Памяці Віталя Цвіркі

Вялікая экспазіцыя пейзажаў і нацюрмортаў класіка беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя Віталя Канстанцінавіча Цвіркі (1913–1993) працуе ў мінскім Палацы мастацтваў да 31 мая 2009 года. У залі на другім паверсе з фондаў Беларускага саюзу мастакоў з калекцыі сям’і патрыярха беларускага жывапісу прадстаўлена некалькі дзесяткаў выдатных твораў, многія з якіх доўгія гады былі не даступныя аматарам прыгожага.



Вялікая экспазіцыя пейзажаў і нацюрмортаў класіка беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя Віталя Канстанцінавіча Цвіркі (1913–1993) працуе ў мінскім Палацы мастацтваў да 31 мая 2009 года. У залі на другім паверсе з фондаў Беларускага саюзу мастакоў з калекцыі сям’і патрыярха беларускага жывапісу прадстаўлена некалькі дзесяткаў выдатных твораў, многія з якіх доўгія гады былі не даступныя аматарам прыгожага.

Падзея, якую не варта прамінуць, бо творчасць Цвіркі — як ланцужок, што звязаў найбольш значныя моманты мастацкага жыцця краіны. Ад Віцебскай школы (у 1929–1932 гадах Цвірка вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў І. Ахрэмчыка, Ул. Хрусталёва) да ўзнікнення паўнавартаснай сістэмы мастацкай адукацыі ў сталіцы. Віталь Канстанцінавіч з 1953 года выкладаў, а затым і ачольваў кафедру жывапісу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, а ў 1958–1960 гадах быў яго рэктарам.

Варта таксама адзначыць, што талент Віталя Цвіркі выявіў яшчэ ў мінскай школе (пасля пераезду сям’і яго бацькі, гомельскага настаўніка, у сталіцу) выдатны мастак, які не грэбаваў выкладаннем у звычайных навучальных установах — Міхаіл Станюта. А таксама заўважыў сусед па доме, Кандрат Крапіва, якому апрача літаратурнага быў не чужы і дар малявання. І магчыма, пазнейшы ад’езд на вучобу ў Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут (1935–1942), дзе Цвірка навучаўся ў Г. Ражскага, П. Пакаржэўскага і С. Герасімава, не толькі ўдасканаліў яго жывапісны талент, але і выратаваў жыццё. У Маскве рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі на фоне сітуацыі ў Мінску канца 1930-х былі зусім сціплымі.

Вядома, што Цвірка, выканаўшы для Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны серыю мемарыяльных партрэтаў, да жанру партрэта ўвогуле звяртаўся рэдка, застаючыся найперш мастаком-пейзажыстам. Мемарыялізацыя савецкай гісторыі магла добра падкарміць творцу ў тыя часы, але гэты выбар мастака свядома не задавальняў. Дэкларатыўна-патрыятычным кампазіцыям была аддадзена толькі сімвалічная даніна: хіба што «Палонных вядуць» (1945) ды «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957). Але тых палотнаў на выставе няма. Затое ў яго творчасці спакваля, але настойліва выяўляліся іншыя, вечныя тэмы.

Аматары беларускай даўніны памятаюць выставу іканапісных абразоў ХVI–XVIII стагоддзяў з калекцыі Віталя Канстанцінавіча, якая прайшла ў сярэдзіне 1990-х у Нацыянальным мастацкім музеі. Цягам сваіх вандровак па краіне, малюючы краявіды, цэнтральнай дамінантай на якіх вельмі часта рабіліся храмы, мастак, калі мог, ратаваў старадаўнія шэдэўры з зачыненых святыняў. Падобна свечкам, узносяцца на яго палотнах то над заснежанымі прасторамі, то ў тонкай атмасферы восеньскай ці веснавой прыроды — мастак захапляўся пераходнымі станамі пораў года і часу сутак — купалы і званіцы цэркваў.

Настрой такіх палотнаў часцей задуменны, медытатыўны; як радкі нетаропкай малітвы пакладзены на палатно шырокія, спакойныя мазкі тонка згарманізаваных фарбаў. Як акорды музычнай кампазіцыі — вялікія плямы дамінуючых колераў, як дробныя дадатковыя акцэнты — рытмы лёгкіх, свабодна накрэсленых па паверхні палатна ўзораў дрэў і галінак, часам пазначаных адным-двума рухамі пэндзля постацей людзей.

Краявіды — ад звычайных лепельскіх пагоркаў, на якіх простыя рыбакі раскідалі сушыцца свае сеткі, да знакавых купалаўскай Вязынкі, коласаўскай Мікалаеўшчыны, нёманскіх берагоў з абрысамі Каложскай царквы. Зварот да жанру нацюрморта ў 80–90-я гады мінулага стагоддзя — своеасаблівы апафеоз тэхнічнай свабоды ў творчасці мастака, калі пэндзаль атрымлівае максімальную лёгкасць, а колеры кветак, садавіны, гародніны сваёй яскравай шчырасцю спрачаюцца з першапачатковай фактурай прадметаў. Але і ў шэрагу нацюрмортаў, як напамін пра вечнае, — кампазіцыя з Укрыжаваннем.

Выпрацаваўшы свой стыль, Цвірка нікому са сваіх вучняў (а сярод іх ці не ўсе пейзажысты Беларусі цяперашняга старэйшага пакалення, ад М. Казакевіча да Л. Шчамялёва) яго не навязваў. Невыпадкова Л. Шчамялёў, гаворачы пра Цвірку, звычайна падкрэслівае, што той падтрымаў яго ў «няпростых пошуках мастакоўскага «я».

А на заканчэнне — некалькі заўваг пра асаблівасці нацыянальнай памяці ў Беларусі. Здавалася, яшчэ ў 1996 годзе выйшла пастанова прэм’ера краіны С. Лінга пра ўшанаванне Віталя Цвіркі, мемарыяльная дошка ў яго гонар з’явілася на вуліцы Валадарскага, 21, ужо тры гады пад куратарствам старшыні міжнароднай гільдыі жывапісцаў Ф. Ястраба адбываюцца Міжнародныя фестывалі пейзажу ў гонар Цвіркі з выставамі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Але варты лепшага стан работ мастака на бягучай экспазіцыі ў Палацы мастацтваў (шэраг палотнаў патрабуе рэстаўрацыі) нагадаў пра агульную праблему захавання якасных мастацкіх твораў, якія належаць дзяржаве. Ці вартыя карціны Цвіркі ўпрыгожваць калідоры аднаго з гатэляў у ваколіцах Мінска або быць схаванымі ў рэжымнай Беларускай ваеннай акадэміі? Ёсць пра што паклапаціцца — да стагоддзя мастака засталося менш за 4 гады.

Каментаваць