Пяцісотгоднасць: назаві 20 знакавых кніг!

З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадруку Згуртаванне «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў у межах абвешчанай кампаніі «Пяцісотгоднасць» запрашаюць разам скласці рэйтынг найбольш знакавых кніг.

Беларускаму кнігадруку амаль 500 гадоў. І за гэты час на нашай тэрыторыі былі выдадзеныя тысячы найменняў кніг — папулярных і не вельмі, мастацкіх і публіцыстычных, на мовах, што былі дзяржаўнымі ў розныя часы ў нашай краіне, а таксама на замежных. Яны выдаваліся з рознай інтэнсіўнасцю, на што ўплывалі абставіны і знешнія, і ўнутраныя. І ўсе гэтыя кнігі з’яўляюцца нашай культурнай спадчынай, аднаўленнем, папаўненнем і ўзбагачэннем якой займаецца ўжо сённяшняе пакаленне беларусаў.

З нагоды славутага для нашага народа юбілею, які гістарычна сведчыць пра беларусаў як прагрэсіўную і адукаваную нацыю, Згуртаванне “Бацькаўшчына” і Саюз беларускіх пісьменнікаў у межах абвешчанай кампаніі “Пяцісотгоднасць” запрашаюць разам скласці рэйтынг найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку.

Арганізатары просяць вызначыць не лепшую, а найбольш важную кнігу для нашай краіны: аўтарскую ці перакладную, рэнесансную ці новачасную, самае галоўнае — тую, што зрабіла ў свой час уплыў на грамадства ці на пэўную сферу і паўплывала на фармаванне беларускай нацыі.

Прапануем як аснову для абмеркавання спіс з 50-ці кніг аднаго з экспертаў. Дапоўніце яго ў каментарах іншымі найменнямі, якія вы лічыце важнымі і якія, на вашу думку, вартыя таго, каб трапіць у 20 самых важных кніг за пяцісотгоддзе. Спіс закрываецца 23 кастрычніка, а 24-га мы абвесцім галасаванне і будзем разам выбіраць ТОП-20 знакавых кніг Беларусі.

 

1. Францыск Скарына — “Біблія”

2. Фанцыск Скарына “Малая падарожная кніжыца”

3. Сымон Будны  — “Катехізіс”

4. Васіль Цяпінскі — “Евангелле”

5. Мікола Гусоўскі— “Песня пра зубра”

6. “Статут Вялікага княства Літоўскага»

7. Ян Вісліцкі — “Пруская вайна”

8. Андрэй Волан — “Аб палітычнай і грамадзянскай свабодзе”

9. Сімяон Полацкі — “Сад шматколерны”    

10. Саламея Пільштынава — “Авантуры майго жыцця”

11. Казімір Лашчынскі — “Трактат аб неіснаванні Бога”

12. Адам Міцкевіч — “Дзяды”

13. Адам Міцкевіч — “Пан Тадэвуш”

14. Ян Баршчэўскі — “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

15. Іван Насовіч — “Слоўнік беларускай гаворкі”

16. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — “Пінская шляхта”

17. Францішак Багушэвіч — “Дудка беларуская”

18. Яўхім Карскі — “Белорусы”

19. Янка Купала — “Жалейка”

20. Якуб Колас — “Новая зямля”

21. Максім Багдановіч “Вянок”

22. Вацлаў Ластоўскі — “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”

23. Максім Гарэцкі — “На імперыцялістычнай вайне”

24. Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) — “Адвечным шляхам”

25.Ядвігін Ш.— “Золата”

27. Лукаш Калюга — “Нядоля Заблоцкіх”

28. Натальля Арсеньева — “Пад сінім небам”

29. Андрэй Мрый — “Запіскі Самсона Самсуя”

30. Уладзімір Жылка — “На ростані”

31. Міхась Зарэцкі — “Голы звер”

32. Францішак Аляхновіч — “У кіпцюрах ГПУ”

33. Кузьма Чорны — “Сястра”

34. Сяргей Пясецкі — “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”

35. Уладзімір Дубоўка — “Выбраныя творы”

36. Іван Мележ — “Людзі на балоце”

37. Янка Брыль “Золак, убачаны здалёк”

38. Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік — “Я з вогненнай вёскі”

39.Васіль Быкаў — “Знак бяды”

40.Міхась Стральцоў — “Выбранае”

41. Уладзімір Караткевіч — “Каласы пад сярпом тваім”

42. Ларыса Геніюш — “Споведзь”

43. Янка Юхнавец — “Яно”

44. Святлана Алексіевіч «У войны не женское лицо”

45. Мікола Ўлашчык — «Была такая вёска”

 46. Ян Пятроўскі — “Плятон” (кнігі дыялогаў Платона, перакладзеныя з старагрэцкай мовы).

47. Аляксандр Грыцанаў — “История философии» (энцыклапедыя)

48. Рыгор Барадулін — “Здубавецце”

49. Уладзімір Абушэнка — “Основания культурсоциологии”

50.Уладзімір Конан — “Адам Бабарэка”



Каментаваць