Першы том дзённікаў і запісаў Рыгора Барадуліна: ад 8-класніка да народнага паэта

Да 80-годдзя Рыгора Барадуліна супольнымі высілкамі Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюза беларускіх пісьменнікаў пабачыла свет унікальнае выданне – першы том дзённікаў і запісаў народнага паэта Беларусі.



Акрамя запісаў з нататнікаў і дзённікаў перыяду 1951—1969 гадоў у кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых паэта.

Укладальніца «Дзённікаў» Наталля Давыдзенка, якой яшчэ пры жыцці Рыгор Іванавіч даверыў спарадкаваць яго запісы для перадачы на захаванне ў архіў, расказала, як апрацоўвала кожны нататнічак у пошуках унікальных словаў і мімалётных рыфмаў, з якіх потым нараджаліся папулярныя сёння вершы і паэмы. Праца Наталлі Давыдзенка ўжо ўвасобілася ў такіх выданнях, як «Вушацкі словазбор», кніга ліставання Рыгора Барадуліна з маці «Паслаў бы табе душу…» і іншых.  Але штуршком для стварэння «Дзённікаў і запісаў» стаў такі цікавы выпадак:

Аднойчы Рыгор Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна запрасілі мяне ў госці ва Ушачы, — кажа ўкладальніца кнігі. — Я прафесійным вокам пачала аглядаць усе нататнікі, кнігі і запісы Барадуліна, якія захоўваліся там. І сярод папер знайшла дзіцячы дзённік, які і распачынае новую кнігу! Гэтыя вельмі мілыя запісы рускамоўнага хлопчыка8-класніка. Калі чытаеш іх, складана ўявіць, што праз дзясяткі гадоў з яго вырасце народны паэт Беларусі.

Наталля Давыдзенка згадвае, што падчас працы (а збор нататак ішоў пад пільнай увагай самога Барадуліна) яны шмат смяяліся, а Рыгор Іванавіч часта сумняваўся, ці сапраўды камусьці гэта будзе цікава. А як жа іначай! «Дзённікі і запісы» — гэта і нататкі падлетка пра настаўніцу нямецкай мовы — «весьма умную добродушную старушку», адзнакі па беларускай мове — «раздавали диктовки по белорусскому языку. Получил 5.» А таксама ўспаміны пра паездкі ў Латвію, Узбекістан, Хакасію.

Выданне аздобленае падрабязнымі каментарамі, якія цудоўна ілюструюць і тлумачаць нам той час. Гэта ператварае «Дзённікі» ў цікавую крыніцу не толькі для аматараў творчасці Рыгора Барадуліна і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, але і для прафесійных гісторыкаў.

Прэзентацыя «Дзённікаў і запісаў» адбудзецца падчас вечарыны з нагоды юбілею Рыгора Барадуліна, якая адбудзецца 27 лютага ў Палацы мастацтваў.

Набыць першы выпуск «Дзённікаў і запісаў (1951—1969 гг.)» неўзабаве можна будзе ў наступных сталічных кнігарнях:

«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72); «Кнігарня логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А); «Кніжны салон» (вул. Калініна, 5); «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2); «Веды» (вул. К.Маркса, 36); «Светач» (пр-т Пераможцаў, 11); «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19); «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14); Кніжная выстава-кірмаш «Мир книг» (вул. Янкі Купалы, 27); «Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75)

І ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.

Кніга «Дзённікі і запісы (1951—1959)» выйшла намаганнямі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» («Людзі Беларусі»).

Звяртаем увагу! Да гадавіны смерці народнага паэта на магіле Рыгора Барадуліна ў родных Ушачах на Віцебшчыне плануецца паставіць помнік. ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» лічаць, што годна ўвекавечыць памяць — справа гонару ўсіх беларусаў, і звяртаюцца да кожнага, хто шануе памяць пра славутага беларускага песняра, выказаць яму сваю любоў і пашану, зрабіўшы свой унёсак на выраб і ўсталяванне помніка. Як далучыцца да годнай справы — чытайце ТУТ.

Паводле ГКК «Будзьма беларусамі!»

Каментаваць