Пешаходка: танцы, сонца, рок-н-рол і джаз (шмат фота)

Як папулярызаваць дагэтуль невядомыя, але годныя музычныя гурты? Ці сабраць грошы на дабрачыннасць і адначасова даставіць задавальненне людзям? Лаканічныя адказы на гэтыя пытанні даў праект «Пешаходка».

Па суботах цэнтр Мінска цяпер пераўтвараецца ў фестывальную пляцоўку, дзе пануе атмасфера еўрапейскага гораду напярэдадні вялікага свята, кшталту Калядаў. Расслабленныя і вясёлыя людзі шпацыруюць, слухаюць музыку, размаўляюць і смяюцца. Значна лепей, чым сядзець у хаце.


Фота: Уладзіслаў Рубанаў

Днём можна гуляць ад сцэны да сцэны, там-сям сустракаючы рознага кшталту перформансы. Адкрываць для сябе новыя музычныя калектывы, арыгінальнасць якіх уражвае: скрыпкі, гітара, клавішныя — усё гэта гучыць каля ратушы.

Танчыць, танчыць і яшчэ раз танчыць!  Фота: Уладзіслаў Рубанаў


На задняй пляцоўцы можна сустрэць людзей, што танчаць пад джаз. Мы спыталі ў адной з удзельніц, што тут адбываецца:

— Сёння і амаль усе выходныя ўлетку на задняй пляцоўцы праходзяць оўпэн-эйры па ліндзі-хопу ад школы танцаў «Качели»,  — распавяла нам Аксана, адна з вучаніц гэтай школы — звычайна гэта мерапрыемства на дзве-тры гадзіны. Сёння быў яшчэ майстар-клас для ўсіх ахвотных ад нашых выкладчыкаў. Гэта выдатна — прыйсці і патанчыць з народам пад файную музыку, правесці культурна час. На пляцоўцы прыемная атмасфера і хочацца танчыць і танчыць. Калі танчыш з кожным партнёрам, пазнаеш новыя рухі і атрымліваеш новыя ўражанні ад танца.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў


З-за спёкі шматлікія людзі днём хаваюцца ў цені, а самы цяжкі лёс чакае артыстаў, якія граюць і стаяць пад адкрытым сонцам. Наогул ствараецца ўражанне, што надвор'е ў нас можа быць толькі скрайнім — ці то спёка, ці то лівень.

А ўвечары 18 чэрвеня ў карэтным панадворку было не праціснуцца. Тут грымеў рок. І ў якасці хэдлайнераў выступалі «The SuperBoyz» і «Akute».

«The SuperBoyz». Фота: Павел Аксіновіч


Гурт «The SuperBoyz» упершыню паўнавартасна выступіў на сцэне карэтнага дворыку. У складзе «суперхлопцаў» граюць музыкі гуртоў «J:морс», «Крамбамбулі» і «Лепрыконсаў». Калектыў можна назваць кавер-бэндам: у іх рэпертуар уваходзяць вядомыя кампазіцыі, але гучаць яны зусім не звычайна з аўтарскімі рэміксамі і асаблівай аранжыроўкай. Ёсць і некалькі аўтарскіх песень і нават чатыры кліпы. Музыкі граюць вельмі папулярны для беларускага слухача канца дзевяностых — пачатку нулявых поп-панк і ска-рок. Хлопцы выдатна разагрэлі публіку перад выступам «Akute».


«Akute». Фота: Уладзіслаў Рубанаў

Гурт «Akute» з кожным годам становіцца ўсё бліжэй да еўрапейскай сцэны, прыемна разумець, што ў нас усё больш калектываў такога ўзроўня.


«Akute». Фота: Уладзіслаў Рубанаў

Вядома, які-небудзь крытык можа сказаць: «у іх тэкста накіраваны на дзяўчынак-падлеткаў ды танцавальныя матывы — папса рок-сцэны, карацей». Але ў якасці контраргументу можна прывесці барадатых мужыкоў, якія скакалі і адрываліся пад гэту «музыку для дзяўчынак», падпяваючы «Адшукай мяне» і «Наскрозь».

Апроч рок-сцэны карэтны дворык ля ратушы сабраў аматараў джазу. Некалькі тысяч меламанаў атрымалі асалоду ад выступу віртуозаў гэтай музыкі, у тым ліку і брытанца Яна Шоў.


Фота: Павел Аксіновіч

Магчыма, гэта яшчэ не зусім узровень еўрапейскіх фэстаў, нават гарадскіх, але прыемна ўсведамляць, што мы да яго набліжаемся ўсё бліжэй і бліжэй.


Фота: Уладзіслаў Рубанаў


Фота Уладзіслаў Рубанаў

Фота: Павел Аксіновіч

               

Каментаваць