Памяці Валянціна Тараса

24 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя кніжкі Алеся Мінскага “Валянцін Тарас. Літаратар з беларускіх шасцідзясятнікаў”, што днямі выйшла ў сталічным выдавецтве “Харвест” накладам у 1 тыс. асобнікаў. Гэтае ілюстраванае выданне з’яўляецца 35-м у серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”, заснаванай у 2012 годзе прафесарам Анатолем Тарасам.



Кніга прысвечана таленавітаму беларускаму паэту, празаіку, публіцысту, перакладчыку і грамадскаму дзеячу Валянціну Тарасу (09.02.1930, Мінск — 13.02.2009, Мінск), творчасць якого добра вядомая на Беларусі.

У прадмове да выдання доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Тычына адносіць Валянціна Тараса да слаўнай кагорты шасцідзясятнікаў, якія “акцэнтавалі ўвагу на паняццях “праўда”, “дабро” і досыць падазрона ставіліся да паняцця “хараство”, асноўнага ў мастацкай творчасці”. Навукоўца звяртае ўвагу на тое, што Валянцін Тарас “свядома шукаў у сваім жыццяпісе знакі часу, спыняўся перад семантычнымі глыбінямі падзей і не баяўся прызнацца ў няслушнасці або хібнасці сваёй былой пазіцыі”.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэт, публіцыст і грамадскі дзяяч Анатоль Вярцінскі зазначыў, што з Валянцінам Тарасам, які ў 13 гадоў пайшоў да народных мсціўцаў, іх яднала партызанскае юнацтва, яднала студэнцкая маладосць пад час вучобы на філфаку Белдзяржуніверсітэту. У 1989 годзе ў “ЛіМе”, галоўным рэдактарам якога тады быў Анатоль Вярцінскі, выйшла нізка з лепшых вершаў Валянціна Тараса, яны разам прымалі актыўны ўдзел у заснаванні і дзейнасці Беларускага ПЭН-цэнтру, у кангрэсах у абарону культуры і дэмакратыі, свабоды і адказнасці ў незалежнай прэсе, урэшце былі суседзямі па лецішчах на знакамітай Лысай Гары.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар філалагічных навук Арсень Ліс нагадаў, што Валянцін Тарас спадзяваўся пра выхад кнігі сваіх выбраных твораў, даволі крытычна ставіўся да сваёй творчасці і называў сябе не пісьменнікам, а літаратарам. “Гэты быў чалавек высокага сумлення, таму невыпадкова ён прыйшоў да ацэнкі такіх каштоўнасцяў, як нацыянальнае і дэмакратычнае, згодна з імі рэалізаваў сваю творчасць, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця. Ён заўжды быў незалежным у сваіх поглядах і гэтым сцвердзіў сябе, як літаратар і беларускі інтэлігент”, — падкрэсліў навукоўца.   

Лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэтка Раіса Баравікова назвала Валянціна Тараса надзвычай таленавітым паэтам, які адчуваў водар паэзіі, і прачытала свае вершы-прысвячэнні гэтаму выбітнаму сыну беларускай зямлі.

Рэдактар выдання, вядомы беларускі літаратуразнаўца і публіцыст Сямён Букчын адзначыў, што ягонага сябру Ввлянціна Тараса вылучаў фнаменальны артыстызм, з якім звязаная ягоная тонкасць, як літаратара, ягонае непрыманне несумленных людзей і пэўных поглядаў. “Менавіта ў Валянціна Тараса і яго сяброў я вучыўся адносінам да людзей і жыцця. І сёння мне вельмі не хапае Валянціна Тараса, з якім заўжды можна было нешта абмеркаваць, пра нешта пагаварыць і разам паўдзельнічаць у нейкай справе. Прычым за дзве хвіліны ён мог развесяліць і вывесці з самага сумнага настрою”, — сказаў Сямён Букчын. На ягоную  думку, Валянцін Тарас быў асобай часу, бо праз ягоную біяграфію прабіваецца час.

Аўтар выдання — Анатоль Тарас, які кнігу пра свайго старэйшага роднага любага брата выдаў пад псеўданімам “Алесь Мінскі”, адзначыў, што “Валянцін, ня якога я глядзеў з раззяўленым ротам, заўжды быў у маім жыцці і найбольш паўплываў на мяне, быў вельмі добрым чалавекам і як магніт, прыцягваў да сябе людзей”. Спадар Анатоль выказаў падзяку Сямёну Букчыну за рэдакцыю кніжкі і назваў слушнай прапанову пра выданне тому вабраных твораў Валянціна Тараса.

Каментаваць