Палітыка зомбі і Беларусь

У зомбі-апакаліптычнай карціне з Брэдам Пітам «Вайна сусветаў Z» падставовую ролю грае Беларусь. Што звязала зомбі і Беларусь? Беларусь у гэтай зомбі-палітыцы займае пачэснае месца.

 



Звольнены супрацоўнік ААН Джэры Лэйн (Брэд Піт) вядзе ціхае сямейнае жыццё, пакуль не пачынаецца страшэнная эпідэмія. Людзі пераўтвараюцца ў напаўмёртвых куслівых шалёнцаў, гарады і краіны абрынаюцца адно за адным. Герой мусіць знайсці вытокі хваробы — насуперак ордам шпэці.

Карціна Марка Форстэра, што распачала «пандэмічнае» шэсце па свету, — «паноўна»-бюракратычная стужка на тэму зомбі, прытарнаваная для шырокай аўдыторыі — з 13 гадоў. Фільм пастаўлены паводле бестсэлера Макса Брукса — сына камедыёграфа Мела Брукса. Стужка ўжо сабрала ў пракаце пад 260 мільёнаў долараў і працягвае збіраць ураджай.

У фільме відовішчныя масавыя сцэны — з гарадамі, ахопленымі панікай і хваробай шаленства. Гелікоптэры прылятаюць у самую апошнюю хвіліну, на мур вакол Іерусаліму па лесвіцы з уласных целаў порстка караскаюцца мерцвякі, разгубленыя месцічы крычаць і лякаюцца.

Усё гэта — калі не лічыць падзення Іерусаліму — далёка не самае новае ў жанры. А прыватныя гісторыі, абавязковыя ў карцінах-катастрофах, зусім адыходзяць у цень: важныя вайсковыя аперацыі па ўсім свеце (іншы пераклад назвы стужкі «Зомбі — сусветная вайна»). У гэтых аперацыях ключавы чыннік — арганізацыя грамадства.

Стваральнікі стужкі не хаваюць захаплення Паўночнай Карэяй: каб пазбегнуць заражэння, усім насельнікам за 24 гадзіны выдралі зубы. Іншая гераічная мадэль — беларуская. У самы адказны момант героя Брэда Піта выратоўвае беларускі самалёт. У кадрах колькі разоў з’яўляецца надпіс: «Belarusian Airline» (у кнізе гэта дэталь адсутнічае), пілот мудры, пераканаўчы, адказны: ён вядзе самалёт цвёрдай рукой і абліччам нагадвае кіраўніка Беларусі (і страшна нават падумаць, каго тады сімвалізуюць зомбі, схаваныя ў самалётным падполлі).

Калі ў фільмах-катастрофах 1980-х гадоў усе грамадскія інстытуты цярпелі покрыш, а выратавальнікам з’яўляўся кансерватыўны свабодны герой, то ў «Вайне сусветаў Z» галоўны герой — бюракрат на службе (няхай сабе — адстаўнік), а падставовыя чыннікі выратавання — моцныя чыноўныя інстанцыі, як у асобных аўтарытарных рэжымах, так і сусветныя (ААН). Роля зомбі таксама змянілася.

Першыя зомбі кінаэкрану 1930–1940-х былі павязаныя з магіяй, паэзіяй, этнаграфіяй («Белы зомбі», «Я гуляла з зомбі») — ніхто нікога не кусаў, не паядаў, затое былі шаманы і рытуалы.

Сучасныя зомбі з’явіліся ў 1968 годзе — з «Ноччу жывых мерцвякоў» Джорджа Рамэры. Зомбі ў фільме з’явіліся з ніадкуль, масава — у выніку нетлумачальнай касмічнай і сацыяльнай катастрофы — яны марудна, але ўпарта атакавалі дый перадавалі заразу ўкусам. Карціна сталася метафарай сацыяльных канфліктаў — найперш расавых — і шакавала цэнзуру, якая так і не наважыла даць фільму рэйтынг. Цікава, што новая зомбі-стылістыка звязаная з вампірскім раманам Рычарда Мэтсана «Я — легенда» пра апошняга чалавека на Зямлі, які змагаецца з мірыядамі ўпыроў.

«Досвіткі мерцвякоў» 1978 года і «Дзень мерцвякоў» Рамэры прадоўжылі ягоную лінію сацыяльнай крытыкі, калі не жорсткай сатыры; а процьма іншых аўтараў эксплуатавалі «мясныя» прыгоды зомбі.

На пачатку 2000-х адбыўся новы выбух зомбі-тэмы: «28 дзён пасля» Дэні Бойла, «28 тыдняў пасля» Хуана Карласа Фрэснадыльё і «Зямля мёртвых» Рамэры давалі пераканаўчыя карціны зомбі-апакаліпсіса, а вялікія кінакарпарацыі распачалі эксплуатацыю «Прытулку зла».

Паказальна, што ва ўсіх выпадках росквіт зомбі-карцінаў дакладна папярэднічаў эканамічным крызісам — і прарочыў сітуацыю надыходнага абвалу.

«Вайна сусветаў Z» не мае такога балючага нерву. Гэта зомбі-карціны ва ўмовах стабілізацыі, калі грамадства схільнае давяраць ананімным установам і «моцным правілам».

Беларусь у гэтай зомбі-палітыцы займае пачэснае месца.

Каментаваць