Памяці патрыёта Бацькаўшчыны Тадэвуша Рэйтана

У Мінску прэзентавалі 5-ы нумар літаратурна-мастацкага альманаха “Тэксты” з вынікамі конкурсу імя Тадэвуша Рэйтана. Такім чынам арганізатары прэзентацыі — выдавецтва “Галіяфы” і арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана адзначылі дзесяцігоддзе альманаха.



Вокладка пятага нумару альманаха “Тэксты”


Удзельнікі прэзентацыі зазначалі, што ўпершыню на землях былога Вялікага Княства Літоўскага надрукаваны зборнік працаў навукоўцаў і літаратараў, прысвечаны вялікаму сыну беларускай зямлі — Тадэвушу Рэйтану, герою знакамітага Надзвычайнага сойму Рэчы Паспалітай 1773 годуа ў Варшаве. Імя наваградскага падкаморыча Тадэвуша Рэйтана, які ў трагічныя для Бацькаўшчыны дні ўзначаліў невялікае кола літвінаў — дэпутатаў сойму, паўстаўшых супраць Першага падзелу Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, назаўсёды стала сімвалам нязломнага патрыятызму і грамадзянскай мужнасці.

Вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў так апісвае подзвіг Тадэвуша Рэйтана. Як дэпутат сойму, Рэйтан атрымаў катэгарычны наказ патрабаваць безумоўнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі ВКЛ. Нягледзячы на тое, што пад час сойму Рэйтана падтрымалі толькі два дэпутаты-ліцвіны (Самуэль Корсак ад Наваградку і Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі ад Мінску) ён выхапіў шаблю ў адказ на прапанову за дзве тысячы дукатаў пакінуць залю пасяджэнняў. А калі пад час прамовы Самуэля Корсака дэпутаты-здраднікі пачалі выходзіць з залі, Рэйтан лёг крыжам перад дзвярыма і закрычаў:

“Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны!”. Калі ж здрадзіў і сам вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Тадэвуш Рэйтан абвясціў галадоўку, цяжка захварэў і рэшту жыцця бавіў у роднай Грушаўцы, што на Ляхавіччыне.

Дарэчы, на вечарыне прагучала і іншая версія сыходу Тадэвуша Рэйтана ў іншы свет — палітычна матываванае забойства.

Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем. У ягоны гонар у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску называліся школы і вуліцы, узводзіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вядомыя літвіны XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі і Францішак Смуглевіч прысвячалі Рэйтану і яго паплечнікам  літаратурныя і мастацкія творы. На прыкладзе героя, які выратаваў гонар сваіх сучаснікаў, выхоўваліся пакаленні патрыётаў.

Удзельнікі прэзентацыі гаварылі пра вяртанне ў беларускі нацыянальны гістарычны пантэон імёнаў Рэйтана, Корсака і Багушэвіча, усебаковага ўшанавання іх памяці, а таксама аднаўлення і захавання радавой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, дзе на думку выбітных дзячоў беларускай навукі і культуры мусіць паўстаць Дзяржаўны мемарыяльны музей Тадэвуша Рэйтана. Прычым, у музеі трэба адлюстраваць жыццё і дзейнасць як самога Тадэвуша Рэйтана, так і іншых прадстаўнікоў знакамітага роду: пісьменнікаў Станіслава і Ганны, асветнікаў і дабрадзеяў мясцовых жыхароў — Язэпа і Аліны — апошніх з роду.  Выступоўцы заклікалі падтрымаць ідэю стварэнне ў адноўленай сядзібе Рэйтанаў гістарычна-культурнага комплексу нацыянальнага значэння.

Пад час вечарыны дэманстравалася выстава графікі вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна “Род Рэйтанаў. Асобы. падзеі”.
 

Адкрыццё вечарыны

Абмеркаванне:

  • Зьміцер Юркевіч
  • 2014-10-29 22:09:33
Дзякую за рэакцыю! Але, прашу аўтара матэрыяла ўнесьці праўку ў сказ" Імя наваградскага падкаморыя Тадэвуша Рэйтана". Тадэвуш Рэйтан быў падкаморычам (сынам падкаморыя дамініка
Рэйтана).Гэта істотна. У нашым прэс-рэлізе не памылка. І яшчэ адзін момант. На вялікі жаль, пісьменнік Уладзімір Арлоў не змог прысутнічаць на імпрэзе, удзел браў ня меньш знакаміты рэжысер,
сцэнарыст і..пісьменнік - Уладзімі Арлоў. Дзякую!!
  • Рэдакцыя
  • 2014-10-29 22:38:14
Дзякуй за заўвагі, выправілі :)
  • Марат Гаравы
  • 2014-10-30 00:25:36
У сваім матэрыяле я прывёў не словы рэжысёра. сцэнарыста і пісьменніка Уладзіміра Арлова, а словы менавіта выбітнага пісьменніка Уладзіміра Арлова з ягонай кніжкі "Імёны свабоды".
Наконт падкаморыча -- вялікі дзякуй! З павагай і найлепшымі пажаданнямі, Марат Гаравы.
  • Зьміцер Юркевіч
  • 2014-10-30 01:56:42
Спадар Марат і рэдакцыя, дзякую за разуменьне! П.С. Далёка не ўсё напісанае аб Тадэвушы Рэйтане да 2013 г. варта браць на веру. У асноўным аўтары выкарыстоўваюць літаратурныя жыццярысы Ю.Нямцэвіча і
Г. Жавускага, у якіх некалькі фактаў шчодра перасыпаны "вынаходніцтвамі" .
  • Марат Гаравы
  • 2014-10-30 22:45:45
Паважаны спадар Зміцер Юркевіч! Вялікі дзякуй за працу па ўшанаванню памяці Тадэвуша Рэйтана і цудоўную кнігу ў гонар гэтага сапраўднага і моцнага чалавека. З вялікім задавальненнем буду асвятляць
Вашыя справы праз СМІ. Па неабходнасці пішыце і тэлефануйце на кантакты, што скіну на Ваш эл.адрас. Поспехаў. Марат Гаравы.

Каментаваць