Парніковы дэфект

Калі б я ў адной метафары вызначаў цяперашні момант існавання беларускай сістэмы, гэта было б перасыханне балота. Уся фаўна, жабы, няясыці, супрацоўнікі райвыканкамаў, вяртлявыя чароткі, камары ды вужаняты яшчэ спадзяюцца на тое, што лафа вернецца, што будзе як раней: танныя крэдыты на жытло, застой, беспрасветнасць, годны заробак. Але жыццятворная вільгаць сыходзіць, а з ёй — камфорт і ўпэўненасць у тым, што паслязаўтра будзе гэтаксама, як пазаўчора.



Выстава Сяргея Гудзіліна ў “ЦЭХу” таксама працуе з сімволікай вадкасці, але адкідае метафорыку багны (як найбольш відавочную) і звяртаецца да вобразнасці парніка. Уся экспазіцыйная прастора аформленая нібы альшанскі парнік, на цэлафане якога асядае ліпкае дыханне кандэнсату. У імя апошняга і названая найбольш важная для гэтага лета фотападзея.

На ўваходзе нас сустракаюць цытаты з Вікіпедыі, якія тлумачаць, што кандэнсат ёсць прадуктам пераўтварэння матэрыі з парападобнага ў вадкі стан. Можна разгарнуць гэтую метафару і дадаваць, што візуальны кандэнсат, які трапіў на сцены выставы Гудзіліна, ёсць прадуктам выпарвання самлелага беларускага балота.

Вольга Бубіч называе Гудзіліна «самым дзёрзкім фотажурналістам Беларусі». Я б з зазначыў, што журналіста ў Гудзіліне не болей, чым было рэкламіста ў Курце Ванегаце. Ёсць людзі, якім дадзена крыху болей за іншых. Гледзячы наўкол, яны бачаць тое, што застаецца па-за фокусам у калег. І няважна, пад каго яны маскіруюцца, каб сабраць матэрыял: пад спецыялістаў па сувязі з грамадскасцю (Ванегут у General Electrics) ці ў інструктараў па курагадоўлі (Міхаіл Зошчанка ў Лігаве) — яны найперш творцы, якія вынаходзяць Малевічаў «прыбавачны элемент». З дапамогай якога паўсядзённасць ператвараецца ў мастацтва.

Чалавек, які ўважліва сочыць за Гудзіліным, не знойдзе на «Кандэнсаце» новых фотаздымкаў: бачылі, захапляліся, ведаем. Сюрпрызам будуць хіба што «постфатаграфічныя» эксперыменты Сяргея са змяшчэннем картачак на катонавых вадалазках. Medium is the message, пераўтварэнне здымка ў аб’ект мовы змяняе сэнс фатаграфіі. Я б вось з задавальненнем набыў худзі з дзяўчынай у беларускай вазе з парада на Дне незалежнасці, каб зрабіцца саўдзельнікам Сяргея па засваенні прасторы беларускага горада перыяду постквітнення. Але выключна вобразнасці замала для таго, каб зрабіць сур’ёзную выставу пасля Дзюшана.

«Кандэнсат» цікавы, паўтаруся, не фотаздымкамі, якія можна пабачыць не толькі тут. І не дасціпным куратарскім абгрунтаваннем, а менавіта сваім «прыбавачным элементам». Для Дзюшана такім элементам была апрапрыяцыя, для Малевіча — эканомія, у выпадку з Гудзіліным мы бачым Беларусь, пераведзеную на мову глітча. Паглядзіце хаця б гэты тызер — глітч тут не толькі ў застаўцы, не толькі ў хаатычнай і нібы выпадковай змене кадраў, але і ў гукавым вымярэнні, у музыцы хаосу.

Калі я пабачыў плакат мерапрыемства Сяргея, я быў вельмі здзіўлены: глітч упершыню заявіў пра сябе ў 2010-я. Першай беларускай фотамастачкай, якая працавала ў гэтай стылістыцы, была Аліна Крушынская, адпаведная выстава ў Аліны адбылася яшчэ ў 2011 у Клайпедзе. Дык чаму такі рызыковы піянер, як Сяргей, звярнуўся да гэтай ужо добра распрацаванай мовы, якая перайшла ў мэйнстрым і сустракаецца нават у кліпах на MTV?

Усё патлумачыў паход на выставу.

Малевіч бачыў эканомію чыннікам, які вёў (прынамсі, у ягоных тэарэтычна-мастацтвазнаўчых распрацоўках) мастацтва «ад рэалізму» праз «сезанізм, імпрэсіянізм ды кубізм» —  да найвышэйшай ступені развіцця ды «абнулення», да супрэматызму.

Гудзілінскі глітч —  найвышэйшая ступень спасціжэння той Беларусі, якая атачае нас у прасторы паміж тэлевізарам і сялянскай дыскатэкай. Хіпстар скажа, што гэта, можа, і не самая прыемная форма існавання нашай радзімы, але чалавек, які піў чарніла з пацанамі ў Асвеі, абарве: яна найбольш неаспрэчная. Без яе ад Беларусі застаецца толькі смузі і Pinky Bandinskiy.

