Песня Таццяны Беланогай

Беларуская аўтарская песня мае свае асаблівасці. У адрозненне ад расійскай ці ўкраінскай, дзе не стаіць пытання захавання самаідэнтычнасці нацыі, наша аўтарская песня найперш патрыятычная. Ужо ў сілу таго, што яна — беларуская.



Беларуская аўтарская песня мае свае асаблівасці. У адрозненне ад расійскай ці ўкраінскай, дзе не стаіць пытання захавання самаідэнтычнасці нацыі, наша аўтарская песня найперш патрыятычная. Ужо ў сілу таго, што яна — беларуская.

Таццяну Беланогую я ўпершыню пачуў на фестывалі беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва–2006». Яна адразу і безумоўна вылучылася з усіх выступоўцаў нейкай сваёй непаўторнай шчырасцю і непасрэднасцю, і натоўп перад сцэнай адразу стаў расці ды ўшчыльняцца папросту на вачах. І ўсім адразу стала зразумела: на сцэне беларускай аўтарскай песні з’явілася асоба. Новая, ні на каго не падобная, са сваёй на дзіва дасканалай і пазнавальнай манерай выканання і сваім словам. І тое, што яна ў той жа год атрымала Гран-пры на беластоцкай «Бардаўскай восені», зусім не выпадковасць.

Калі казаць пра аўтарскую песню, дык трэба найперш гаварыць пра тэкст, бо гэта, як правіла, песня ўласнага аўтарства, твор з заўважным акцэнтам на слове, разлічаны найперш на гітарны акампанемент, магчыма, з лёгкім інструментальным суправаджэннем.

Таццяна Беланогая пачынала з рускай песні. Але ўжо ў першым яе самаробным альбоме разам з рускамоўнымі песнямі гучала і беларускае слова. І ўжо тады выбар быў зроблены раз і назаўжды. Ключавым словам для ўсяго цыкла беларускіх песень з таго першага альбома было слова «мы». Мы, наш, нам... «Наш лёс — наша сляза,/ Наш шлях — наша бяда,/ І наш сцяг — пад нагой крывавая пляма» («Наш лёс»). Невыпадкова і назва той першай падборкі песень — «Там, дзе мы». Яўна выпадалі з яе толькі дзве песні: гэта «Маўклівая» і асабліва «Човен», дзе ўпершыню выразна прагучала аўтарскае «я».

У гэтых дзвюх песнях яна ўпершыню адхілілася ад дастаткова прамалінейных, простых і крыху наіўных тэмаў сваіх песень таго часу. «Човен» наогул адна з лепшых яе песняў і сёння: «Сядай у мой човен, у маю труну, сядай. Я цябе павязу ў свой рай — Краіну, дзе няма палымяных прамоў, Краіну, дзе жыве адна, а не некалькі моў. Сядай». У «Маўклівай» іншае: гэта ўжо высокая паэзія, у якой ані сацыяльшчыны, ані лірыкі: «Маўклівая. Яе вачам трыста год. Яны бачылі больш за гаманлівы натоўп. Ды далоней сваіх да вачэй не тулі, Паглядзі — яе слёзы ападаюць на твае сляды».

З гэтага часу дамінантай яе новых песень усё больш становіцца эгацэнтрызм — «я» і «свет вакол мяне». З’яўляецца нямала і лірыкі: «Да цябе», напрыклад, становіцца асабліва папулярнай у моладзі, трапляе на розныя складанкі — не будзем забываць, што Таццяна зусім яшчэ маладая дзяўчына.

Наогул, жаночая аўтарская песня адрозніваецца якраз гэтым — эгацэнтрыкай і лірызмам. А ў беларускай аўтарскай песні, як у ніякай іншай, ёсць яшчэ адна фішка: гэта вялікая доля песень на вершы вядомых паэтаў. Некаторыя (напрыклад Вайцюшкевіч) нават запісваюць цэлыя альбомы на вершы прызнаных амаль класікамі нашых паэтаў.

Беланогая таксама тут не выключэнне, і наколькі можна прасачыць па яе песнях, у Таццяны адной з чытаных паэтак з’яўляецца Яўгенія Янішчыц. Што ж, паэзія высокай пробы хочаш не хочаш прымушае і самой цягнуцца да гэтых вышынь: «У гэту чорную ноч/ Мне паветрам не дыхаць,/ У гэту чорную ноч/ Мне глядзець у вакно./ Мае раны ўжо/ Стогадовыя дзеці,/ Мае песні ўжо/ Састарэлі даўно» («Чорная ноч»).



Нельга не заўважыць, што з многіх песень яўна праступае адзінота і нейкі душэўны надлом аўтаркі. У яе абсалютна няма не тое што жартаўлівых, але і проста вясёлых песень. Але як шчыра, як пранікнёна яна ўмее пра гэта сказаць: «Зноў адзінота ў лістападзе,/ Зноў быццам цень выходжу з дому, /Зноў каляровых летніх светлых акварэль, /Час паліць у асенняй праўдзе» («Адзінота ў лістападзе»).

За першай падборкай з’явіўся цыкл «Пабачыць свет». Дваццаць песняў гэтай падборкі засведчылі, што аўтарка рухаецца ў абраным напрамку, а яе ліра практычна не дае збояў. Многія песні з гэтага цыкла Таццяна адабрала і для наступнага альбома, запісанага на прафесійным узроўні. Дыск «Дзвюхкроп’е», што выйшаў некалькі гадоў таму, стаў заўважным крокам наперад: «Я піла пігулкі, я ірвала свежыя краскі, /Я ламала рукі і спявала сумныя песні, /Я чытала кнігі пра нашыя цені, /Прыбівала крылы, што збіраліся ў вырай./ Балюча адарваць душу /Ад крыві, /Балюча не дакрануцца /Да рукі,/ Балюча сказаць табе/ «Стой». /Балюча. /Ня хочаш і ня мусіш /Быць са мной» («Балюча»). Запісаны на добрым узроўні, з выдатным аранжаваннем пільна адабраных песняў, дзе гучаць і скрыпка з віяланчэллю, і маса рознай перкусіі (як цяпер і пішуцца бадай усе знакавыя выканаўцы аўтарскай песні), альбом паказаў увесь творчы патэнцыял песень Беланогай.

