Партрэт мастака

Пра выбітнага заходнебеларускага мастака Зміцера Крачкоўскага (1910–1991) вядома да крыўднага мала. Імя гэта грунтоўна забытае, ці, дакладней, пакуль не спазнанае. Толькі апошнім часам, дзякуючы спрыянню супрацоўнікаў Маладзечанскага ЗАГСА, стала вядома дакладная дата смерці майстра — 2 мая 1991 года. Не мелася на руках у даследчыкаў гісторыі беларускай культуры і хаця б больш-менш якасных фотаздымкаў мастака.



Пра выбітнага заходнебеларускага мастака Зміцера Крачкоўскага (1910–1991) вядома да крыўднага мала. Імя гэта грунтоўна забытае, ці, дакладней, пакуль не спазнанае. Толькі апошнім часам, дзякуючы спрыянню супрацоўнікаў Маладзечанскага ЗАГСА, стала вядома дакладная дата смерці майстра — 2 мая 1991 года. Не мелася на руках у даследчыкаў гісторыі беларускай культуры і хаця б больш-менш якасных фотаздымкаў мастака.

Калі падчас падрыхтоўкі выставы «Арс-Інкогніта» вядомы калекцыянер, мастак і грамадскі дзеяч Уладзімір Крукоўскі пацікавіўся, ці не знойдзецца ў маім архіве якой-небудзь фотавыявы мастака, я сумеўся. Фотапартрэт мастака 1970–1980-х гадоў, які дастаўся мне з ласкі маладзечанскага краязнаўцы і грамадскага актывіста Міхася Казлоўскага, быў надта няякасны.

Выяўленая спадчына Зміцера Крачкоўскага абмежавана-сціплая і зберагаецца па большасці ў сховішчах Літвы і Польшчы. Але ёсць колькі арыгінальных графічных работ (9) мастака і ў фондах ДММ Беларусі, прыватных калекцыянераў і спадчыннікаў жыхароў Валожынскіх ваколіц. Небагата. Але не дзіва, бо па прызнанні мастака гісторыку і краязнаўцу Генадзю Каханоўскаму, «…увесь свой творчы даробак спаліў як варожы і ідэалагічна шкодны» яшчэ ў даваенныя часы, перад тым, як на шмат гадоў адправіцца на Поўнач, у савецкі працоўна-папраўчы лагер. Карацей, твораў вобмаль.

Але ёсць яшчэ спадзяванне, што з’явяцца дзякуючы яго сыну тыя некалькі алейных партрэтаў мастака, якія светлай памяці Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі не паспеў перадаць на захаванне ў Скарынаўскі цэнтр. Дарэчы, як і сямейны фотаальбом Крачкоўскіх, які ўяўляе значную гісторыка-мастацкую цікаўнасць для даследчыкаў культуры Беларусі сярэдзіны ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Апрача таго, Зміцер Крачкоўскі, гадаванец мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта ім. Стэфана Баторыя, быў знаёмы з Кузьмой Чурылам, Львом Дабржынскім, Міхасём Сеўруком і Язэпам Драздовічам, зацікаўлена наведваў творчую майстэрню Яна Булгака.

Сёння, напярэдадні 100-х угодкаў з дня нараджэння мастака (26 жніўня), з радасцю прапаную чытачам газеты раней нідзе не апублікаваную выяву Зміцера Крачкоўскага 1930-х гадоў, часоў ягонага сталення і творчага ўзлёту з асабістай справы мастака, што захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы.

Будзем спадзявацца, што з юбілею ўсё толькі пачынаецца.

Каментаваць