Песенны марафон для вольных людзей

Фестывальны марафон у сталіцы 21 мая ў клубе «Re: Public» распачаў ў клубе «Re: Public» «Свабодны фэст», прысвечаны 60-годдзю першага выхада ў эфір беларускай службы Радыё «Свабода».



Паколькі арганізатары, услед за рэдакцыяй Радыё «Свабода», дэкларавалі свабодны падыход да прыкладаў творчага самавыяўлення беларускіх музыкантаў, то і зрабілі ўваход для слухачоў на «Свабодны фэст» у клуб RE:PUBLIC бясплатным. Маўляў, у пытання свабоды трэба быць паслядоўным.

Ужо даводзілася выказвацца адносна бясплатных музычных акцый, але ў гэтым выпадку задума арганізатараў аказалася пазітыўнай з пункту гледжання наведвання канцэрта і святочнага настрою слухачоў. Добрую справу зрабіў і ўдумлівы падбор выканаўцаў, якія былі заяўлены хэдлайнерамі гэтай музычнай імпрэзы.

Распачаць жа «Свабодны фэст» было даручана карэспандэнту Радыё «Свабода» Валеру Каліноўскаму, які распавёў пра гісторыю знакамітай радыёстацыі, пра аўтарскі калектыў рэдакцыі і праекты, над якімі працуюць сёння журналісты Радыё «Свабода». Тым часам на клубную сцэну выйшаў першы з заяўленых гуртоў — Петр Клюеў BAND. Свой сэт удзельнікі гэтай каманды распачалі джаз-рокавым каверам на песню гурта «УЛІС» «Радыё Свабода». Дарычы, гэты стары улісаўскі хіт стаў адным з лейтматываў фэста, прысвечанага 60-годдзю Радыё «Свабода».

Трэба адзначыць высокі выканаўчы ўзровень калектыва, у складзе якога легендарны бубнач гурта «Ляпіс Трудяцкой» Алряксандр Старажук. Гэтым разам музыканты Петр Клюеў BAND’а парадавалі слухачоў аўтарскімі кампазіцыямі як на вершы класікаў беларускай паэзіі, так і на ўласныя тэксты. Добра ўспрынялі слухачы, напрыклад, лірычную кампазіцыю «Пра мілую», у якой гарманічна спалучаліся каноны поп-музыкі, фанка і джаз-рока. Малазнаёмае маладым слухачам стылістычнае спалучэнне, але цікавае і рэдкае на нашай рок-сцэне.

Наступнае трыа, удзельнікі якога выйшлі на сцэну, мела назву «Leibonik», фронтмэнам якога выступіў знаны беларускі бард Сяргей Башлыкевіч. У рэпертуары гурта прысутнічаюць музычна-акустычныя эксперыменты, такія як кампазіцыя паганскага цыкла «Балван». Есць і ўдумлівыя, шчымлівыя балады, кшталту «На пахаванне Рыгора Барадуліна». Негледзячы на сур’ёзнасць тэм кампазіцый гурта «Leibonik», музыканты змаглі парадаваць слухачоў і дасціпным гумарам у музычным жарце, прысвечаным нядаўняй пераможцы «Еўрабачання» Канчыце Вурст — «Жанчына з барадой». А завяршыў сваё выступленне гурт «Leibonik» беларускамоўным каверам на адзін з хітоў сусветна вядомага спевака Фалько.

Гурт «Haina» — з’ява на беларускай рок-сцэне яшчэ не зусім знаёмая, хоць музыканты выйшлі са склада гурта «Абшар». Выканаўцы ў новым складзе змаглі прыцягнуць да сваёй творчасці пільную ўвагу. Бо слухачам ужо вядомыя кампазіцымі з іх першага ЕР «Мішэні», творы з якога і выканалі на фэсце музыканты гурта «Haina». Цікавы і іх інструментальны склад: акардэон, на якім грае лідар гурта Ілля Паплеўка, бубны і электрычная скрыпка. Такое спалучэнне дазваляе музыкантам выконваць складаныя аранжыроўкі, якія часам мяжуюць з сімфа-рокам і нават з медыевальнымі стылямі.

