«Пекла ці дасье на самога сябе»

На чарговым пасяджэнні дыскусійнага  кінаклубу «Невядомая Беларусь» адбылася прэм’ера мастацкай стужкі «Ад или досье на самого себя», прысвечанай трагедыі ахвяраў ГУЛАГу ў 1948–1953 гадах.



Як адзначыў вядомы даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму, вядучы кінаклубу Ігар Кузняцоў, гэтая 130-хвілінная дзвюхсерыйная чорна-белая кінастужка створана ў 1989 годзе на эксперыментальнай творчай вытворчай студыі «Экран» Ленінградскага аддзялення кінафонду СССР рэжысёрам Генадзем Бягловым па яго аднайменнай аповесці.

Бяглоў назваў сваю працу «першым народным фільмам» не толькі таму, што карціна поўнасцю знятая на сродкі аб’яднання «Квант» у Ніжнім Ноўгарадзе, але і таму, што гэтая стужка адлюстроўвае гісторыю ГУЛАГу ў лёсах розных прадстаўнікоў народа, у тым ліку ахвяраў і іх катаў, сказаў гісторык. Паводле ягоных слоў, у фільме занятыя, у асноўным, непрафесійныя акторы. Прычым, жудасныя старонкі галернага жыцця, паказаныя ў карціне, асацыююцца з творамі Варлама Шаламава і Аляксандра Салжаніцына, адзначыў Кузняцоў.

Паводле ягоных слоў, стужка ўваходзіць у рэтраспектыву мастацкіх і дакументальна-публіцыстычных фільмаў, прысвечаных 60-годдзю з дня смерці Іосіфа Сталіна (5 сакавіка).

У праграме рэтраспектывы дэманстрацыя знакамітай мастацкай кінакарціны 1990 году вядомага савецкага рэжысёра Уладзіміра Навумава «Десять лет без права переписки» вытворчасці СССР і ФРГ (19 лютага а 17.00), а таксама амерыканскага дакументальна-публіцыстычнага кінафільму 2000 году «Гитлер и Сталин. Тираны-близнецы» (6 сакавіка). Кузняцоў нагадаў, што кінаклубу споўнілася два гады,бо менавіта ў лютым 2011 году ў мінскай беларуска-нямецкай Гістарычнай майстэрні адбылося першае пасяджэнне «Невядомай Беларусі», на якім дэманстраваліся стужкі, прысвечаныя трагедыі Хатыні.

За два наступныя гады на 26 пасяджэннях дыскусійнага кінаклубу, што праводзіліся раз на месяц, адбыліся прагляды і абмеркаванні 38 айчынных і замежных мастацкіх і дакументальна-публіцыстычных стужак, у тым ліку фільмаў тэлеканалу «Белсат», якія тычыліся розных аспектаў рэпрэсіўнай палітыкі савецкага таталітарнай дзяржавы, а таксама праблематыкі Другой сусветнай вайны.

Кадры з фільма:

Каментаваць