Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

PAWA на Графіці (фота, відэа)

Электра-фольк-гурт PAWA выступіў у мінскім паб-клубе «Графіці» 29 красавіка. Разам са старымі хітамі прагучала некальні новых песень.

Канцэрт піярыўся ў сацсетках як вечар скокаў ды танцаў, арганізатары абяцалі, што месца для гэтага хопіць усім. Адміністрацыя і праўда прыбрала лішнія столікі, і некалькі дзяўчат «адрывалася» з першай да апошняй песні, але большая частка наведвальнікаў па-сапраўднаму «разышлася» толькі пад канец імпрэзы.

Публіка завітала самая разнастайная: кампаніі сябровак, закаханыя пары, маці з дачкой, самотныя мужчыны, нават байкер, здаецца, толькі з матацыкла.



PAWA грала інтэрпрэтацыі фальклору, каверы і аўтарскія кампазіцыі. Слухачы здзейснілі музычнае падарожжа з Беларусі ў Скандынавію і назад, у Польшчу, Партугалію ды Ірландыю.

Прагучаў поўны кавер, з нямецкамоўным вакалам, на «Engel» гурта RAMMSTEIN (на альбоме «Жыта» музыка ўлучаная ў трэк «Застукацелі-загрукацелі»). Дарэчы, RAMMSTEIN пачыналі граць у Тахелесе, прывіды якога нядаўна наведалі Мінск.

«А мой дзядзька дуднік быў» гурт прысвяціў усім дударам і аматарам Дударскіх фэстаў (адзін прайшоў 8 красавіка, неўзабаве будзе яшчэ адна падзея ў Глыбокім), а вясельную песню «Іскарка-прыгаўка» — «усім фанатам кампутарных гульняў, тым, хто памятае Марыа, праходзіў таньчыкі, гуляў у Тэтрыс».

«Спяваюць усе!» — гэта пра PAWA. Кожны музыка тут сам сабе вакаліст, некаторыя песні выконваюць усе разам, недзе нехта салюе. «Ці не планавалі ўзяць нейкага фронтмэна ці фронтвумэн толькі на вакал?», — пытаюся ў вакаліста і заадно дудара Юрася Панкевіча.

У адказ жартуе: «А навошта? У нас і так усе пяюць, бо ніхто не ўмее». Далей асцярожна, рэклама! Падчас канцэрту, акрамя вакальных здольнасцяў, Юрась прадэманстраваў гучанне трох дудаў, зробленых уласнаруч: адна на ўзор артэфакта з лепельскага музея, другая на ўзор дуды-мацянкі з Віцебскай губерні (арыгінал захоўваецца ў Вільні), і гішпанская гайта галега.

Выпадковаму наведвальніку можа падацца, што мужчынская частка гурта PAWA выступае ў звычайных вышымайках. Гэта жорсткая памылка! Варта прыгледзецца, каб заўважыць на адзенні хлопцаў лагатыпы гурта.

На канцэрце прагучала некалькі новых песень: перапрацоўка беларускай бяседнай «Наварыў верабей піва» і польскай «Siadaj, nie gadaj», аўтарская кампазіцыя «Шлях дамоў». Як прызналіся музыкі, 10 новых трэкаў ужо запісана на студыі. Магчыма, увосень выйдзе альбом: «Па правілах, трэба было выдаць увесну, каб улетку «абкатаць», але мы па правілах нічога не робім».

Затое PAWA вельмі актыўна канцэртуе: 2 выступы за красавік, 27 траўня — Браслаў, 17 чэрвеня і 22 ліпеня — Дудуткі. Таму чакаем новых цікавостак!




Каментаваць