Партызанскія сакрэты

Ужо знята палова новай камедыі Андрэя Курэйчыка «PARTY-zan фільм», наперадзе яшчэ тыдзень. У нас атрымалася панаглядаць здымачны працэс і раскрыць некаторыя яго сакрэты.

Здымалася сцэна ў брэсцкай бальніцы. Але брэсцкай па сцэнарыю. Везці ўсю здымачную групу ў Брэст, калі здымаеш фільм з большага толькі за свае грошы (а каманда Курэйчыка менавіта так зараз і робіць) даволі дорага. Таму здымкі праходзяць у калідорах адной з мінскай бальніц. Пабудаваная ў савецкія часы, яна захавала у некаторых сваіх карпусах тыповы савецкі антураж, які як нельга падыходзіць да адпаведных здымак і цалкам можа сысці і за тыповую брэсцкую.

Рэжысёр распавядае акцёру, што ён павінен рабіць, аператар садзіцца за камеру, гукааператар за пульт.

— Рэпетыцыя! Цішыня на пляцоўцы! — раздаецца гучны голас Андрэя Курэйчыка.

Усе змаўкаюць, здымкі пачаліся. З дзвярэй хутка выходзіць у бальнічны калідор акцёр на мыліцах, нага ў гіпсе, галава перабінтавана. Перабіраючы мыліцамі і кульгаючы на нагу ў гіпсе, ён спешнай хадой выдаляецца ў далеч, відавочна ад кагосьці спрабуючы ўцячы і пры гэтым незадаволена лаючыся. Па дарозе ён кідае адну мыліцу, якая яму хутчэй перашкаджае, і яшчэ больш прыспешвае, нязграбна размахваючы і рукой і мыліцай. Эпізод глядзіцца камічна нават падчас здымак і выклікае ўсмешку.


Але, праглядаючы знятую сцэну, здымачная група трошкі не задаволена. Хутчэй за ўсе чалавек са зламанай нагой пакінуў бы другую мыліцу, каб зручней было ісці. Нават у такіх дробязях каманда імкнецца не дапускаць недакладнасцяў і ляпаў. Усё павінна быць праўдападобна. І сцэна пераздымаецца яшчэ некалькі разоў, а лепшы варыянт потым увойдзе ў фільм.

Падрыхтоўка да іншай сцэны. Акцёру трэба хутка зняць гіпс. Яго адводзяць у кабінет.

— Будзем рубіць сякерай, так хутчэй, — ці то ў жарт, ці сур’ёзна кажа нехта.
Як здымаўся гіпс амаль ніхто не ведаў, у кабінеце лішніх людзей не было. Але сякеру, ва ўсякім разе, на здымачнай пляцоўцы не было.

А далей пайшла падрыхтоўка да сцэны, якая па логіцы павінна ісці перад гэтым. Аднак падчас здымачнага працэсу звычайнаму абывацелю не ўсё можа падасца лагічным. Сцэны далёка не заўсёды здымаюцца ў тым парадку, як мы бачым іх у кіно. Звычайна ў адным памяшканні проста здымаюцца ўсе сцэны, якія будуць на працягу фільма задзейнічаны ў дадзеным месцы. А потым пры мантажы іх кампануюць у парадку згодна сцэнарыя. І цяпер пераходзілі да здымак сцэны, калі “ўцекача” толькі прывезлі ў бальніцу. То бок усё наадварот, але дзея адбываецца ўсё ў тым жа калідоры. Толькі цяпер здымкі будуць праходзіць з іншага боку калідору і ўся здымачная група пераязджае на другі бок.


Траўміраванага небараку на крэслы-вазку бегам, прыхапкам, увозяць у калідор бальніцы галоўныя героі. Пацярпеламу тэрмінова патрабуецца медыцынская дапамога. Сцэна дынамічная і ўсё перад здымкамі трэба дакладна вымяраць і кожнаму дакладна распавесці яго дзеянні і паставіць на патрэбнае месца. Рэжысёр з аператарам некалькі разоў праходзяць па калідоры і кожнага расстаўляюць дакладна па сваіх месцах. Медсястры тлумачаць, што яна павінна выйсці з кабінету і хутка спалохана адскочыць. Дзяўчынкі-пацыенткі, убачыўшы вазок, які нясецца па ўсяму калідору, павінны хутка прыбраць ногі з праходу. Задавяць, дай піць задавяць.

— Дзяўчыны, хто з вас умее добра віскатаць?
— Усе! — жартуюць дзяўчынкі з масоўкі, якія сядзяць на лавах уздоўж калідора.
— Пакажыце, вы, — звяртаюцца да адной.

Але тут яна пасуе. У жыцці завішчала бы, а так… Звяртаецца да другой, трэцяй. І тут нечакана раздаецца такі віск, што ажно палова каманды спалохана падскочылі ад нечаканасці. Хоць трылер здымай. З гытым разабраліся.

Вазок па сцэнарыю павінен спыніць доктар, перагарадзіўшы яму шлях, стаўшы пасярод калідору.

— Перагарадзіць, стаўшы як каўбой у вестэрну? — удакладняе, трохі жартуючы акцёр.
— Можна і так.
— А калі не паспее затармазіць?
— Тады трэба будзе пераскочыць. Ці пераляцець, — жартуе у адказ Курэйчык.

Акцёры расстаўлены, усё ўдакладнілі. Але як зняць чалавека, якога вязуць на вазку, буйным планам і ўвесь час яго трымаць у кадры? Рашэнне знаходзіцца вельмі хутка. Гэта ж бальніца. І хутка для аператара знаходзяць такое ж самае крэсла-вазок. Ён садзіцца ў яго тварам да акцёраў і яго вязуць спіной наперад, толькі паспяваючы падбіраць правады для камеры. Пры падрыхтоўцы нехта заўважае, што ў камеру трапляе адзін з правадоў ад здымачнага абсталявання.

— Паліва, — кажа ён і хутка хавае правады за лавы ўздоўж калідору.
Зноў — ніякіх ляпаў.
— Рэпетыцыя! Цішыня на пляцоўцы!

Вазок з траўмаваным героям нясецца па калідоры, усе разбягаюцца ў бакі, прыбіраюць ногі. Доктар спыняе вазок. Знята, прагляд. Пры праглядзе бачна, што доктар трохі засланяе ў канцы галоўных герояў. Новы дубль. Насамрэч не так і лёгка бегчы з вазком і чалавекам у ім. Чалавек матляецца, колы вядзе ў бакі, і вось адно кола чапляецца за шчыт на падлозе, не паспеўшы добра разагнацца.

Новы дубль. Яшчэ адзін. Усё. Рэжысёр і аператар задаволены. Можна пераходзіць да наступнай сцэны, у кабінеце. І здымачная група паціху пачынае збіраць абсталяванне і ўсе пераходзяць на іншы паверх.


Каментаваць