А яны ў яе менавіта песні, а не дэкламацыя вершаў пад гітару, што яшчэ даволі характэрна для нашых бардаў. Што, дарэчы, якраз і прадэманстравалі складанкі Зміцера Бартосіка «Барды Свабоды», дзе прадстаўленыя ці не ўсе больш-менш цікавыя нашы аўтары. Таццяна ўмее спяваць. Меладычныя і распеўныя, песні «Дзвюхкроп’я» надоўга «прыліпаюць» да цябе, іх хочацца слухаць яшчэ і яшчэ. І не ў апошнюю чаргу менавіта з-за даведзенага да дасканаласці іх інструментальнага аранжавання. Можаце нават правесці цікавы эксперымент: праслухайце гэты альбом Беланогай, а затым наўгад уключыце любую нашу FM-памыйку. І параўнайце з тым, што круцяць там цэлымі суткамі. Эксперымент небяспечны. Песень Таццяны Беланогай (і не толькі яе) вы там дакладна не пачуеце. На жаль. Хаця на паважным радыёканале «Культура» нават ёсць перадача, прысвечаная аўтарскай песні, але... рускай аўтарскай песні. І назва ў яе адпаведная: «Виноградная косточка».

Калі гаварыць пра музычны бок гэтага дыска, і наогул амаль усіх песень нашай гераіні, то варта сказаць, што Таццяна — бард ужо другога пакалення, і сфармавалася яўна пад уплывам не толькі аўтарскай песні, але і рок-н-ролу: «Грукалі ў сценку — суседзям не падабаецца мой рок» («Мой голас чорны»). І гэта заўважна: асноўная маса яе песняў з «рокавым» памерам — на 4 ці 8 чвэрцяў з заўважным акцэнтам на моцную долю. Што практычна не характэрна для бардаў першага пакалення — Акуліна, Камоцкага, Цярэшчанкі, Мельнікава...

Дарэчы, яна ўжо мае досвед спробы рэалізацыі сваёй песні «Музыка новага дня» і з рок-гуртом. Выявілася, што яна гучыць у рок-выкананні абсалютна арганічна. У Беланогай ёсць толькі адзін слабы бок — недастатковае валоданне гітарай. Гэта яўна замінае ёй паўнавартасна рэалізаваць увесь патэнцыял сваёй пявучай ліры, пашырыць гарызонты мелодыкі, надаць ёй насычанасць і неабходныя нюансы. Што і паказала «Дзвюхкроп’е»: на ім амаль усе гітарныя партыі запісаныя не аўтаркай. Прыклады Камоцкага, Вайцюшкевіча і Міцяева паказваюць, як важна сучаснаму выканаўцу добра валодаць гітарай. Час Высоцкага, Візбара і Акуджавы, якія ледзьве ўмелі граць, сёння незваротна мінуў.

Апошні альбом Беланогай «Ніткі» выйшаў летась. Гэта прыклад чыстай паэзіі з простым гітарным акампанементам самой аўтаркі. І ўжо толькі з-за гэтага ён саступае па ўражанні «Дзвюхкроп’ю». Паэзія ў ім не толькі чыстая, але часта безасабовая і беспрадметная: «Залаты ветразь раздзімае тваё вакно. Брудныя рукі сказалі, што тут карысна ўсё. На дарозе дажджы. Над дарогай твой птах» («Дождж і птах»). Значна менш і такіх удалых меладычных знаходак, як на «Дзвюхкроп’і». Слухаючы «Ніткі» злавіў сябе на тым, што параўноўваю гэтыя яе песні з познім БГ. Яны такія ж шматпланавыя і асацыятыўныя: «Белае воблака стане возерам бяздонным... Белае воблака кожнаму напоўніцца кроўю. Белае воблака кожнаму стане вакзалам. Белае воблака будзе прасіць даравання» («Белае воблака»).

Адна з 14 песень альбома прысвечана Алесю Камоцкаму, які фактычна і вывеў Беланогую да шырокай аўдыторыі, запрасіўшы ў 2006-м на «Бардаўскую восень», другая — Алесю Адамовічу. Гэта таксама зразумела: Адамовіч сёння самы чытаны пісьменнік аўтаркі. А ўвесь альбом цалкам прысвечаны бацькам Таццяны. Прысвячэнняў можа і занадта, але пры ўсім пры тым Беланогая хоча быць сучаснай, хоча быць цікавай моладзі — на «Нітках» прысутнічае перазняты відэакліп на песню «Хачу да цябе». Першы варыянт кліпа, зняты некалькі гадоў таму на «Белсаце» ў выглядзе пластылінавай анімацыі, не задаволіў аўтарку. Тады ж, дарэчы, быў зроблены яшчэ адзін кліп на песню «Мой голас чорны». Так што цяпер у нашай гераіні ўжо стварылася маленькая галерэя відэакліпаў. Апрача таго, яна яшчэ і малюе. На яе сайце можна пазнаёміцца з выяўленчымі творамі Таццяны. І я жадаю ёй новых канцэртаў, новых паездак, новых песняў і новых альбомаў. А магчыма, яшчэ і выставаў. Мне здаецца, што ў Таццяны Беланогай яшчэ шмат чаго наперадзе.

Юрка Копцік
 

Каментаваць