Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Паз Дамейка: «Даследванне гісторыі прадзеда падарыла мне дваццаць шчаслівых гадоў»

31 ліпеня споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння навукоўца-мінеролага, геолага Ігната Дамейкі, ураджэнца в. Вялікая Мядведка Наваградскага павету Мінскай губерніі, удзельніка Таварыстваў філаматаў і філарэтаў і паўстання 1830-31 гадоў, нацыянальнага героя Чылі.
Сеньёра Паз Дамейка

Сеньёра Паз Дамейка

Каб годна адсвяткаваць гэту дату на Беларусь прыбыла дэлегацыя сям’і Дамейкаў. У Мінск прыехалі  праўнучкі Ігната Дамейкі — Паз і Сесілія і іншыя родныя. Госці возмуць удзел у навуковай канферерэнцыі «Геалогія і мінеральныя рэсурсы Захада Усходне-Еўрапейскай платформы», прысвечанай юбілею Ігната Дамейкі, якая пройдзе ў Нацыянальнай Акадэміі навук з 31 ліпеня па 3 жніўня. Урачыстасці распачаліся 31 ліпеня святой імшой у Чырвоным касцёле з удзелам прадстаўнікоў Чылі.

«Я вельмі ўсхвалявана цырымоніяй, — сказала сеньёра Паз Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі. — Мне вельмі прыемна бачыць яго партрэт у касцёле і ікону Божай Маці, перад якой ён маліўся. Дон Ігнацыё быў добрым мужам і сем’янінам, таму ў яго ў Чылі шмат нашчадкаў, сям’я даволі вялікая. Апошнія 20 гадоў я прысвяціла даследванню жыцця майго прадзеда. Пасля таго, як я перанесла аперацыю, і некалькі імгненняў перажывала клінічную смерць, дон Ігнацыю прыцягнуў мяне да сябе. Калі я прышла ў прытомнасць, то вырашыла, што буду даследваць яго жыццё. Я паехала на Беларусь, у Літву, Францыю, Чылі. На іспанскай мове я напісала кнігу, якая была выдадзена ў Чылі і перавыдадзена па-ангельску ў Аўстраліі, дзе я жыву. Презентацыя кнігі адбудзецца гэтымі днямі ў Мінску. Самымі шчаслівымі, поўныя падарожжаў і прыгодаў, былі апошнія 20 гадоў майго жыцця, якія я прысвяціла дону Ігнацыё. У кнізе я імкнулася паказаць паўнату яго асобы. Ён быў рамантыкам і адначасова рэлігійнай асобай, навукоўцам, добрым бацькам.Таму ў Чылі і ў іншых кутках свету жыве шмат яго праўнукаў».

Партрэт Ігната Дамейкі ў Чырвоным касцёле

Сеньёра Дамейка прыбыла на Беларусь разам са сваёй сястрой Сесіліяй, якая жыве ў Вашынгтоне, і пляменнікам Мігелем, які жыве ў Чылі. Паз Дамейка мае пяць дачок і шасцярых унукаў.

Яе прадзед Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў дзень памяці святога Ігната Лаёлы ў мястэчку Вялікая Мядведка Наваградскага павета. Пасля смерці яго бацькі маці засталася з трыма сынамі і дзвума дочкамі. Ігнат Дамейка выхоўваўся ў доме свайго дзядзькі Юзафа на Лідчыне. З 1812 года разам з старэйшым братам Адамам Дамейкам Ігнат навучаўся ў школе ордэну піяраў у Шчучыне. Па сканчэнні школы ў 1816 годзе паступіў на фізiка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту, дзе далучыўся да дзейнасці Таварыства філаматаў і філарэтаў. Ён насіў канспіратыўнае імя Жэгота. Пасля суду над філаматамі і вызвалення з Віленскай турмы Ігнат Дамека жыў на Лідчыне пад наглядам паліцыі. У 1930 годзе ён адправіўся ў Літву, а потым — у Польшчу і Германію. У 1934 годзе Ігнат Дамейка паступіў у Горную школу ў Парыжы. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай.

У 1837 годзе навуковец прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба. Адам Міцкевіч паспрыяў ад’езду Ігната Дамейкі ў Чылі.

У 1838 годзе Ігнат Дамейка атрымаў званне прафэсара, а ў 1847 годзе ён атрымаў кафедру хіміі ў Чылійскім унівэрсітэце ў Сант’яга. У снежні 1848 году ён стаў грамадзянінам Чылі. У 47-гадовым узросце даследчык пазнаёміўся з прыгожай 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834-1870) і 7 ліпеня 1850 пабраўся з ёй шлюбам, пражыўшы разам яшчэ дваццаць гадоў.

Найбольш прыцягальным фактам у біяграфіі свайго прадзеда Паз Дамейка лічыць яго знаёмства з сеньёрітай Энрыкетай. Дон Ігнацыё быў такім закаханым у маладую прыгажуню, што вырашыў падняцца ў горы, каб крыху астудзіць свой пыл. Пра свае пачуцці ён напісаў у лісце Адаму Міцкевічу ў Еўропу.

У Чылі вельмі шануюць дона Ігнацыё. Імя Дамейкі носіць вулканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko), мінерал дамейкіт (domeykite, Cu3As), фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana), малая планета 2784 Domeyko, шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.

 У Чылі ёсць невялікае мястэчка Дамейка ў адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля 1 тыс. жыхароў. Пуэрта-Дамейка (Puerto Domeyko) — порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Льянкіуэ (Llanquihue) — другога па велічыні возера ў Чылі. Lugarejo Domeyko — пасёлак каля порта Дамейка. У Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору». У яго гонар названыя вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Мінску і Наваградку.

Пра экспедыцыю ў Чылі прадстаўнікоў Беларусі, якая адбывалася ў 2012 годзе, распавеў касцёльны актывіст Леанід Галубоўскі.

Леанід Галубоўскі, удзельнік экспедыці ў Чылі

Леанід Галубоўскі, удзельнік экспедыці ў Чылі

Выкладчыкі геаграфічнага ўніверсітэта БДУ адправіліся ў Чылі разам з рэктарам Абламейкам, наведалі ўніверсітэт у Сант’яга. Капсула з зямлёй з Беларусі была дастаўлена ў радавую спачывальню сям’і Дамейкаў у Сант’яга. Удзельнікі экспедыцыі пабывалі ў гарах, наведалі Патагонію, экватарыяльныя раёны краіны і горад Ла-Сэрэна. Былая горная школа ў Ла-Сэрэне, а сёння — універсітэт, носіць імя Ігната Дамейкі. З Чылі на Беларусь таксама была дастаўлена каспула з зямлей.

Фота аўтара

Каментаваць