Піт Паўлаў: яшчэ сустрэнемся!

6 лістапада ў рок-бары «Крылы» адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім рок-музыканатам, удзельнікам гуртоў N.R.M. і «Папараць» Пітам Паўлавым, якая ладзілася ў межах кампаніі «Рок-салідарнасць».



Добра вядома тае, што Піт Паўлаў не толькі арыгінальны кампазітар і музыкант, але і вельмі цікавы і дасціпны субяседнік. Таму яго сустрэчы з прыхільнікамі заўсёды адбываецца пры поўнай зале і ў вельмі прыязнай, сяброўскай атмасферы. Тым больш, што гэта сустрэча ў рок-бары «Крылы» была прымеркавана да дня народжэння музыканта, што выклікала дадатковую порцыю шчырых віншаванняў у адрас музыканта.
 
 
Гэтым разам Піт распачаў свой міні-канцэрт з прэзентацыі новых музычных кампазіцый. Аматары творчасці П. Паўлава з цікавасцю даведаліся што Піт стварыў некалькі кампазіцый да новай мастацкай стужкі, прысвечанай польскамоўнаму пісьменніку беларускага паходжання С. Пясецкаму. З саўнд-трэка да гэтай стужкі музыкант выканаў такія кампазіцыі, як «Залаты сезон», «Зброя, золата, кабеты» і «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», «Схватка». Між іншым, апошняя са згаданых кампазіцый мае і іншае прызначэнне. Яна была створана і як музычнае аздабленне да турніра памяці Алега Караваева – першага беларускага алімпійскага чэмпіёна па грэка-рымскай барацьбе, двухразовага чэмпіёна света. Высветлілася, вольны ад музыкі час Піт прысвячае гэтаму віду спартыўнага адзінаборства.
 
 
Далей песні ў выкананні аўтара суправаджаліся разгорнутымі каментарыямі і аповедамі пра гісторыю іх стварэння, а таксама цікавымі выпадкамі з музычнага жыцця Піта. Дзякуючы неардынарнай асобе музыканта, камернасці сяброўскай атмасферы, ў рок-бары скалалася атмасфера зацікаўленага дыялога паміж выканаўцам і яго слухачамі.
 
 
 
 
Далейшая праграма міні-канцэрта Піта Паўлава складалася з настальгічных успамінаў пра удзел у сваіх ранейшых праектах. Так, гучалі песні з рэпертуару гуртоў «Гарадзкія», KRIWI. У прыватнасці, шквалам апладысметаў была сустрэта апрацоўка народнай песні «За туманам», якая ў свой час была запісана з Веранікай Кругловай і Змітром Вайцюшкевічам.
 
 
Таксама Піт распавёў пра лёс праекта Pete Paff, пра тое, што ён нікуды не знік, але трансфармаваўся і выступае пад іншай назвай – «Папараць». З рэпертуару гэтага калектыва у выкананні П. Паўлава прагучалі апрацоўкі народных мелодый «Бору», «Там, каля млына» і іншыя кампазіцыі.
 
 
Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі кампазіцыі з новага альбома гурта N.R.M., які названы музыкантамі Д.П.Б.Ч. Нагадаю, што гэты дыск быў выдадзены ў двух фарматах – на CD і на модным сёння вініле. Піт Паўлаў распавёў пра гісторыю стварэння загалоўнай песні гэтага альбома -- «Прамень» і яе алюзіі з песняй Beatles «Here Comes The Sun», а таксама пра ўнікальныя здымкі кліпа на гэтую кампазіцыю.
 
 
«Прамень», як і іншыя кампазіцыі – «Мроя мая», «Хрусць і папалам» (напісаная ў суаўтарстве з Г.Галушкіным), «Ты маўчыш і я маўчу», «Д.П.Б.Ч.» выклікалі шчырыя апладысменты і новыя пытанні слухачоў адносна альбома Д.П.Б.Ч. і далейшага лёсу гурта N.R.M. Піт запэўніў, што гурт настроены ствараць новыя песні, гастраляваць, здымаць кліпы – быць заўважным складнікам беларускага рок-руху, а новы альбом N.R.M. гэтаму добрае пацвержанне.
 
 
На заканчэнне творчай сустрэчы ў рок-бары «Крылы» Піт Паўлаў на замову слухачоў выканаў беларускамоўны кавер на песню гурта Metallica «Nothing Else Matters» якая ў П. Паўлава мае назву «Сродак і мэта». Выкананне гэтага кавера яшчэ раз засведчыла той сур’ёзны падыход, які музыкант выкарыстоўвае ў працы над апрацоўкамі і асабістымі кампазіцыямі, што маюць неардынарныя тэксты і мелодыі.
 
 
Ну а скончылася сустрэча з Пітам Паўлавым на настальгічнай ноце – сумесным выкананнем легендарных «Трох чарапах». Цікава, што гэтая, здавалася б, простая песенька, стала своеасблівым гімнам, які здольны аб’яднаць розныя пакаленні аматараў беларускай рок-музыкі. Агульныя спевы вядомага хіта выклікала ў наведвальнікаў творчай сустрэчы з Пітам Паўлавым жаданне набыць новы альбом гурта N.R.M., які хутка разышоўся па калекцыях беларускіх меламанаў. А таксама прыйсці на канцэрт, прысвечаны выхаду дыска Д.П.Б.Ч.
 
 
Нагадаем, што прэзентацыя новага альбома гурта N.R.M. адбудзецца 15 лістапада ў клубе «ЮЛА» (вул. Сурганава, 26, ст. метро «Акадэмія навук») а 19 гадзіне. Піт Паўлаў і гурт N.R.M. запрашаюць усіх аматараў беларускай рок музыкі!

Абмеркаванне:

  • Апалубог
  • 2013-11-07 19:40:42
О, дзякуй за інфу, абавязкова трэба пайсьці паслухаць. "N.R.M." быў, ёсць, будзе!
  • Pete
  • 2013-11-08 01:09:36
Абавязкова прыходьце..

Каментаваць