Партрэты — захапленне слонімскай мастачкі

Слонімская мастачка Святлана Дзям'яненка малюе партрэты. І атрымліваецца ў яе гэта вельмі добра. Над партрэтамі Святлана працуе яшчэ са школы. Памятае, як неяк намалявала алоўкам партрэцік сваёй аднакласніцы. І калі паказала ўсім, то хлопцы і дзяўчаты адразу пазналі, хто гэта на малюнку. Вось з таго часу і не пакідае гэтым займацца.



Аўтапартрэт


Святлана скончыла сярэднюю школу № 4 Слоніма. Затым — Мірскае рэстаўрацыйна-мастацкае вучылішча. Па прафесіі яна звычайны тынкоўшчык-муляр. Калі паступала ў вучылішча, то на “выдатна” намалявала нацюрморт. Таму паступіць туды было проста. «Я з дзяцінства была маўклівай дзяўчынкай і цяпер таксама. Але гэта маўклівасць не перашкаджае мне працаваць. Спачатку спрабавала маляваць алоўкам, потым фарбай на паперы. Цяпер працую вуглём і алейнай фарбай. Нічога ў жыцці не люблю так, як люблю працаваць над партрэтамі людзей», — разважае Святлана Дзям'яненка.

З дзяцінства слонімскую мастачку зачароўвалі розныя твары людзей. Адны запаміналіся хутка, іншыя — не. Таму многія людскія твары хацелася намаляваць, пакінуць іх на паперы. Мастачка любіць маляваць з натуры, з фотаздымкаў на паперы, на палатне алеем. Яна нават можа за пару гадзін стварыць партрэт чалавека. «Калі я малюю партрэт з фотаздымка, я праз фота адчуваю інфармацыю пра гэтага чалавека, яго характар, захапленне. Паціху сама адкрываю новую асобу, над якой працую», — расказвае мастачка.

Сябе Святлана Дзям'яненка лічыць звычайным мастаком, у якога яшчэ не было прыватных выставаў, у якога ўсё наперадзе. 

У апошні час наша зямлячка захапілася сяміслойнай фламандскай тэхнікай жывапісу алеем на палатне. Ёсць спадзяванне, што яна хутка гэтаму навучыцца. І навучыцца маляваць прафесійна, прытрымлівацца ўсіх правілаў, якія ўласцівы карцінам фламандскай і галандскай школам.

Нацюрморт "Адзіноцтва"

«А вось пейзажы ў мяне атрымліваюцца дрэнна», — кажа Святлана. Але з мастачкай нельга пагадзіцца. Пейзажы і нацюрморты ў яе вельмі арыгінальныя, разважлівыя, у якіх дамінуючым колерам з'яўляецца блакітны. За працай мастачкі часам любіць назіраць дачка-школьніца, якая заўсёды здзіўляецца і кажа, што ў яе так ніколі не атрымаецца. Хаця і сама 14-гадовая дзяўчынка таксама любіць маляваць і малюе нядрэнна. Неяк у школе аб'явілі конкурс на лепшы малюнак, дык маці і дачка малявалі дваіх і іх карціна заняла першае месца.

 Некалькі партрэтаў і нацюрморт слонімскай мастачкі Святланы Дзям'яненка прапаную чытачам «Новага часу».

Каментаваць