Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Памяць аб продках — па-беларуску

Таварыства беларускай мовы звярнулася да грамадзян Беларусі з прапановай узнавіць спрадвечную традыцыю ўсталявання помнікаў сваім блізкім, якія адышлі ў іншы свет, з надпісамі па-беларуску.

«Неад'емнай часткай культуры кожнага народа з'яўляюцца могілкі.

Калі на могілках чысціня і парадак, значыць нацыя развіваецца, калі ж расце быльнёг і дзядоўнік, то народ і краіна – у вялікай небяспецы. Толькі ў часы нашай незалежнасці беларускія могілкі пачалі прыводзіцца ў парадак, там аднаўляюцца хрысціянскія сімвалы, у тым ліку памятныя крыжы і капліцы. Аднак, нас хвалюе адна небяспечная рэч. З часоў Расійскай імперыі, калі беларуская мова была забаронена, каталікі падпісвалі свае надмагіллі па-польску, а праваслаўныя – па-руску. Выключэнні складалі яўрэі і татары, якія ў той час зберагалі свае традыцыі і карысталіся сваімі алфавітамі», -- узгадваецца ў звароце.

«За нядоўгі перыяд беларусізацыі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя пачалі з'яўляцца помнікі з беларускай мовай. Аднак хваля сталінскай і хрушчоўскай русіфікацыі запаланіла нашы могілкі надпісамі на рускай мове. Пацярпелі ў тым ліку яўрэі і татары, бо і іх надпісы пачалі рабіць па-руску.

На жаль, гэта прыкрая для нас традыцыя існуе і зараз. Нягледзячы на тое, што 83,7% насельніцтва краіны вызнае сябе беларусамі, колькасць надмагільных надпісаў па-беларуску не перавышае 1-2%. Нават надмагіллі некаторых дзеячоў беларускай культуры іх нашчадкі падпісваюць па-руску. Пры гэтым, спрадвечныя імёны і прозвішчы беларусаў непазнавальна змяняюцца, Янка становіцца Іванам, а Алена — Еленай».

Каб сцвердзіць сваю нацыянальную свядомасць і прыналежнасць да еўрапейскай сям’і народаў ТБМ заклікае аднавіць традыцыю ўсталявання помнікаў блізкім з надпісамі па-беларуску. 

Абмеркаванне:

  • Павел
  • 2017-07-13 19:48:58
Толькі за! Сканаю - надпіс толькі на роднай мове!

Каментаваць