Больш простую і хітавую музыку прапанавалі тым, хто прыйшоў на «Свабодны фэст», удзельнікі гурта «Hurma». Адзначу стылёвасць гэтай маладой каманды і іх сучаснае гучанне, якое палягае недзе на мяжы брыт-попа, фанка і папулярнай музыкі MTV-фармата. Артыстызм і вакальная пластычнасць фронтмэна Мікіты Найдзёнава была добра прадэманстваравана пад час выканання такіх кампазіцый гурта, як «Давай на раз, два, тры», «Шукай», «Дзякуй», «Ты закаханая ў рэтра» і іншых. Выканаўчае майстэрства музыкантаў выклікала шмат апладысментаў прысутных на фэсце, прынамсі, дзявочай паловы.

Як старых знаёмых сустрэлі слухачы гурт «Recha» і яго нязменнага лідара Андруся Такінданга. І гэта не дзіва: іх кліп на песню «Горад» узяў прэміі на васьмі кліп-фэстах у Беларусі і за яе межамі і стаў хітом у інтэрнэце. Акрамя кампазіцыі «Горад», у гурта маецца шмат кампазіцый, у якіх адчуваецца сінтэз балканскіх найгрышаў з рытмамі рэгі, беларускага фальклору і афрыканскіх традыцый, якія смела спалучаюць музыкаты гурта «Recha». Таму і першыя песні Такінданга «Сацьяграха», «Музыкантам», «Гражына», і завярашальная — «Дапабачэння», сталі для слухачоў добрай падставай для ўсталявання выдатнага, пазітыўнага настрою перад сэтам галоўных хэдлайнераў «Свабоднага фэста» — легенды беларускай рок-музыкі, гурта «Крама».

Аматараў творчасці Ігара Варашкевіча і яго сяброў даўно ўжо турбала пытанне наконт новага альбома знанага гурта і яго стылістычнай скіраванасці. Трэба адзначыць, што музыканты не падвялі чаканні сваіх прыхільнікаў і прэзентавалі на фэсце амаль усе камазіцыі новага дыска гурта, які будзе мець назву па адной з кампазіцый — «Белая вада». З гэтай плыты прагучалі такія навінкі, як песня-прызнанне «Для сяброў», філасофскія развагі аўтара ў кампазіцыі «Шлях праз багну». Стала відавочна, што стылістычна гэты альбом будзе працягам папярэдніх прац калектыву. На ім будуць і шчырыя балады, і іранічныя сацыяльна-бытавыя замалёўкі ў стылі рок-н-рол і блюз-рок. Ну а для сваіх прыхільнікаў розных узростаў музыканты гурта «Крама» зрабілі сапраўдны падарунак у выглядзе сэта з галоўных хітоў гэтай каманды. Якасць музыкі і выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў гурта «Крама» не маглі не захапіць прысутных усіх узростаў, і дзякуючы гэтаму настрой слухачоў узняўся на самы высокі ўзровень. Гэты пазітыўны пасыл фэсту падтрымліваўся арганізатарамі, якія без перапынку праводзілі цікавыя конкурсы на веданне гісторыі і сённяшняга дня Радыё «Свабода».

Бадай толькі адна акалічнасць фестывальных падзей выклікала трывогу. У холе клуба RE:PUBLIC не было чуваць голаса Вітаўта Мартыненкі, які ўжо шмат гадоў на такіх канцэртах займаецца прапагандай дыскаў з беларускай рок-музыкі, бардаўскай песняй, фальклорам. Заўсёды месца, дзе Вітаўт распавядаў пра гісторыю стварэння сваіх кніг і беларускіх дыскаў, пераўтваралася ў своеасаблівы дыскусійны клуб. Тут можна было пачуць розныя меркаванні і думкі наконт перспектыў айчынных гуртоў і іх творчасці, выказаць сваю думку, пачуць важкія аргументы аўтарытэтнага эксперта.

На жаль, Вітаўта гэтым разам на звычным месцы не было: вядомы беларускі журналіст і паэт са скаладаным захворваннем трапіў у шпіталь. Пажадаем Вітаўту хутчэйшага выздараўлення і новых спраў на карысць беларускай культуры сучаснасці.

Абмеркаванне:

  • Шчынтьелоўскі Сапрон
  • 2014-05-26 21:13:34
Так, здараецца, што нехта і ў лякарні валяецца. Затое нага засталася цэлая і неўзабаве будзе скокаць, як раней. Мэдацына ў нас яшчэ ёсць, хоць культура раздаўлена чужацкай адукацыяй і прапагандай.

Каментаваць