Вечарам 4 чэрвеня ў Палацы мастацтва адкрылася выстава «Памяць іх ценям» да 150-х угодкаў нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. 



Адкрыццё выставы. Выступае Генадзь Драздоў.


У экспазіцыі, арганізванай Беларускім саюзам мастакоў (БСМ), прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва розных стыляў, якія пры ўдумлівым разглядзе дазваляюць атрымаць адказы на шэраг актуальных  пытанняў часу.

Сярод дэманструемых — шмат прац, створаных у апошнія гады, у тым ліку работы Марыі Барысенкі, Святланы Амельчанкі, Наталлі Белавокай, Наталлі Піневіч, Генадзя Драздова, Уладзіміра Кандрусевіча, Ягора Батальёнка, Юрася Мацко. Алены Ігнаццевай, Алены Гайдук, Эдуарда Агуновіча, Уладзіміра Пахоўцева, Юры Каралевіча, Сняжаны Віцецкай, Віктара Мікіты і Віктара Барабанцава. Разам з тым, у экспазіцыі дэмаструюцца творы выбітных айчынных мастакоў, што прысвечаныя тэме паўстання і даўно ўжо сталі хрэстаматыйнымі, у тым ліку палотны Аляксея Марачкіна, Міколы Купавы, Уладзіміра Сулкоўскага і Віктара Маркаўца. 

Юрась Мацко «Жыта наша».

Старшыня творчай суполкі «Пагоня» БСМ Генадзь Драздоў звярнуў увагу на тое, што тэма выставы міжволі выклікае асацыяцыі з сённяшнімі падземі вакол Украіны, бо 150 гадоў таму і сёння гаворка ідзе пра адно і тое ж -- пра цівілізацыйны канфлікт паміж азіяцкай расійскай імперыяй і еўрапейскім мысленнем. На думку старшыні «Пагоні», наспела пара тэматычныя выставы такога кшталту рабіць не чыста мастацкімі, а мастацка-музычна-літаратурнымі, з уключэннем у экспазіцыю музычных твораў, а таксама дакументальных, выяўленчых і рэчавых матэрыялаў, што маюць непасрэднае дачыненне да паўстання і ягоных наступстваў.

Алесь Пушкін. Інсталяцыя, прысвечаная юбілею паўстання. 

А вядомы беларускі графік і грамадскі дзяяч Мікола Купава нагадаў, што ў паўстанні ўдзельнічалі шматлікія прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі, у тым ліку  мастак Міхал Андрыёлі, скульптар Генрых Дмахоўскі і Каміла Марцінкевіч – дачка класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Купава назваў постаць Кастуся Каліноўская сімвалічнай, а ягонаяе імя — «вечным сцягам» для беларусаў.  

Аляксей Марачкін «Трыумф» Мураўёва-вешальніка».

Рыгор Сітніца «Вільня. Касьцёл св. Ганны».

Уладзімір Сулкоўскі «Кастусь Каліноўскі». 

Абмеркаванне:

  • Сьвята
  • 2014-07-08 21:23:04
Чынна, творча і годна адзначылі 150-ыя ўгодкі паўстання!

Каментаваць