Пераможцаў конкурса «Экслібрыс» узнагародзілі ў «фарпосце культуры ў спальным раёне»

35 маладых літаратараў атрымалі ўзнагароды ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, які ладзіў конкурс «Экслібрыс». Цырымонія ўзнагароджання адбылася 14 чэрвеня ў Галерэі Шчамялёва — «фарпосце культуры ў спальным раёне», як яе назвала дырэктар ўстановы Таццяна Бембель.



35 маладых літаратараў атрымалі ўзнагароды ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, які ладзіў конкурс «Экслібрыс». Цырымонія ўзнагароджання адбылася 14 чэрвеня ў Галерэі Шчамялёва — «фарпосце культуры ў спальным раёне», як яе назвала дырэктар ўстановы Таццяна Бембель.

  Таццяна Бембель

Паводле слоў Барыса Пятровіча і Віктара Жыбуля, праца журы была нялёгкай — у конкурсе прынялі ўдзел больш за сто чалавек, да таго ж творы былі розныя па сваіх кірунках. Спачатку планавалася вызначыць дваццаць лепшых, але меркаванні журы значна разышліся. Сярод канкурсантаў быў толькі адзін яўны лідар, таму было вырашана назваць пяць пераможцаў, пятнаццаць фіналістаў і пятнаццаць дыпламантаў. Пры ўсёй суб’ектыўнасці сябраў журы конкурс пастараліся зрабіць найбольш аб’ектыўным — журы атрымала конкурсныя творы без пазнак аўтарства, таму ніхто не ведаў, чыё імя стаіць за тым ці іншым творам.

   Андрэй Хадановіч

Перш за ўсё Андрэй Хадановіч і Барыс Пятровіч уручылі заахвочвальныя дыпломы. Іх атрымалі Раман Абрамчук, Аляксандр Апон, Зміцер Баяровіч, Сяргей Белаяр, Наталля Бойка, Валярына, Марына Варабей, Дар’я Вашкевіч, Сандра Вецер, Ганна Воранава, Ганна Гараніна, Марыя Лаппо, Дар’я Латышава, Вольга Чайкоўская і Наталля Ярмольчык.

   Барыс Пятровіч

У фінал конкурсу выйшла яшчэ 15 маладых літаратараў: Алена Беланожка, Андрэй Вылінскі, Наста Грышчук, Аляксандра Дварэцкая, Алесь Емяльянаў, Сяргей Календа, Сяржук Камель, Павел Капанскі, Андрэй Касцюкевіч, Віктар Мельнікаў, Павел Надольскі, Аня Рудак, Антось Уласенка, Алена Хрышчановіч і Алесь Яшчанка.

   Віктар Жыбуль

Пераможцамі конкурсу журы вызначыла пяць чалавек: двух паэтаў, двух перакладчыкаў і аднаго празаіка. Такім чынам, галоўныя ўзнагароды атрымалі паэты Алесь Замкоўскі і Антон Рудак, перакладчыцы Ганна Янкута і Алеся Башарымава, а таксама празаік Вера Стромава.

Увесь вечар удзельнікі конкурсу чыталі свае творы, а скончылася імпрэза выступам маладой спявачкі Рэспублікі Паліны.



«Экслібрыс» — малады літаратурны конкурс, сёлета ён праходзіў упершыню. Прыняць у ім удзел маглі беларускія пісьменнікі, крытыкі і перакладчыкі не старэйшыя за 35 гадоў. Барыс Пятровіч спадзяецца, што ў перспектыве конкурс перарасце ў школу маладых літаратараў, якую плануюць адчыніць увосень. Па выніках гэтай школы плануецца выдаць кнігу, якую падрыхтуюць самі яе ўдзельнікі.

Фота аўтара
 

Каментаваць