Пераадоленне Вільні

З 12 верасня Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіць выстава менскіх пейзажаў Адама Глобуса

 



"Смачны дым над піўзаводам" 2015 год. Папера, акрыл. Апошняя карціна з серыі мінскіх краявідаў ў “віртуальнай галерэі” Адама Глобуса. Іншыя — ранейшыя працы можна пабачыць у фае Мастацкага музею да 13 кастрычніка.


Фае Нацыянальнага мастацкага з нядаўняга часу функцыянуе як асобная, крыху аўтаномная арт-галерэя. Тут размясцілі спецыяльныя стэнды для экспазіцыі сучаснага мастацтва, сканструяваныя на манер рамак, краі якіх як бы адасабляюць экспазіцыю ад навакольнай рэчаіснасці. Так, каб з савецкім ампірам галоўнага музею краіны не канфліктавала што заўгодна.

Першай такой экспазіцыяй, якая адразу запрэтэндавала на эстэтычны канфлікт, стала персанальная выстава пісьменніка і мастака Адама Глобуса “Мой родны Мінск, як ты мне мілы”, адкрыццё якой адбылося 12 верасня ў рамках святкавання ў Мінску Дня гораду.

Адам Глобус не хавае задавальнення: персанальная выстава ў мурах Нацыянальнага мастацкага музею — дасягненне для мастака, нават калі ён дыстанцуецца ад любога кшталту афіцыёзу. Зрэшты, акурат Глобус ані ад афіцыёзу, ані ад сістэмы якраз не дыстанцуецца. Калі прыглядзецца, за яго правакатыўнымі, экспрэсіўнымі працамі што ў прозе, што ў жывапісе, праглядаецца безумоўная павага да традыцый і школы. Вось і сваю прамову на вернісажы ўласнай выставы аўтар пачаў рэтраспэктыўна. “Першы раз я экспанаваўся тут у 1968 годзе, — настальгічна згадаў ён. — У трэцім класе, як вучань студыі выяўленчага мастацтва Сяргея Каткова. Тады тут выстаўляўся мой малюнак паводле раману Майн Рыда, з жыцця індзейскага правадыра Ацэолы. І — вось”. Гэтае “і вось” тычыцца 32-х менскіх пейжажаў Глобуса: акрыл, папера.

Адам Глобус на адкрыцці персанальнай выставы. Фота Міраслава Адамчыка 

Дзіўна — у Мінску жыве цэлая армія жывапісцаў, але паслядоўна і грунтоўна адметны, аўтарскі, пазнавальны вобраз нашага гораду стварае толькі Глобус, — заўважае падчас імправізаванай лекцыі ля аднаго са стэндаў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. — Яго карціны — адзіная мастацкая канцэпцыя Мінску ў беларускім жывапісе ХХІ стагоддзя”. Так што з’яўленне на самай цэнтральнай арт-пляцоўцы сталіцы менавіта гэтай выставы сёння, на хвалі зацікаўлення мінчукоў урбаністыкай, калі ў горадзе так шмат гавораць пра дух роднага Мінску і тое, як зрабіць жыццё ў ім прыгажэйшым і камфортнейшым, — заканамернасць.

Асаблівага шарму глобусаўскім пейзажам надае і тое, што гэта — мясціны і ракурсы гораду, пададзеныя як бы вачыма яго ўнука Валодзі, з якім мастак шпацыруе па родным горадзе па нядзелях, шукаючы тэмы для эцюдаў. Харэўскі адзначае Глобуса яшчэ і як аднаго з нешматлікіх віртуальных галерэйшчыкаў — карціны не застаюцца навечна ў студыі, а адразу скануюцца і вывешваюцца ў інтэрнэце — і заўважае яшчэ адну цікавую дэталь. Усе ракурсы, абрысы і колеры гораду вельмі добра перадаюць аблічча Мінска, якім мы яго добра ведаем. Калі меркаваць па каментарах, якія пакідае інтэрнэт-аўдыторыя, будынкі і ланшафт пазнаюць не толькі тыя, хто жыве ў беларускай сталіцы цяпер, але і эмігранты, якія даўно пакінулі радзіму — у іх серыя карцін пра Мінск выклікае настальгію.

Яшчэ адна цікавая рыса, якую адзначае Харэўскі, — гэта “пераадоленне Вільні”. На яго думку, на самым пачатку (у жывапіс пасля вялікага перапынку Глобус вярнуўся прыкладна 10 гадоў таму) мастак шукаў у Мінску падобнае з "беларускай Мекай". Яму падабалася, калі гледачы блыталі менскія і віленскія краявіды. Апошнім часам —  а выстава складаецца збольшага з прац 2014 года —  Глобусу цікава заўважаць адметныя, менавіта мінскія рысы. Гэтак на яго палотны трапляе ўвесь гэты “плюшавы індастрыял”: коміны ТЭЦ-2, карпусы хлебзаводаў і бровараў. Можна лёгка адрозніць дамы Паўночнага завулку, якія вось-вось знікнуць, і нават абрысы панельных мікрараёнаў і новых бізнэс-цэнтраў, якія толькі з’явіліся.

Нібы пацвярджаючы словы крытыка, Адам Глобус на адкрыцці прачытаў свой верш “Вільня і Мінск”, у якім параўноўвае два гарады, прызнаючыся ў любові да апошняга. А Дырэктар Нацмузею уладзімір Пракапцоў заўпэўніў публіку, што выстава “Мой родны Мінск…” — першая ластаўка доўгатэрміновага праекту, мэта якога — пазнаёміць наведнікаў музею з сучасным беларускім мастацтвам.

Каментаваць