сібір. Ён застаўся ў Германіі. Там беларускі мастак працягваў сваю творчую дзейнасць і жыў да 1949 года.

На допыт

З Германіі шлях беларускага мастака ляжаў у Аўстралію. Спачатку ён далучыўся да беларусаў Сіднея, а потым неяк адышоў ад іх, хаця з многімі землякамі сябраваў. У Аўстраліі Аляксандр Раманоўскі шмат працаваў. У памятным альбоме «Беларускія мастакі замежжа» (ЗША, 2001) пра яго згадваецца так: «Найбольш творчую ўвагу мастака прыцягвалі палітычныя карыкатуры, плакат, скетч. Ягоныя творы адзначаюцца поўным апанаваннем тэхнікі рысунку ды імкненнем выказаць задуманую ідэю найбольш ашчаднымі мастацкімі сродкамі».

Карыкатуры-скетчы Аляксандра Раманоўскага друкаваліся на старонках беларускай газеты «Бацькаўшчына», у часопісе «Конадні», у расійскіх эміграцыйных выданнях. А ў 1955 годзе ў Сіднеі асобным выданнем свет пабачыў сшытак з 14 скетчамі мастака пад назвай «За жалезнай заслонай».

Партрэт студэнта Віцебскай мастацкай школы Сямёнава, які загінуў у падвалах НКУС у 1938 годзе

Беларускі мастак у далёкім замежжы вельмі часта звяртаўся да тэматыкі савецкай Беларусі, паказваў цяжкае жыццё беларусаў, жахі рэпрэсій. Ён наладжваў шматлікія кантакты з аўстралійскімі мастакамі, удзельнічаў у разнастайных мастацкіх выставах. А апошняя з іх, як згадвае Наталля Гардзіенка ў сваёй кнізе «Беларусы ў Аўстраліі» (Мн., 2004), якая аб’ядноўвала творы 30 найвыдатнейшых аўстралійскіх мастакоў, адбылася з Сіднеі ў верасні 1955 года, за месяц да трагічнай смерці мастака.

З некаторымі творамі Аляксандра Раманоўскага хочацца пазнаёміць чытачоў «Новага часу». Яны сваю актуальнасць не страцілі.

Масавыя арышты

Чарга па хлеб

 

Святары ў лагеры прымусовай працы

Каментаваць