Пятроўскі фэст запрашае на сустрэчу з каханнем

У Дзень святых Пятра і Паўла, 12 ліпеня, у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна адбудзецца Пятроўскі фэст.

Пятроўскі фэст у в. Шыпілавічы. Фота з архіву фэсту

Пачатак фэсту каля 12.00. Удзень плануецца невялічкі кірмаш з традыцыйнымі рамёствамі і канцэрт ля сельскага клуба, малебен ля прыдарожнага крыжа. Пад вечар, каля 19.00, удзельнікі пройдуць з традыцыйнымі песнямі і карагодамі па вуліцах, будуць скакаць праз вогнішча і есці рыбную юшку, якую гатуюць у гонар таго, што Пётра, па біблейскім паданні, быў рыбаком.

Фэсту папярэднічае летняя школа традыцыйнай культуры “Пятровіца”, што стартуе 8 ліпеня. Удзельнікі вучацца традыцыйным танцам і песням Любаншчыны (можна “з нуля”), вандруюць па вёсках раёна, знаёмяцца з носьбітамі традыцый.

Божы камень ля в. Ператок.Фота Таццяны Валодзінай

9 ліпеня плануецца наведванне Божага каменя між вёскамі Ператок і Дубінкі. Паверхня валуна ўся ў адтулінах, вада, прапушчаная праз гэтыя дзіркі, лічыцца, дапамагае ад хвароб галавы, рук і ног. Дасюль жыхары навакольных вёсак кладуць на камень ахвяраванні, а на дрэвы побач з ім вешаюць стужкі.

10 ліпеня ў вёсцы Жораўка можна будзе павучыцца жаць, пекчы хлеб у сапраўднай печы. Вельмі эмацыйны момант у абрадзе 12 ліпеня, калі дзяўчаты, якім ужо час ісці замуж, становяцца адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзяць іх “змейкай” з пятроўскай песняй. Абышоўшы, жанчыны застаюцца ля вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, водзяць вакол іх карагод. Такім чынам адбываецца ўзаемнае блаславенне замужніх і незамужніх жанчын.


Потым скачуць праз вогнішча парамі: хлопец забрірае ў дзяўчыны, што яму спадабалася, вянок і вяртае толькі за пацалунак. Рэшту вечара пара гуляе разам.

Прыязджайце на “Пятровіцу”! Навучыцеся таньчыць, спяваць, а магчыма нават сустрэнеце сваё каханне!


Каментаваць