Першыя бакалаўры ў выгнанні

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбылося ўрачыстае ўручэнне бакалаўрскіх дыпломаў. 113 выпускнікоў ЕГУ сталі першымі ў «віленскай» гісторыі універсітэта пасля яго закрыцця ў Мінску.

Ва ўрачыстым звароце да гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі рэктар ЕГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў распавёў пра цяжкасці, з якімі універсітэт сутыкнуўся, аднаўляючы сваю працу ў Літве:



У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбылося ўрачыстае ўручэнне бакалаўрскіх дыпломаў. 113 выпускнікоў ЕГУ сталі першымі ў «віленскай» гісторыі універсітэта пасля яго закрыцця ў Мінску.

Ва ўрачыстым звароце да гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі рэктар ЕГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў распавёў пра цяжкасці, з якімі універсітэт сутыкнуўся, аднаўляючы сваю працу ў Літве:

«Найноўшая гісторыя ведае няшмат выпадкаў закрыцця цэлага універсітэта, — падкрэсліў ён. — Гэта адбылося 5 гадоў таму паводле палітычных матываў. Нам прад’явілі абсурдныя абвінавачанні ў тым, што мы рыхтуем эліту, каб прывесці Беларусь у Еўропу. Тым самым наша еўрапейскае мінулае, наша еўрапейская прыналежнасць, якая здавалася нам актуальнай і відавочнай пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ў пачатку 90-х, аказалася пад сумневам і неўзабаве стала ўспрымацца небяспечнай».

Пачаць усё ab ovo стала магчымым дзякуючы шырокай падтрымцы звонку. Ад імя універсітэта Анатоль Міхайлаў выказаў словы ўдзячнасці былому прэзідэнту Літвы Валдасу Адамкусу, Савету міністраў Паўночных краін, Еўрапейскай камісіі і Еўрапарламенту, урадам краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Сёння, па словах дэкана бакалаўрскай школы Рыгора Міненкова, універсітэт ставіць перад сабой шмат новых задач і бачыць новыя перспектывы. У прыватнасці, апошнім часам адбыўся шэраг перамоў з іншымі еўрапейскімі ВНУ наконт пашырэння супрацоўніцтва ў сферы абмену студэнтамі, удзелу іх у міжнародных студэнцкіх праграмах.

Праблемай, у сваю чаргу, можна назваць тое, што сёння з Беларусі прыязджае вучыцца моладзь, якая далёка не заўсёды адпавядае еўрапейскім стандартам пачатку вышэйшай адукацыі. Прычына палягае ў тым ліку і ў рэформе школьнай адукацыі, якая паспрыяла зніжэнню ведаў замежных моў. А іх веданне — норма для Еўропы. Колішнія абітурыенты, якія навучаліся ў Мінску, прыходзілі ва універсітэт больш падрыхтаванымі.

З іншага боку, балонская сістэма адукацыі, паводле якой працуе Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, дае магчымасць усім, хто жадае, праявіць свае таленты і здольнасці адпаведна магчымасцям еўрапейскай адукацыі, уключыць працавітасць «на поўны» і атрымаць вельмі высокія вынікі.

Экс-прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус і рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў


Віншуючы выпускнікоў, Рыгор Міненкоў падкрэсліў, што сённяшнія бакалаўры «назаўсёды застануцца першымі» ў новай гісторыі ЕГУ. І пажадаў заўсёды памятаць, што «ЕГУ — не проста ВНУ, гэта і лад думак, і лад жыцця».

Пра дух універсітэта, якім насычана атмасфера тут, кажуць і самі выпускнікі. Адзін з бакалаўраў паліталогіі распавядае пра розніцу ўспрыняцця тэорыі і практыкі паліталогіі ў выпускнікоў ЕГУ і Беларускага дзяржуніверсітэта. «Мы заўсёды спрачаемся, таму што ў нас прынцыпова рознае бачанне праблем і выйсця з іх. Выпускнікі БДУ разумеюць так: ёсць адзіны слушны падыход, а ўсё астатняе — няслушна. А мы сыходзім з таго, што ёсць рэальнасць, і яна такая, як ёсць. Усе яе праявы — натуральныя. То бок, нас вучылі не абмяжоўваць сябе нейкімі тэарэтычнымі правіламі, бо трэба вывучаць сітуацыю шматбакова».

На думку майго суразмоўцы, балонская сістэма адукацыі спрыяе тым, хто прыехаў вучыцца і шукаць дарогу для сябе далей, вызначацца, што табе цікавей і дзе ты можаш быць больш паспяховым. «Важна, што я магу зрабіцца спецыялістам не ў адной галіне, а ў некалькіх. Я стаў бакалаўрам паліталогіі, а наперадзе ў мяне — праца па шэрагу іншых праграм. Ужо сёння я маю прапановы працы ў Беларусі і не ў Беларусі, магу выбіраць». Але, падкрэслівае выпускнік, «сёння шмат тых, хто прыязджае ў ЕГУ, едзе больш за еўрапейскімі краявідамі, бачыць каштоўнасць не ў сутнасці адукацыі тут, а ў краіне яго размяшчэння».

Ва ўрачыстасці ўручэння дыпломаў першым бакалаўрам ЕГУ ў Вільне прымаў удзел экс-прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус. Ён выказаў надзею, што выпускнікі ЕГУ здолеюць стаць «будаўнікамі новай дэмакратычнай і свабоднай дзяржавы Беларусь».
 

Каментаваць