Першая ластаўка беларускай фантастыкі ад “Галіяфаў”

27 лістапада ў кнігарні “Галіяфы (крама “Падземка) была прэзентаваная першая кніга з серыі “Калекцыя беларускай фантастыкі, а менавіта зборнік фантастычнай прозы Сержа Мінскевіча пад назвай “Сад замкнёных гор. Акрамя аўтара ў імпрэзе ўзялі ўдзел шэраг вядомых беларускіх літаратараў.



27 лістапада ў кнігарні “Галіяфы (крама “Падземка) была прэзентаваная першая кніга з серыі “Калекцыя беларускай фантастыкі, а менавіта зборнік фантастычнай прозы Сержа Мінскевіча пад назвай “Сад замкнёных гор. Акрамя аўтара ў імпрэзе ўзялі ўдзел шэраг вядомых беларускіх літаратараў.

Ва ўтульнай “Падземцы на прэзентацыю з большага сабраліся калегі аўтара па літаратурнаму цэху. Пасля ўступнага слова Сержа Мінскевіча выступілі адказны за выпуск Зміцер Вішнёў, рэдактар Арцём Каваленка, Вячаслаў Корбут, Юрась Барысевіч, Віктар Жыбуль ды іншыя. Выступоўцы чыталі свае вершы і ўрыўкі з прэзентаванай кнігі. Паміж выступаў Серж Мінскевіч выканаў пад гітару некалькі сваіх песень, пераважна на фантастычную тэматыку. Бліжэй да канцу імпрэзы была і абяцаная віктарына —  тыя, хто правільна адказаў на пытанні аўтара, атрымалі кнігі выдавецтва “Галіяфы.

Раней Серж Мінскевіч быў вядомы ў першую чаргу як паэт, перакладчык і бард. З гэтай жа кнігай яго імя папоўніла не надта багаты спіс беларускіх фантастаў. “Фантастыка — самая цікавая рэч, бо яна мацае тыя рэчы, да якіх не дакранешся, — зазначыў аўтар. І тое праўда. Як вядома і іншае, аб чым сведчыць і кніга Мінскевіча: фантастычныя допускі ў літаратурных творах звычайна не ёсць самамэтай, а толькі формай прадстаўлення сюжэту, які закранае тыя ж праблемы, што і ў нефантастычным творы.

Раман “Сад замкнёных гор, які даў назву кнізе, складаецца з дзвюх частак: аднайменнай першай, напісанай ў стылі “квазіфэнтэзі, і другой — “Забаўкі для малодшых, якая схіляецца да прыгодніцкага рамана з элементамі фантастыкі. У кнігу ўвайшлі таксама аповесць “Гіперновы рабінзон і шэраг апавяданняў.

Серыя “Калекцыя беларускай фантастыкі была распачата выдавецтвам “Галіяфы ў 2011 годзе. Зараз да друку рыхтуецца другая кніга серыі — “Анамалія Алеся Бычкоўскага.
 

Каментаваць