ПЭН-цэнтр і "Радыё Свабода" заснавалі прэмію ў галіне турэмнай літаратуры

Прэмія імя Францішка Аляхновіча ў галіне турэмнай літаратуры заснавана Беларускім  ПЭН-цэнтрам і "Радыё Свабода". Пра гэта 25 красавіка на прэзентацыі кнігі "Турма і здароўе" прафесара Юрыя Бандажэўскага паведаміў старшыня ПЭН-цэнтра, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.



Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі нагадаў, што пасля падзей, якія адбыліся за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў снежні 2010 года, стала з'яўляцца значная колькасць беларускай турэмнай літаратуры. У прыватнасці, лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў апублікаваў кнігу напісаных у зняволенні вершаў "Лісты да Волі" і паэму "Турма".

Палітык Аляксандр Фядута, які ўтрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ — "амерыканцы", выпусціў кнігу лірыкі з сімвалічнай назвай "Амерыканскія вершы". Убачыла свет таксама кніга "Асвечаныя беларушчынай" асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, у якую ўвайшлі матэрыялы з элементамі крытыкі на турэмную ж літаратуру.
 

"У сувязі з гэтым мы з калегамі ацанілі прапанову Аляксандра Лукашука (дырэктар беларускай службы "Радыё Свабода". — БелаПАН.), і пасля нарады было вырашана заснаваць новую літаратурную ўзнагароду. Узнагароду для пісьменнікаў-прафесіяналаў, якія чамусьці непазбежна трапляюць у турмы і пішуць там. Для тых людзей, якія толькі ў турме становяцца літаратарамі дзякуючы самім акалічнасцям", — адзначыў Хадановіч.
 

Паводле яго слоў, прэмія будзе ўручацца "за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні". Тэматыка работ, якія прэтэндуюць на прэмію, не абмежавана. Самі творы могуць быць дакументальнымі або мастацкімі, на рускай або беларускай мовах, рукапісныя або ўжо апублікаваныя. Адзінае патрабаванне — яны павінны быць напісаны ў зняволенні і дасланы на працягу года.
 

Работы прымаюцца да 1 снежня гэтага года. Журы вызначыць пераможцу і абвесціць яго імя 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Пераможца будзе ўзнагароджаны, яго твор прагучыць у эфіры "Радыё Свабода" і будзе апублікаваны на сайце радыё.
 

"Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча да таго часу, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставу. Мы спадзяемся, што гэтая прэмія як мага хутчэй страціць актуальнасць", — заключыў Хадановіч.

Даведка:

Францішак Аляхновіч (1883—1944) — актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху, драматург і тэатральны дзеяч. Нашчадак шляхты з-пад Радашковіч (цяпер Мінская вобласць). У 1927 годзе быў арыштаваны АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў Салавецкім лагеры асаблівага прызначэння. У 1933 годзе вярнуўся ў Вільню пасля абмену на вязня польскай турмы.

 

Каментаваць