Каб зацвердзіць сваю сістэму поглядаў на жывапіс, Малевіч напісаў «Аб новых сістэмах у мастацтве», выдаваць якую і прыехаў у Віцебск. Каб патлумачыць, што глітч ёсць непазбежным рэзультатам сутыкнення свядомасці з Беларуссю, Гудзілін пачынае сваю выставу з фільма. Гэты васьміхвілінны прадукт я паказваў бы ўсім замежным галерыстам і куратарам, каб вельмі коратка патлумачыць, што такое нашая незалежная рэспубліка як сістэма сімвалаў.

Гэта такая шызакарцінка, якая пачынаецца з фрагментаў інтэрв’ю Максіма Жбанкова з самім Гудзіліным (на адказы Гудзіліна накладзенае рэха, праз якое кожнае слова мастака набывае дадатковую вартасць), далей — уключае ў сябе здымкі мазурыкаў, якія танчаць у цемры, дупу каня, які валачэ аператара праз беларускія снягі. У гэтым вычарпальным фільме нейкі дзядзька з тэлевізара з міністэрскім відам тлумачыць, што культура залежыць ад вытворчасці малака, бабулькі спяваюць у касцёле (з іх ратоў вырываецца пар, так што бачна, як там, у тым касцёле, халодна), урачысты голас абвяшчае прэзідэнта рэспублікі Беларусь пры яго з’яўленні ў парламенце…

Тут няма ніводнага моманту, які б не меў шызафрэнічнай падкладкі, ніводнай рэплікі, сказанай без накладкі тэлевізара, інфернальнага Клуба рэдактараў ці сапраўднага саўндчэка перад пачаткам афіцыйнага параду. Здымкі ўзганароды «найлепшых аграрыяў» абрываюцца змрочнымі кадрамі таго, як маўклівы мужык у ботах занурана барануе зямлю. Ці вось бабуля сядзіць у квяцістай сукенцы на кітайскай покрыўцы, і гэта ўсё — пад голас дыктара, які разважае пра сімвалы беларускай дзяржаўнасці. Кабеты на роварах, каты на платах, дыктарка навін, якая ўрачыста паведамляе, што «беларусы цяпер будуць прачынацца на гадзіну раней за еўрапейцаў» —  праз тры, чатыры прагоны гэтага васьміхвіліннага фільма да цябе раптам даходзіць:

Глітч як такі ёсць візуалізацыяй лічбавай памылкі, што знішчае фоткі на картцы. Гудзілінаў глітч — гэта псіхічны стан, які непазбежна ахінае пільнага чалавека, што жыве ва ўжо згаданым прамежку паміж вясковай дыскатэкай і трансляцыяй Дня незалежнасці па БТ. Глітч Гудзіліна — гэта не толькі ягоная ўнікальная мова, гэта дыягназ цэлай краіне, яе audio ды video.

…Я сышоў з “ЦЭХу”, я апынуўся на вуліцы Кастрычніцкая, упэўнены ў тым, што пакінуў псіхадэлію гудзілінаўскага глітчу там, за цэлафанавымі дзвярыма. І вось раптам, як той страшэнны агрэгат у кліпе Chemicals, на мяне скочыла толькі што перажытае. Нейкім чынам проста на ходніках апынуліся прасаўшчыцы, якія старанна вазілі прамысловыя прасы па дошках. Тут жа, у пары і тлуме, былі развешаны шэрыя строі і жаночыя спадніцы, і бадзёры тэлевізійны голас бубніў, бубніў і раптам абрэзаў: «Інфармацыя прадстаўленая аналітычным цэнтрам Яндэкс-пробкі».

Спатрэбілася сканцэнтравацца, каб зразумець, што я знаходжуся не знутры экспазіцыі «Кандэнсат», а акурат насупраць фітнэс-клуба «Мобі Дзік», побач з шырока адкрытым акном вялікай хімчысткі, з якой на мяне і скочылі тыя прасы ды строі.

Потым я спусціўся ў метро, дзе мужчына ў форме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чытаў часопіс пра садаводства акурат пад рэкламай касметыкі для барады (з дастаўкай на дам!), па вагоне бегалі юнакі, якія імітавалі танец доктара Зойдберга з «Футурамы», а бландзінка на абцаcах, якімі Брут лёгка забіў бы Юлія Цэзара, падфарбоўвала вочы, гледзячыся ў камеру ўласнага тэлефона.

І тут мне зрабілася па-сапраўднаму страшна. Бо я зразумеў, што гудзілін-глітч-шоў у маёй галаве можа цяпер не скончыцца наогул ніколі. Псіхадэлічная выстава «Кандэнсат» не рэкамендаваная людзям са слабай ці няўстойлівай псіхікай. Гэтаксама як і жыццё ў Рэспубліцы Беларусь.


budzma.by

Каментаваць