Паслухаць хіт ABBA у выкананні Portishead, або чаму варта схадзіць на фільм «Высотка»

У кінапракат выходзіць »Высотка» («High-rise») — рэтра-антыўтопія пра несправядлівы, пахабны, неўратычны ды геданістычны капіталізм і ягоных ахвяр з касцюмамі 70-х ды кліпавым мантажом. Экранізацыя аднайменнага рамана брытанскага фантаста Джэймса Баларда атрымалася дзіўнай, а магчыма нават дзівоснай.


Белы гетэрасэксуал сярэдняга ўзросту (куды ж без яго) доктар Роберт Лэнг (Том Хідлстан) пераязджае жыць на 25 паверх хмарачосу. У гэтым гмаху жывуць разнастайныя людзі, сярод якіх вылучаюцца: архітэктар будынку Энтані Роял (Джэрэмі Айранс) ды ягоныя служкі, прывабная жанчына (Сіена Мілер), цяжарная кабета (Элізабэт Мос), гіперактыўны актывіст (Люк Эванс), а таксама шэраг недарэчных дзетак ды разумны хлопчык у акулярах.


Праз пэўны час мы дазнаемся, што ўсе паверхі хмарачосу размеркаваныя ў адпаведнасці з сацыяльнымі класамі, а ягоныя насельнікі так або інакш мусяць прэзентаваць сабой розныя сацыяльныя архетыпы ў гэткай рэтра-эстэцкай мроі. Атрымліваецца такая простая ды надзейная, даўно знаёмая метафара капіталістычнай светабудовы ды ейнай несправядлівай сутнасці: хмарачос, прыгажосць ды ўбранства паверхаў якога ўздымаецца разам з лічбамі на табло ў ліфце.  


Што тычыцца больш уцямнага сюжэта, то рэжысёр Бэн Уітлі пра гэта не асабліва паклапаціўся, звяртаючы куды больш увагі на прыгожыя кадры ды маляўнічыя сцэны  ўпадку, разладу ды маральнага разлажэння людзей з усіх паверхаў, незалежна ад маёмасці ды грашовага прыбытку. Прычына, паводле якой высотка пачынае буксаваць і ператвараецца ў вялікую сметніцу, дзе жывуць, стогнуць ды прагнуць блуду бабілонскія блудніцы ды садаміты, так і застаецца загадкай. Узнікаюць перабоі з электрычнасцю на ніжніх паверхах, бо наверсе праходзяць касцюмаваныя вечарыны ў стылі XVIII стагоддзя; бруд збіраецца на ўсіх паверхах, бо смеццяпровад апынуўся заваленым, а  архітэктар хмарачосу ў гэты момант грае разам з доктарам Лэнгам у сквош. Вось так мазаічна ды няўцямна вымалёўваецца сюжэт стужкі.


Доктар Лэнг стараецца  трымаць дыстанцыю ад усяго гэтага. Ён у гмах толькі пераехаў, і пэўная нязграбнасць (а што тут адбываецца?)  не знікае з твару Тома Хілдстана на працягу ўсяго фільма. Стрыманы ды лагодны прынц, які нібыта нешта мае ў сабе, але што канкрэтна — вялікая загадка… Не пакідае пачуццё неадпаведнасці ды недарэчнасці актора ў кадры.


Чым далей тым больш аднастайней: насельнікі высоткі ці ў прыгожых касцюмах ці ў бедных брудных пакоях лаяцца, валатузяцца, бясконца п’юць, паляць цыгарэты, займаюцца сэксам, візуалізуючы такім чынам жахлівую прыроду беднага ды няшчаснага капіталізму — жыццё ён труціць, бач ты, на ўсіх паверхах. Паступова фільм ператвараецца ў адзін вялікі кліп-анекдот пра тое, якімі бессардэчнымі з’яўляюцца багацеі ды людзі ва ўладзе, а таксама якімі недарэчна апантанымі з’яўляюцца барацьбіты з гэтай уладай, якія толькі і хочуць, што заняць яе месца. Але месца для новай улады ў таго, хто трымаўся асабняком, ціха ды спакойна фарбуючы сцены сваёй кватэры…


Ненажэрны капіталізм вельмі любіць фільмы пра крытыку ненажэрнага капіталізму — вельмі па-эстэцку вульгарнага ды пошлага, а значыць і магічна прыцягальнага для шараговага гледача кіно з ніжніх паверхаў. Але ж добрых, сапраўды вартых выказванняў на гэтую тэму не так і шмат. Думкі аб тым, што людзі прагнуць свабоды, а не сваволі ад сацыяльнай сістэмы, у якой па волі лёсу існуюць, у фільме не прагучала. 


Калі і ёсць які чароўны бонус у гэтым празмерным кліпе, дык гэта новая песня за шмат гадоў ад гурта Portishead — значных постацяў у брытанскай, а значыць і сусветнай (тут падзячым капіталізму) музыцы. Удзельнікі гурта запісалі кавер на песню ABBA “SOS” і гэта, магчыма, галоўная прычына паводле якой фільм мае сэнс глядзець, бо па-за кінатэатрамі Portishead выдаваць песню не плануюць.

Каментаваць