Памяці Кастуся Тарасава

Год таму, 22 сакавіка беларускае грамадства скаланулася ад трагічнай весткі: на 70-м годзе жыцця памёр Канстанцін Тарасаў. Пісьменнік і журналіст. Шырока вядомы. І гэта не эпітэт з рытуальнага развітання, не заўсёдная ветлівая даніна памяці. Гэта — канстатацыя факта.

Менавіта факты, людзі, падзеі ў іх панарамнай шырыні, максімальна магчымай паўнаце і ўзаемасувязі, без ідэалізацыі і штучных прыхарошванняў — аснова гістарычных рэканструкцый Канстанціна Тарасава, якія і прынеслі яму шырокую вядомасць і павагу.

Зборнік гісторыка-літаратурных эсэ «Памяць аб легендах», які выйшаў у 1984 годзе, разышоўся імгненна. Без усялякай рэкламы. Дакладней, дзякуючы самай хуткай і дзейснай рэкламе — вуснай пошце ад сябра сябру, ад знаёмага знаёмаму. Кніга па сутнасці падняла з бездані акіяну забыцця Атлантыду ўласна беларускай гісторыі, наўмысна затопленай тайфунамі савецкай гістарыяграфічнай міфалогіі, тарнада ідэалагічнай нецярпімасці. Праз два гады, у працяг тэмы, Косця выдае яшчэ адну кнігу — «Пагоню на Грунвальд».

Дзве кніжкі — у самы патрэбны момант. Ён як быццам бы прадчуваў інтуіцыяй свайго талента гістарычныя перамены ў лёсе сваёй краіны. І менавіта на яго кнігах фармавалася новая нацыянальная самасвядомасць авангарда беларускага грамадства, які ініцыяваў і дамогся адраджэння беларускай дзяржаўнасці.

Кастусь Тарасаў вельмі перажываў за паразу дэмакратыі ў Беларусі, за адкат да аўтарытарызму, што, магчыма, і сталася адной з прычын інсульту. Неверагодным напружаннем волі ён змог пераадолець хваробу і вярнуцца да творчай працы. На ранейшым узроўні свайго магутнага талента. Эсэ за эсэ, нарыс за нарысам, аповесць адна, другая. Ён прынёс іх у «Новы час» з дакладным азначэннем: аповесці — на сайт, эсэ — у папяровую газету. І ўсміхаючыся сваёй непаўторнай іранічна-добразычлівай усмешкай жартаваў: «А куды ж яшчэ адрасаваць гістарычныя творы, як не новаму часу».

Ён вельмі спяшаўся паспець зрабіць задуманае. На вялікі жаль і смутак, лёс распарадзіўся інакш. Але цяпер ужо відавочна: галоўную справу свайго жыцця ён выканаў.

У тым і ёсць шчырая і доўгая, дзейсная памяць пра Канстанціна Тарасава: яго творы належаць новаму часу. Назаўсёды — сёння, заўтра, праз год, праз дзесяць, праз…
 
Каментаваць