«PANaNieba» прэзентавалі «71»

23 лютага стала своеасаблівым святам для аматараў беларускага рэпу – менавіта ў гэты дзень гурт «PANaNieba» прэзентаваў свой новы альбом «71». Канцэрт у клубе «RE:PUBLIC» быў заяўлены як сольны, але не абыйшлося і без сюрпрызаў.



23 лютага стала своеасаблівым святам для аматараў беларускага рэпу – менавіта ў гэты дзень гурт «PANaNieba» прэзентаваў свой новы альбом «71». Канцэрт у клубе «RE:PUBLIC» быў заяўлены як сольны, але не абыйшлося і без сюрпрызаў.

Першым сюрпрызам стаўся выступ Вожыка – менавіта ён разаграваў яшчэ нешматлікую публіку перад выступам галоўных удзельнікаў гэтага вечара. Акрамя вядомых трэкаў з альбома «У віры падзей» Вожык упершыню заспяваў яшчэ некалькі зусім новых песень, а клуб тым часам патроху запаўняўся – на танцппляцоўцы пад сцэнай нарэшце пачаў утварацца плотны натоўп. Эстафету хутка перанялі галоўныя зоркі вечара, «PANaNieba», і, у адрозненне ад Вожыка, які рабіў стаўку на расслабленне, пачалі адразу запальваць публіку.

Назваць гэты канцэрт выключна прэзентацыяй новага альбома было б некарэктна – старыя і новыя песні гучалі ўперамешку. Смачны біт і майстэрская чытка ад SP Kava і S`viedak-а відаць, нікога не пакінулі абыякавымі – толькі адзінкі здолелі ўтрымацца за столікамі і на канапках. Разам з Zeman-ам, былым удзельнікам гурта «Чырвоным Па Беламу», музыкі выканалі, бадай, самую моцную песню з новага альбому – «Шукаю Выйсце». S`viedak і Zeman праспявалі свой сумесны трэк «Вяртанне», а троху пазней упершыню прагучала і новая песня «Сузор'е».

SP Kava

Вожык

Zeman



Неўзабаве на сцэне з'явіліся і іншыя заяўленыя госці: на біс з Наталікай быў выкананы іх сумесны трэк «Буйкі», а па просьбах публікі «Шукаю Выйсце» з Zeman-ам прагучала яшчэ раз. На тым выступ «PANaNieba» скончыўся, а гледачоў чакаў наступны сюрпрыз – на сцэну выйшаў гурт «Totem Method», што не быў заяўлены ў афішы. Але публіка сустрэла яго без энтузіазму і пачала разыходзіцца.

«71» – другі студыйны альбом «PANaNieba». У адрозненне ад першай кружэлкі, «На балоце», новы альбом выклікаў неадназначныя водгукі ў прэсе – крытыкі назвалі яго ледзь не халтурным. Але музыкі ўспрынялі крытыку з разуменнем, назваўшы альбом «пераходным» і «ненумарным». Першапачаткова альбом выпускаць нават не планавалася – «PANaNieba» збіраліся выдаць максі-сінгл, але ў выніку песень назбіралася на цэлы альбом. Назвай гэтаму незапланаванаму рэлізу паслужылі апошнія лічбы тэлефоннага кода Вілейкі – малой радзімы музыкаў.



 

Каментаваць